Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБЛАВУ́ХА бел. мужчынскі галаўны ўбор, зімовая шапка-вушанка з аўчыны або заечага, лісінага, вавёрчынага ці трусінага футра, пацягнутая зверху сукном. Да асновы яе прышывалі 4 крылы (вушы), пярэдняе і задняе падымалі і звязвалі зверху, бакавыя апускалі ці падвязвалі пад падбародкам. Насілі да пач. 20 ст.

т. 1, с. 24

АБЛАКЦІРО́ЎКА

[ад лац. ab ад + lac (lactis) малако],

спосаб прышчэплівання, пры якім 2 парасткі злучаюцца без аддзялення іх ад мацярынскіх раслін. Праводзіцца ў перыяд вегетацыі кустоў, лепш з мая да пачатку выспявання парасткаў. Пасля поўнага зрошчвання прышчэпак аддзяляецца ад мацярынскай расліны, застаючыся на прышчэпе. Адзін з асн. спосабаў размнажэння культ. сартоў у пладова-ягадных гадавальніках.

т. 1, с. 25

АБЛА́М,

забарол, невысокая (каля 1,5 м) надбудова над абарончымі сценамі і вежамі драўляных замкаў Беларусі ў 16—17 ст. Служыў пагрудным прыкрыццём для абаронцаў. Меў выгляд верт. сценкі з 3—7 вянкоў, якая апіралася на кансольныя выпускі бэлек гарадзен, тарасаў і вежаў і выступала за сцены ніжніх ярусаў. Па бэльках насцілаўся верхні баявы мост з падсябіццямі. Прарэзаны байніцамі аблам часам завяршаўся дахам і ствараў крытую баявую галерэю, напр., у Віцебскіх замках.

т. 1, с. 25

АБЛАМЕ́ЙКА Сяргей Уладзіміравіч

(н. 24.9.1956, г.п. Воранава Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1992). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі, адначасова з 1987 у БДУ. Навук. працы па штучным інтэлекце, апрацоўцы відарысаў і распазнаванні вобразаў, сістэмах машыннага зроку.

Тв.:

Обработка и отображение информации в растровых графических системах. Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 1, с. 25

АБЛАСНЫ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну, кіруючыя парт. органы на тэр. Беларусі, акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала 10 абласных падпольных камітэтаў: Гомельскі, Мінскі (з 1941), Віцебскі, Пінскі (з 1942), Баранавіцкі, Беластоцкі, Брэсцкі, Вілейскі, Магілёўскі і Палескі (з 1943). Узначальвалі дзейнасць падп. 11 міжрайкомаў, 6 міжрайпартцэнтраў, 8 гаркомаў, 2 гаркомаў-райкомаў, 166 райкомаў КП(б)Б (у т. л. 5 райкомаў г. Мінска), якія аб’ядноўвалі больш за 1200 пярвічных парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях і 184 тэр. падп. парт. арг-цыі, больш за 35 тыс. камуністаў. Дыслацыраваліся ў зонах буйных партыз. фарміраванняў. Мелі друкаваныя органы (гл. ў арт. Друк падпольны).

т. 1, с. 25

АБЛАСНЫ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ ЛКСМБ у Вялікую Айчынную вайну, кіруючыя камсамольскія органы на тэр. Беларусі, акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала 10 абласных падпольных камітэтаў: Гомельскі, Пінскі (з 1941), Віцебскі, Магілёўскі (з 1942), Баранавіцкі, Беластоцкі, Брэсцкі, Вілейскі, Мінскі, Палескі (з 1943). Накіроўвалі дзейнасць падп. 6 міжрайкомаў, 5 міжрайцэнтраў, 13 гаркомаў, Лідскага гаркома-райкома, 189 райкомаў ЛКСМБ, якія аб’ядноўвалі больш за 2500 пярвічных арг-цый у партыз. фарміраваннях, каля 3 тыс. падп. камсамольскіх і 335 маладзёжных антыфаш. арг-цый, амаль 80 тыс. камсамольцаў-партызан і больш за 20 тыс. камсамольцаў-падпольшчыкаў. Некат. абкомы мелі друкаваныя органы (гл. ў арт. Друк падпольны).

т. 1, с. 25

АБЛАСНЫ́Я ПРЫВІЛЕ́І,

заканадаўчыя акты ВКЛ, якія юрыдычна замацоўвалі аўтаномныя правы некат. зямель (княстваў, ваяводстваў, паветаў). Даваліся вял. князем ВКЛ. Грунтаваліся на мясц. звычаёвым праве, а таксама выпрацоўваліся адм. і судовай практыкай. Найб. вядомыя абласныя прывілеі: Віцебскія 1503, 1509, 1561; Полацкія 1511, 1547, 1580, 1634, 1699; Смаленскі 1505; Кіеўскія 1507, 1529; Валынскія 1501, 1509, 1547; Бельскія 1501, 1547; Драгічынскія 1511, 1547; Мсціслаўскі 1551.

Найб. тыповыя абласныя прывілеі — Віцебскі 1503 і Полацкі 1511. У іх замацаваны старадаўняе абавязацельства вял. князя не ўмешвацца ў царк. справы палачан і віцяблян, гарантаваны іх маёмасныя і асабістыя правы. Ваяводы ў Полацк і Віцебск павінны былі прызначацца толькі са згоды мясц. насельніцтва. Судзіць палачаніна можна было толькі ў Полацку паводле полацкага права. За баярамі і мяшчанамі гэтых зямель прызнавалася права свабоднага выезду за мяжу.

Літ.:

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

І.А.Юхо.

т. 1, с. 25

АБЛАСНЫ́ ВЫКАНА́ЎЧЫ КАМІТЭ́Т САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ, САЛДА́ЦКІХ І СЯЛЯ́НСКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ І ФРО́НТУ,

Аблвыкамзах, першы вышэйшы заканадаўчы (паміж з’ездамі Саветаў) орган сав. улады ў Заходняй вобласці і на Зах. фронце. Дзейнічаў з 26.11(9.12).1917 да 2.1.1919 у Мінску (з 19.2.1918 — у Смаленску). Створаны ў выніку зліцця выканкомаў абласнога Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. і Франтавога к-та Зах. фронту; уключаны і 17 прадстаўнікоў прафсаюзаў. Узначальваў ваенна-паліт. і гасп. жыццё Зах. вобласці і фронту. Складаўся з 15 камісарыятаў (аддзелаў). Прэзідыум: старшыня М.У.Рагазінскі, з 30.1.1918 А.Ф.Мяснікоў; таварышы старшыні М.І.Крывашэін, П.Казлоў; сакратары І.Я.Алібегаў, Гарашчук, П.Осіпаў. Для каардынацыі дзейнасці камісарыятаў і вырашэння найб. важных пытанняў створаны Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Друк. органы — газ. «Советская правда», «Западная коммуна». Ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.

Літ.:

Нестеренко Е.Н., Осмоловский В.П. Советы Белоруссии, окт. 1917 — янв. 1919 г. Мн., 1989.

т. 1, с. 25

АБЛАСНЫ́ СЛО́ЎНІК,

тое, што дыялектны слоўнік.

т. 1, с. 25

АБЛАСНЫ́ СУД на Беларусі, судовы орган, які дзейнічае на тэр. вобласці ў якасці першай, касацыйнай і нагляднай інстанцый. Складаецца са старшыні, яго намеснікаў і членаў суда, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Мае суд. калегіі па цывільных і крымін. справах і прэзідыум. Як суд 1-й інстанцыі разглядае цывільныя і крымін. справы, аднесеныя законам да яго вядзення, як касацыйная інстанцыя — справы па скаргах і пратэстах на рашэнні, прыгаворы і вызначэнні нар. судоў, якія не набылі законнай сілы. Прэзідыум абласнога суда разглядае ў парадку нагляду справы па пратэстах на рашэнні, прыгаворы, вызначэнні нар. судоў, пастановы нар. суддзяў, якія набылі законную сілу, на касацыйныя вызначэнні калегій абласнога суда, а таксама справы па новаадкрытых акалічнасцях. Паўнамоцтвамі абласнога суда валодае і Мінскі гар. суд.

І.І.Пацяружа.

т. 1, с. 25