АБЯЗБО́ЛЬВАННЕ,
штучнае адключэнне ўспрымання болю пры хірург. аперацыях, інш. лячэбных і дыягнастычных працэдурах, траўмах і некаторых захворваннях. Пастаяннае абязбольванне практыкуецца пры нясцерпных працяглых болях, пакутах (напр., у анкалагічнай практыцы). Часовае абязбольванне з’яўляецца звычайнай працэдурай у лячэбнай, асабліва хірург., практыцы; ажыццяўляецца без парушэння свядомасці (мясцовае абязбольванне, або мясцовая анестэзія), а таксама з яе парушэннем (агульнае абязбольванне, або наркоз). Сродкі і метады абязбольвання розныя, прадугледжваюць выкарыстанне хім. (наркотыкі і інш. анестэзіруючыя прэпараты), фіз. (электраток, холад) і нейрапсіхічных (штучная блакада або хірург. адключэнне пэўных участкаў нерв. Сістэмы, гіпнатычнае ўздзеянне) фактараў. Ад правільнасці іх выбару залежыць зыход цяжкіх хірург. аперацый (памылкі ў выбары могуць прывесці да пасляаперацыйнага шоку). Вывучэннем праблем абязбольвання займаецца анестэзіялогія.
І.І.Канус.
т. 1, с. 57