Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБІ́ДА,

возера ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., бас. р. Югна, левага прытока Лукомкі. Гіл. 0,64 км². Даўж. 1,5 км, найб. шыр. 0,7 км, найб. глыб. 17 м. Пл. вадазбору каля 330 км². Схілы спадзістыя, параслі хмызняком. Злучана шырокай пратокай з воз. Сялява.

т. 1, с. 22

АБІ́ДАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «XVIII партз’езд». За 30 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Быхаў, 60 км ад Магілёва, З км ад Дняпра. 747 ж., 288 двароў (1994).

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 16 ст., у 1600 сяло ў складзе маёнтка Тайманава Рэчыцкага пав. З 1742 у т.зв. Быхаўскім графстве, з 1772 у Старабыхаўскім (Быхаўскім) пав. Рас. імперыі. У 1880 у Абідавічах 790 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Журавіцкім р-не, з 1935 у Доўскім (Журавіцкім), з 1956 у Быхаўскім р-не. У 1969 — 883 ж

Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання, гандлёвы цэнтр. За 3 км на ПдЗ гарадзішча зарубінецкай і калочынскай культур (2 ст. да н.э.—3 ст. н.э.).

т. 1, с. 22

А́БІДАС

(стараж.-грэч. Abidos),

цяпер г. Арабет-эль-Мадфунах, адзін з найб. гарадоў Стараж. Егіпта, дзе, паводле легенды, быў забіты і пахаваны бог Асірыс. Гісторыя Абідаса прасочваецца з сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. У эпоху Сярэдняга царства (каля 2050—каля 1700 да н.э.) стаў гал. цэнтрам культу Асірыса, у выніку чаго ўзнік звычай рабіць у Абідасе паломніцтва, хаваць там нябожчыкаў і ставіць памінальныя надпісы. Захаваліся рэшткі 2 храмаў, пабудаваных у гонар Асірыса фараонамі Сеці І (14 ст. да н.э.) і Рамсесам II (14—13 ст. да н.э.), а таксама кенатаф Сеці I.

Залатыя завушніцы Рамсеса II,знойдзеныя ў Абідасе.

т. 1, с. 22

АБІДЖА́Н

(Abidjan),

горад на Пд Кот-д’Івуар (да 1983 сталіца). Адм. ц. дэпартамента Абіджан. Засн. ў 1880—90. Каля 2 млн. ж. (1993, з прыгарадамі). Размешчаны на берагах і астравах лагуны Эбрые (Гвінейскі заліў). Міжнар. аэрапорт, гал. порт краіны. Пачатковы пункт чыгункі да г. Уагадугу (Буркіна-Фасо), вузел аўтадарог. Харчовая (рыбныя і садавінныя кансервы, сокі, піва, мука), тэкст., абутковая, швейная, дрэваапр., металаапр. (у т. л. аўта- і велазборачная), нафтаперапр., суднабуд. прам-сць. ЦЭС. Ун-т. Марская акадэмія навук. Нац. музей.

т. 1, с. 23

АБІ́ДЗЕНСКІЯ ЭМА́ЛІ,

бронзавыя ўпрыгожанні (падвескі-лунніцы, пацеркі) позняга этапу зарубінецкай культуры (2—5 ст.), аздобленыя выемчатымі эмалямі. Выраблялі, як мяркуюць, у ювелірнай майстэрні на паселішчы Адаменка (Быхаўскі р-н, урочышча Абідня). Трохвугольныя лунніцы (верхні вугал служыў вушкам) знізу завершаны круглымі гнёздамі для чырвонай эмалі (плаўленае рымскае шкло). Кожны вугал упрыгожваюць яшчэ тры выступы-дыскі. Пацеркі ў форме сплюшчаных выцягнутых паралелепіпедаў. Аналагічныя ўпрыгожанні знойдзены і на суседнім паселішчы Тайманава.

Літ.:

Поболь Л.Д. Славянские древности Белоруссии: (ранний этап зарубинецкой культуры). Мн., 1971.

Л.Д.Побаль, М.М.Яніцкая.

Да арт. Абідзенскія эмалі. Лунніца з чырвонай эмаллю 3—4 ст.

т. 1, с. 23

АБІСА́ЛЬ

(ад грэч. abyssos бяздонны),

абісальная зона, зона марскога дна, якая адпавядае ложу акіяна (3000—6000 м). Займае больш за 75% пл. дна акіяна. Характарызуецца адносна слабай рухомасцю вады, адсутнасцю сонечнага святла, пастаяннымі т-рай (блізкай да 0 °C ці ніжэй), салёнасцю (каля 35%), велізарным ціскам у 30—60 МПа (300—600 атм). Жывёльны свет збяднелы (жывёлы сляпыя ці з вял. вачыма, многія арганізмы свецяцца). Зона найб. акіянскіх глыбінь — ультраабісаль (6—11 тыс. м) прымеркавана да акіянскіх жалабоў уздоўж мацерыкоў ці астраўных дуг.

т. 1, с. 23

АБІСА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

асадкі, што намнажаюцца ў зоне абісалі мораў і акіянаў. Займаюць каля 90% пл. дна Сусв. акіяна. Абісальныя адклады — арганагенныя мулы са шкілетных частак планктонных арганізмаў (глабігерынаў, дыятамей, радыялярый, фарамініфер і інш.), найдрабнейшых тэрыгенных часцінак, вулканічнага попелу, чырвоных глыбакаводных глін з уключэннямі жалеза-марганцавых канкрэцый і інш.

т. 1, с. 23

АБІСА́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ,

глыбакаводныя плоскія ці ўзгорыстыя раўніны акіянскіх катлавін і ўпадзін ускраінных мораў. Плоскія абісальныя раўніны ўкрыты рыхлымі адкладамі; найб. пашыраны ў Атлантычным акіяне. Узгорыстыя маюць расчлянёны рэльеф, іх паверхня спалучае ўзгоркі, грады, лагчыны, асобныя горы, найб. іх у Ціхім і Індыйскім, менш у Атлантычным акіянах.

т. 1, с. 23

АБІСІ́НІЯ,

старажытная неафіцыйная назва Эфіопіі. Паходзіць ад араб. Слова «аль-хабаша», якім называлі гэту краіну ў стараж. часы арабы.

т. 1, с. 23

АБІСІ́НСКАЕ НАГО́Р’Е,

гл. Эфіопскае нагор’е.

т. 1, с. 23