АБТУРА́ТАР
(франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),
1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.
2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.
т. 1, с. 47
АБТУРА́ЦЫЯ,
герметызацыя канала ствала пры выстрале для прадухілення прарыву парахавых газаў. Забяспечвае дальнабойнасць і бяспечнасць стральбы. У зброі з патронным зараджаннем абтурацыя дасягаецца выкарыстаннем латуннай гільзы, якая расшыраецца пры выстрале і забяспечвае герметызацыю ствала з боку затвора. У артыл. гарматах з бязгільзавым зараджаннем абтурацыя ажыццяўляецца з дапамогай абтуратара. Прарыву газаў у бок руху снарада перашкаджаюць вядучыя паяскі снарадаў і абалонкі куль, у мінамётах — канаўкі на цыліндрычнай частцы міны.
т. 1, с. 47
А́НГЛА-БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА (АБТ). Заснавана ў 1954 у Лондане членамі Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, дзеячамі бел. эміграцыі і англ. навукоўцамі-беларусістамі для пашырэння ведаў пра Беларусь сярод англічан. Разам з Беларускай бібліятэкай і музеем імя Францішка Скарыны ў Лондане з’яўляецца цэнтрам бел. навук.-культ. жыцця ў Англіі. У 1965—88 выпускала «The Journal of Byelorussian studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў»), у якім славісты ЗША, Ізраіля, Германіі, Англіі, Польшчы друкавалі артыкулы па гісторыі, палітыцы, культ. праблемах жыцця бел. народа. З 1966 АБТ арганізуе штогадовыя курсы лекцый па гісторыі л-ры і культуры Беларусі. Супрацоўнічае з Асацыяцыяй славістаў ун-таў Вялікабрытаніі, Брыт. Нац. Асацыяцыяй усх.-еўрап. даследаванняў, удзельнічае ў міжнар. канферэнцыях і кангрэсах славістаў. Выдала кн. апавяданняў С.Яновіча (1974), «Беларускую граматыку» П.Мэё (1976, на англ. мове), зб. вершаў М.Багдановіча, А.Гаруна, З.Бядулі (1983, на бел. і англ. мовах). Прэзідэнты АБТ: Л.Гарлех (1965—73), А.Макмілін (з 1974), старшыні: О.Герберт (1965—73), Д.Джоліф (1974—80), Дж.Дзінглі (з 1981).
А.С.Ляднёва.
т. 1, с. 345