АБСЦЭ́С

(ад лац. abscessus нарыў),

мясцовае намнажэнне гною, якое суправаджаецца мясцовым распадам тканак і ўтварэннем у іх гнойнай поласці, абмежаванай абалонкай. Развіваецца пры пранікненні гнаяродных мікробаў у тканкі пры траўмах, а таксама пры ўздзеянні на тканкі некат. рэчываў (шкіпінару, кратонавага алею, сулемы і інш.). Мікробы з першапачатковага ачага могуць распаўсюджвацца па лімфатычных і крывяносных сасудах у суседнія тканкі і аддаленыя органы (скуру, лёгкія, печань, ныркі, галаўны мозг, мышцы і інш.) і выклікаць фарміраванне ў іх другасных абсцэсаў. Бывае востры, хранічны, паверхневы, халодны.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)