Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБВАДНЕ́ННЕ,

сукупнасць гідратэхнічных мерапрыемстваў па забеспячэнні вадой бязводных і малаводных раёнаў. Ажыццяўляецца праз асваенне мясц. рэсурсаў вады, перакідкай яе па каналах і трубаправодах, буд-вам рэзервовых вадаёмаў і інш. Абвадненне развіта ў Сярэдняй Азіі, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі і інш. На тэр. Беларусі абвадненне выкарыстоўваюць на дажджаванне сельгасугоддзяў, патрэбы прамысл. і камунальнай гаспадаркі, супрацьпажарныя мэты. Комплексна выкарыстоўваюць вадасховішчы Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае і інш.

т. 1, с. 17

АБВА́Л,

раптоўны адрыў і падзенне вял. масаў горных парод са стромкіх схілаў гор, рачных далін, абразійных марскіх берагоў. Здараюцца ад страты счаплення ці часовай апоры горных парод у выніку іх выветрывання, падмывання ці размыву, сейсмічных штуршкоў. Абрынутыя масы акумулююць як завал. У выніку буйнейшага Усойскага абвалу на р. Мургаб (аб’ём пароды 2,2 млрд. м³) утварылася Сарэзскае возера на Паміры (1911).

т. 1, с. 17

АБВАЛАВА́ННЕ,

сістэма загараджальных земляных валоў і дамбаў уздоўж берагоў рэк, вадасховішчаў, марскіх узбярэжжаў і інш. Ахоўвае тэр. ад затаплення ў час разводдзя, паводкі, ветравых нагонаў вады, прыліваў. Робяць і для забеспячэння ўстойлівага земляробства на поймавых землях, пры буд-ве польдэраў. На Бел. Палессі маштабныя работы па абвалаванні праведзены ў пойме Прыпяці.

т. 1, с. 17

А́БВЕР

(ням. Abwehr),

орган ваен. разведкі і контрразведкі Германіі ў 1919—44. У 1935—44 абвер узначальваў адм. Ф.В.Канарыс. У 1944 у складзе Гал. ўпраўлення імперскай бяспекі, падпарадкаванага Г.Гімлеру. У Вял. Айч. вайну на акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 4 развед., 3 дыверсійна-тэрарыст. і 9 контрразвед. груп абверу, спец. аператыўная група «Мінск», а таксама асобныя падраздзяленні развед. і контрразвед. органаў А. «Зондэрштаб-Р», «Інгвар», «Цэпелін».

т. 1, с. 17

АБВІНАВА́ЎЧАЕ ЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,

працэсуальны дакумент, у якім выкладзена і абгрунтавана рашэнне следчага (або асобы, якая праводзіла дазнанне) аб фармулёўцы абвінавачання асобы, прыцягнутай да крымін. адказнасці. У ім падсумоўваюцца вынікі папярэдняга следства па справе, робіцца вывад пра ўчыненне злачынства пэўнай асобай, пра дастатковасць падстаў для суд. разгляду справы. Складаецца з апісальнай і рэзалютыўнай частак. У апісальнай частцы выкладаецца сутнасць справы, у рэзалютыўнай змяшчаюцца звесткі пра абвінавачанага (абвінавачаных) і фармулёўка прад’яўленага абвінавачання са спасылкай на адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Следчы падпісвае абвінаваўчае заключэнне і разам са справай перадае пракурору, які зацвярджае абвінаваўчае заключэнне і накіроўвае справу ў суд ці вяртае яе для дадатковага следства або спыняе справу. Абвінаваўчае заключэнне ўручаецца абвінавачанаму не пазней як за 3 сут. да суд. разгляду, што дае яму магчымасць азнаёміцца з доказамі і падрыхтавацца да абароны.

І.І.Пацяружа.

т. 1, с. 17

АБВІНАВА́ЧАННЕ ў праве, 1) працэсуальная дзейнасць упаўнаважаных законам органаў ці службовых асоб, якая заключаецца ў даказванні віны асобы, што прыцягваецца да крымін. адказнасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае 3 віды абвінавачвання: дзярж. (падтрымлівае пракурор), грамадскае (падтрымлівае ўпаўнаважаны прадстаўнік грамадскай арг-цыі ці прац. калектыву) і прыватнае (падтрымлівае пацярпелы або яго прадстаўнік — адвакат).

2) Змест абвінаваўчага тэзіса, сфармуляванага ў пастанове аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага, а таксама ў абвінаваўчым заключэнні, выступленні абвінаваўцы ў судзе, у абвінаваўчым прыгаворы суда.

І.І.Пацяружа.

т. 1, с. 17

АБВІНАВА́ЧАНЫ,

асоба, прыцягнутая да крымін. адказнасці ва ўстаноўленым законам парадку. Умовай прыцягнення асобы ў якасці абвінавачанага з’яўляецца наяўнасць дастатковых доказаў пра ўчыненне ёю злачынства. Прававое становішча абвінавачанага (працэсуальныя гарантыі, права на абарону і інш.) вызначаецца законам. Абвінавачаны, аддадзены пад суд, наз. падсудным.

т. 1, с. 17

АБВО́ЙНІК

(Periploca),

род кустоў сям. ластаўневых. Вядома каля 15 відаў, пашыраны ў Міжземнамор’і, трапічнай Афрыцы, ва ўмераных і субтрапічных паясах Азіі; на Каўказе расце абвойнік грэчаскі (P. graeca), на Д.Усходзе абвойнік тынавы (P. sepium).

Ліяны выш. да 12 м. Кветкі буйныя, да 3 см у дыяметры, зеленавата-бурыя, з цяжкім пахам. Плады — лістоўкі са шматлікім плоскім насеннем. Вырошчваюць як лек. і дэкар. расліны.

т. 1, с. 17

АБВЯШЧЭ́ННЕ ВАЙНЫ́,

папярэдняе матываванае паведамленне адной дзяржавы аб ваен. дзеяннях супраць другой дзяржавы. Рэгулюецца 3-й Гаагскай канвенцыяй 1907, паводле якой вайна не павінна пачынацца без папярэджання, неабходнага для мірных перагавораў канфліктуючых дзяржаў і інфармавання нейтральных дзяржаў. Абвяшчэнне вайны з’яўляецца кампетэнцыяй вышэйшых органаў улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гэта права належыць Вярх. Савету. Існуючае міжнар. права, зыходзячы з прынцыпу неўжывання сілы і пагрозы сілай, кваліфікуе любы ваен. напад як агрэсію, міжнар. злачынства. Выкарыстанне ўзбр. сіл дапускаецца толькі як мера ў адказ супраць агрэсара.

Л.В.Паўлава.

т. 1, с. 17

АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,

паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.

т. 1, с. 18