АБСТРАКЦЫЯНІ́ЗМ,
творчы метад, паводле якога гал. задача маст. творчасці — выяўленне чыста суб’ектыўных эмоцый, падсвядомых імпульсаў, «ачышчаных ад рэальнасці» духоўных сутнасцяў. Філас. аснова абстракцыянізму яднае ў сабе паасобныя ідэі інтуітывізму, пазітывізму, суб’ектыўнага ідэалізму, махізму і інш. Эстэтычнае крэда абстракцыянізму выкладзена ў кнізе В.В.Кандзінскага «Аб духоўным у мастацтве» (1910), паводле якога для выяўлення прыгожага сучаснае мастацтва дае мастаку неабмежаваныя магчымасці — ад «чыстага рэалізму» да «чыстай абстракцыі». Найб. шырокае развіццё абстракцыянізм атрымаў у жывапісе, графіцы, архітэктуры, скульптуры, дэкар. мастацтве, а таксама ў дызайне, у афарміцельскім мастацтве, у тэатры, кіно, на тэлебачанні (гл. Абстрактнае мастацтва).
т. 1, с. 46
АБСТРУ́КЦЫЯ
(ад лац. abstructio перашкода, забарона),
від пратэсту, метад барацьбы, дзеянні, учынкі асоб ці калектываў, накіраваныя на зрыў якога-небудзь мерапрыемства, прапановы. Найб. пашырана ў парламентах — доўгія прамовы, якія не маюць дачынення да справы.
т. 1, с. 46
АБСТЭ́РНА,
возера ў Беларусі, у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята. Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 9,89 км². Даўж. 5,5 км, найб. глыб. 12 м. Пл. вадазбору каля 115 км².
Берагі пясчаныя. Дно складанай будовы, выслана пяском і сапрапелямі. Схілы пераважна высокія, укрытыя лесам, на У разараныя. Злучана ручаём з воз. Укля, пратокамі з азёрамі Важа і Набіста. У 1967 узровень яго штучна падняты на 1 м.
т. 1, с. 46
АБСТЭ́РНАЎСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁРАЎ,
у Беларусі, на мяжы Браслаўскага і Міёрскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, паміж адгор’ямі Браслаўскай марэннай грады і Полацкай азёрна-ледавіковай нізінай. Уключае 13 азёраў (агульная пл. 32 км²), злучаных сістэмай мелкаводных забалочаных праток; найб. Абстэрна, Укля, Набіста, Важа, Інава. Дрэніруюцца р. Хараброўка, якая пачынаецца з воз. Набіста, цячэ праз воз. Шчоўна, выцякае з яго пад назвай Вята. З У прымыкае гідралагічны заказнік Балота мох. Плацінай на Хараброўцы ўзровень вады азёраў падняты на 0,8—1 м з утварэннем адзінага воднага басейна. Прамысловае рыбалоўства. Турызм.
т. 1, с. 46
АБСУ́РД
(ад лац. absurdus недарэчны),
1) бязглуздзіца, бяссэнсавасць, недарэчнасць.
2) У матэматыцы і логіцы сцвярджэнне, якое не мае сэнсу ў межах дадзенай тэарэт. сістэмы, прынцыпова несумяшчальнае з ёй.
т. 1, с. 46
АБСУ́РДУ ДРА́МА,
плынь зах.-еўрап. авангардысцкай драматургіі і тэатра 1950—60-х г., дзе паняцце «абсурд» з’яўляецца асн. атрыбутам рэчаіснасці, якая ў выніку агульнага крызісу ідэалогіі постіндустрыяльнага грамадства часам траціць унутр. сэнс і становіцца ірацыянальнай. Тэрмін «абсурду драма» ўзнік пасля парыжскіх прэм’ер п’ес Э.Іанеска «Лысая спявачка» (1950) і С.Бекета «У чаканні Гадо» (1952). У іх выявіліся асн. рысы абсурду драмы: гратэскна-камічная дэманстрацыя бессэнсоўнасці формаў (у т. л. моўных), у якіх праходзіць паўсядзённае жыццё «сярэдняга» чалавека, а таксама метафарычная перадача яго шокавага стану, калі ён разумее, што вырвацца з гэтых жорсткіх ціскоў немагчыма.
т. 1, с. 46
АБСЦЫ́ЗАВАЯ КІСЛАТА́,
гармон раслін. Па хім. будове ізапрэноід. Рэгулюе працэсы завядання і ападання лісця (паскарае ўтварэнне аддзяляльнага слоя), тармозіць рост адрэзкаў сцяблоў і калеоптыляў. Біясінтэз абсцызавай кіслаты і гармонаў росту — гіберэлінаў — адбываецца ў раслінах з мевалонавай к-ты. Мяркуюць, што сістэма біясінтэзу абсцызавай кіслаты або гіберэлінаў рэгулюецца лішкам аднаго з гэтых прадуктаў. Прэпарат абсцызавая кіслата выкарыстоўваецца для вывучэння тармажэння працэсаў росту.
т. 1, с. 46
АБСЦЭ́С
(ад лац. abscessus нарыў),
мясцовае намнажэнне гною, якое суправаджаецца мясцовым распадам тканак і ўтварэннем у іх гнойнай поласці, абмежаванай абалонкай. Развіваецца пры пранікненні гнаяродных мікробаў у тканкі пры траўмах, а таксама пры ўздзеянні на тканкі некат. рэчываў (шкіпінару, кратонавага алею, сулемы і інш.). Мікробы з першапачатковага ачага могуць распаўсюджвацца па лімфатычных і крывяносных сасудах у суседнія тканкі і аддаленыя органы (скуру, лёгкія, печань, ныркі, галаўны мозг, мышцы і інш.) і выклікаць фарміраванне ў іх другасных абсцэсаў. Бывае востры, хранічны, паверхневы, халодны.
т. 1, с. 46
АБСЦЭ́СЫ МНО́ЖНЫЯ ў дзяцей, псеўдафурункулёз, хвароба, якая характарызуецца гнойным запаленнем экрынавых потавых залоз. Узбуджальнік — залацісты стафілакок. Узнікненню спрыяюць расшыраныя і ўкарочаныя вывадныя пратокі потавых залоз у грудных дзяцей. На скуры ў вусцях праток з’яўляюцца пустулы (як шпілечная галоўка), якія прарываюцца з утварэннем гнойнай скарынкі. Адначасова ўзнікаюць шматлікія вузельчыкі і вузлы (памерам ад гарошыны да яйца) чырвона-бардовага колеру, якія потым размнажаюцца і прарываюцца з вадкім гноем. Высыпанні бываюць прыступамі і суправаджаюцца агульнай слабасцю, ліхаманкай, паносам. Хвароба працяглая; пры загойванні застаюцца рубцы. Лечаць УФ-апрамяненнем, пераліваннямі крыві маці, ін’екцыямі пеніцыліну; абсцэсы ўскрываюць, прамываюць антысептыкамі.
т. 1, с. 47
АБС-ПЛА́СТЫК,
тэрмапластычны матэрыял з 2-фазнай структурай, супалімер акрыланітрылу, бутадыену і стыролу. Непразрысты, звычайна цёмнага колеру, t размякчэння 90—105°C, шчыльн. 1,08∙103 кг/м³. Растваральны ў араматычных і хлараваных вуглевадародах, вільгаце-, масла-, бензіна-, кіслота-, шчолачаўстойлівы; з высокімі мех. трываласцю, цепластойкасцю, жорсткасцю. Атрымліваюць радыкальнай палімерызацыяй стыролу з акрыланітрылам у прысутнасці каўчукавага латэксу. Канструкцыйны матэрыял для аўтамабіле-, машына-, прыладабудавання, тэкст. і харч. прам-сці, на выраб спарт. інвентару, мэблі; напаўняльнік некаторых палімераў.
т. 1, с. 44