Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБДАЛА́Х ІБН АЛЬ-САІ́Д МУХА́МЕД Халіфа

(1846 — ліст. 1899),

правіцель незалежнай суданскай дзяржавы [1885—вер. 1898] пасля смерці Махдзі. Ліквідаваў сепаратызм правадыроў плямёнаў, умацаваў дзяржаву махдзістаў, стварыў моцную армію. Узначаліў супраціўленне суданцаў англ. каланізатарам у 1896—98. Пасля перамогі англічан пры Амдурмане (вер. 1898) кіраўнік партыз. барацьбы. Забіты ў баі.

т. 1, с. 18

АБДАРАХМА́Н I

(каля 734—788),

заснавальнік Кардоўскага эмірата ў Іспаніі і дынастыі Амеядаў. З-за ганенняў Абасідаў у 750 уцёк з Сірыі ў Іспанію, дзе ў 756 стварыў незалежны эмірат са сталіцай у Кордаве. Праводзіў палітыку цэнтралізацыі, паспяхова змагаўся з араба-берберскай плем. знаццю. Адбіў нападзенні хрысц. правіцеляў Паўн. Іспаніі і франкаў Карла Вялікага.

т. 1, с. 18

АБДАРАХМА́Н II

(792—852),

эмір Кардоўскага эмірата [822—852]. Праўнук Абдарахмана І. Спрыяў развіццю навук і мастацтва, выдаткоўваў вял. сродкі на буд-ва палацаў і мячэцяў, што прывяло да ўзмацнення падатковага прыгнёту. Вызначаўся верацярпімасцю. Устанавіў дыпламат. і гандл. адносіны з Візантыяй.

т. 1, с. 18

АБДАРАХМА́Н III ан-Насір

(Перамаганосны; 7.1.891—961),

эмір (з 912), халіф (з 929) Кардоўскага эмірата. У выніку 30-гадовай барацьбы з мясц. феадаламі і плямёнамі аднавіў адзінства эмірата, які распаўся пры яго папярэдніках. Падначаліў Сеуту (Марока), Таледа (Іспанія); яму плацілі даніну Леон і Навара. Устанавіў дыпламат. адносіны з Візантыяй і Атонам І у Германіі. Стварыў мацнейшы на Міжземным моры флот. Сфарміраваў гвардыю з еўрап. (пераважна славянскіх) рабоў. Спрыяў развіццю навук і мастацтва. Яго праўленне — вяршыня магутнасці кардоўскіх Амеядаў.

т. 1, с. 18

АБДРАШЫ́ТАЎ Вадзім Юсупавіч

(н. 19.1.1945, г. Алматы),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1992). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1974). Фільмам Абдрашытава ўласцівы фабульная пэўнасць, стрыманасць і камерныя інтанацыі, кантрастныя паралелі: «Слова для абароны», «Спыніўся поезд» (Дзярж. прэмія Расіі 1984), «Парад планет», «Слуга» (Дзярж. прэмія СССР 1991) і інш.

т. 1, с. 18

АБДУ́КЦЫЯ,

перанос акіянічнай кары і мантыі на ўскраіну кантынента. У выніку абдукцыі цяжкія блокі акіянскай літасферы нагрувашчваюцца на менш шчыльную кантынентальную кару, утвараючы афіялітавыя комплексы (гл. Афіяліты). Пашыраны ў знешніх частках складкавых абласцей Апалачаў, Альпаў, Гімалаеў, Андаў і інш.

т. 1, с. 18

АБДУЛА́ЕЎ Абдулхак Аксакалавіч

(н. 30.12.1918, г. Туркестан Чымкенцкай вобл., Казахстан),

узбекскі жывапісец. Нар. мастак Узбекістана (1968). Вучыўся ў Самаркандскім маст. тэхнікуме (1931—36), Маскоўскім маст. ін-це (1938—41). Аўтар нац. па каларыце партрэтаў паэта і мысліцеля А.Наваі, пісьменнікаў Айбека, І.Рахіма, К.Яшэна, «Аўтапартрэта ў кіргізскай шапцы» і інш.

т. 1, с. 18

АБДУЛА́ЕЎ Мікаіл Гусейн аглы

(н. 19.12.1921, Баку),

азербайджанскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1949), вучыўся ў С.В.Герасімава і У.А.Фаворскага. У творчасці пераважаюць лірычныя тэмы: «Вечар», «Агні Мінгечаура», «Стогадовы рэзчык А.Бабаеў», «Індыйская серыя», серыі малюнкаў «За ракой Аракс»; іл. да паэмы М.Фізулі «Лейлі і Меджнун». Аўтар мазаічнага пано «Нізамі» ў Бакінскім метрапалітэне.

т. 1, с. 18

АБДУ́ЛАЎ Восіп Навумавіч

(16.11.1900—14.6.1953),

рус. акцёр. Нар. арт. Расіі (1944). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1943 у Маскоўскім т-ры імя Массавета. Яркі характарны акцёр. Яго мастацтву ўласцівы віртуозная тэхніка, камедыйнасць і тонкі гумар. Сярод лепшых роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Дзядзька Васа («Пані міністэрша» Б.Нушыча) і інш. Здымаўся ў кіно: Джон Сільвер («Востраў скарбаў»), Грэк Дымба («Вяселле» паводле А.Чэхава). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 1, с. 18

АБДУЛА́-ХАН II Ібн Іскандэр

(каля 1534—1598),

узбекскі хан [1583—98] з дынастыі Шайбанідаў, пры якім дзяржава дасягнула найб. магутнасці. У 1557 захапіў Бухару і зрабіў яе сталіцай Шайбанідаў дзяржавы, далучыў Ташкент, тэр. на Пн ад Сырдар’і, Балх, Фергану, Харэзм і інш. Правёў заканад. і адм. рэформы, падтрымліваў развіццё рамёстваў і гандлю, архітэктуры і л-ры.

т. 1, с. 18