АБПА́Л,
тэрмічная апрацоўка матэрыялаў з мэтай надання ім неабходных уласцівасцяў ці для ачышчэння ад дамешкаў. Уключае награванне да пэўнай т-ры, вытрымку і ахаладжэнне да пакаёвай т-ры. Суправаджаецца рэакцыямі раскладання (пры апрацоўцы прыроднай сыравіны), акіслення або аднаўлення (пры выгаранні дамешкаў, узаемадзеянні з вугляродам, вадародам ці кіслародам), мінералаўтварэння; фазавымі пераўтварэннямі (частковае плаўленне матэрыялаў, выпарэнне і інш.). Робіцца ў абпальвальных печах у акісляльна-аднаўляльным або нейтральным газавым і цвёрдым асяроддзях, а таксама ў вакууме. Руды і рудныя канцэнтраты абпальваюць перад іх абагачэннем, кавалкаваннем, плаўкай для змены іх фіз. і хім. уласцівасцяў. Сыравіну для буд., вяжучых матэрыялаў (гліна, вапняк, цэментная шыхта), вогнетрывалую цэглу, фарфоравыя і фаянсавыя паўфабрыкаты абпальваюць для атрымання вырабаў пэўнай формы і памераў з неабходнымі ўласцівасцямі, эмалі і фарбы — для нанясення пакрыццяў з ахоўнымі і мастацка-дэкаратыўнымі мэтамі.
т. 1, с. 32
АБПА́ЛЬВАЛЬНАЯ ПЕЧ,
печ для абпалу розных матэрыялаў. Абпальвальная печ з т-рай рабочай зоны 700—1300 °C паводле канструкцыі бываюць шахтавыя, шматподавыя, трубчастыя, вярчальныя. Прызначаныя для абпалу вогнетрывалай гліны, вапняку, даламіту, цэментнай шыхты, метал. рудаў. Камерныя, кальцавыя, тунэльныя, канвеерныя абпальвальныя печы з т-рай вышэй за 1000 °C выкарыстоўваюцца для абпалу вогнетрывалай цэглы, фарфоравых і фаянсавых вырабаў, эмаляў і фарбаў на посудзе, дэталях машын і апаратаў.
т. 1, с. 33