АБЭВІ́ЛЬ
(франц. Abbeville),
абэвільская культура, археалагічная культура ранняга (ніжняга) палеаліту ў Еўропе. Назва ад г. Абвіль (Францыя, даліна р. Сома), дзе ў 19 ст. знойдзены найб. тыповыя для яе прылады — ручныя масіўныя (даўж. да 10—20 см) груба адбітыя рубілы міндалепадобнай, авальнай ці коп’епадобнай формы; выкарыстоўваліся і адшчэпы. Верагодна, датуецца часам гюнцміндэльскага міжледавікоўя і міндэльскага зледзянення (каля 700 — 400 тыс. г. таму назад). Большасць сучасных даследчыкаў разглядаюць абэвіль як пачатковы этап эпохі ашэль. У л-ры трапляецца і ўстарэлая назва абэвіль — шэльская культура, ці шэль.
т. 1, с. 54
АБЭ́РАК
(польск. oberek ад obrót абарот, вярчэнне),
польскі нар. парны танец. Муз. памер трохдольны, тэмп хуткі. Асн. харэатэхнічны элемент — вярчэнне. Выконваецца ў суправаджэнні інстр. музыкі і жартоўных прыпевак. Зафіксаваны ў 2-й пал. 19 ст. О.Кольбергам і М.Федароўскім як «шляхетны» танец, пашыраны ў вясковым побыце зах. Беларусі Найгрышы да абэрка захоўваюцца ў рэпертуары нар. музыкантаў амаль на ўсёй тэр. рэспублікі.
т. 1, с. 54
АБЭЦЭДА́РСКІ
(Абецадарскі) Лаўрэнцій Сямёнавіч (12.7.1916, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 6.7.1975),
бел. гісторык. Д-р гіст. н., праф. (1966). Чл.-кар. АПН СССР (1968). Скончыў БДУ (1946), працаваў там выкладчыкам, заг. кафедры гісторыі СССР (1950—58), гісторыі БССР (з 1958). Вывучаў рус.-бел. адносіны ў 2-й пал. 16—17 ст., нац.-вызв. і антыфеад. барацьбу нар. мас Беларусі ў 17 ст. Пачатковы перыяд гісторыі Беларусі разглядаў як агульны этап гісторыі старажытнай Русі, асобныя факты і падзеі ацэньваў з вульгарна-сацыялагічных пазіцый. Сабраў вялікі матэрыял пра перасяленне беларусаў у Маскву і Замаскварэцкі край у 2-й пал. 17 ст., якое не заўсёды абгрунтавана лічыў добраахвотным. Звярнуў увагу на значны бел. элемент у развіцці культуры Масквы ў 2-й пал. 17 ст. Прыхільнік унітарнай канцэпцыі аб’яднання ўсходнеславянскіх народаў вакол Масквы і Маскоўскай дзяржавы. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1—2, 1954—61; т. 1—5, 1972—75).
Тв.:
Белорусы в Москве XVII в.: Из истории рус.-бел. связей. Мн., 1957;
Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978.
т. 1, с. 54
А́БЭ КО́БА
(сапр. Кіміфуса; н. 7.3.1924, Токіо),
японскі пісьменнік. Вядомасць Абэ Коба прынеслі раманы-прытчы «Жанчына ў пяску» (1962), «Чужы твар» (1964), «Спаленая карта» (1967), «Чалавек-скрынка» (1973), «Тайнае спатканне» (1977), «Каўчэг «Сакура» (1984) і інш., гратэскава-фантаст. п’есы «Паляванне на рабоў» (1955), «Прывіды сярод нас» (1958), «Сказанне пра веліканаў» (1960), «Крэпасць» (1962), «Мужчына, які ператварыўся ў дубінку» (1969) і інш. У цэнтры твораў Абэ Коба маральна-філас. праблемы, трагедыя адзіноцтва ў сучасным свеце, працэс адчужэння асобы, матывы безвыходнасці. Аўтар аповесці «Сцяна. Злачынства S. Карума» (1951; літ. прэмія Акутагавы).
Тв.:
Бел. Пер. — Жанчына ў пяску;
Чужы твар. Мн., 1986;
рус. пер. — Избранное. М., 1988.
т. 1, с. 54