АБРА́МАЎ Кузьма Рыгоравіч
(н. 12.11.1914, с. Старыя Найманы Вялікаберазнякоўскага р-на, Мардовія),
мардоўскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Мардовіі (1964). Аўтар рамана-трылогіі «Найман» (1957—64; пра жыццё мардоўскай вёскі 1920—50-х г.), раманаў «Свая ноша не цягне» (1967), «Сцяпан Эрзя» (1977, біягр.), «Дзяўчына з вёскі» (1980), зб-каў апавяданняў.
т. 1, с. 37
АБРА́МАЎ Максім Паўлавіч
(17.1.1911, в. Хухарава Вялікаігнатаўскага р-на, Мардовія — 30.6.1973),
акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1930 у т-рах Расіі. З 1947 у Магілёўскім, з 1949 у Брэсцкім абл. драм. т-рах. Вострахарактарны акцёр. Лепшым работам Абрамава ўласцівы жыццёвая праўда, зліццё з вобразам. Сярод роляў: Калеснікаў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка» А.Макаёнка), Гукан («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Лабыш («Папараць-кветка» І.Козела), Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Яечня («Жаніцьба» М.Гогаля), Зыкаў («Зыкавы» М.Горкага), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.Шылера).
Р.М.Бакіевіч.
т. 1, с. 37
АБРА́МАЎ Сямён Сямёнавіч
(н. 7.11.1938, в. Глыбоцкае Гомельскага р-на),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Віцебскі ветэрынарны ін-т (1960). З 1985 працуе ў Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Даследаванні па фізіятэрапеўт. метадах лячэння і прафілактыцы хвароб жывёл ва ўмовах Беларусі.
Тв.:
Незаразные болезни молодняка. Мн., 1989 (у сааўт.);
Профилактика незаразных болезней молодняка. М., 1990 (у сааўт.);
Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд. Мн., 1990 (у сааўт.), Тлумачальны слоўнік-даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі. Мн., 1992 (у сааўт.);
Выращивание и болезни собак. Мн., 1993 (у сааўт.).
т. 1, с. 37
АБРА́МАЎ Фёдар Аляксандравіч
(29.2.1920, в. Веркала Архангельскай вобл. — 14.5.1983),
рус. пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1948). Аўтар тэтралогіі «Прасліны» (раманы «Браты і сёстры», «Дзве зімы і тры леты», «Шляхі-дарогі», «Дом», 1958—78; за першыя тры Дзярж. прэмія СССР 1975) пра жыццё рус. паўн. вёсак у гады Вял. Айч. вайны і пасля яе; аповесцяў «Бязбацькаўшчына» (1961), «Пелагея» (1969), «Драўляныя коні» (1970), «Алька» (1972), «Мамоніха» (1980), п’есы «Адзін бог для ўсіх» (1962), апавяданняў.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. Л., 1980—82;
Трава-мурава: Повести и рассказы. М., 1983.
т. 1, с. 37
АБРА́МЕНКА Дзмітрый Кузьміч
(22.7.1910, в. Філіпкава Віцебскага р-на — 28.1.1981),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну камандзір гарматы ст. сяржант Абраменка вызначыўся ў баях пры вызваленні Севастопаля, Шаўляя, каля г. Пройсіш-Эйлаў (Усх. Прусія).
т. 1, с. 37
АБРА́МЕНКА Тамара Мікалаеўна
(н. 26.11.1938, г. Смалявічы),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі і малекулярнай фізікі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1994). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1960). З 1960 у Ін-це цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава, з 1980 у Ін-це прыкладной фізікі АН Беларусі. Навук. працы па тэрмадынаміцы працэсаў пераносу энергіі, цеплафіз. уласцівасцях газаў і іх сумесяў.
Тв.:
Термическая диффузия в газах. Мн., 1982 (разам з А.Ф.Залатухінай, Я.А.Шашковым);
Нелинейные эффекты в высокотемпературных газах // Обзоры по теплофизическим свойствам вещества. М., 1992.
т. 1, с. 37
АБРА́МІС Іосіф Самуілавіч
(29.10.1918, Мінск — 29.9.1984),
бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1964). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах валторны (1941) і оперна-сімф. дырыжыравання (1950). З 1936 у Дзярж. т-ры оперы і балета, у 1979 — 82 гал. дырыжор Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам пастаўлены: нац. оперы «Марынка» Р.Пукста і «Калі ападае лісце» Ю.Семянякі, аперэта «Несцерка» Р.Суруса, класічныя оперы «Баль-маскарад» і «Атэла» Дж.Вердзі, «Князь Ігар» А.Барадзіна, балеты «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага, «Спартак» А.Хачатурана, «Жызэль» А.Адана, аперэта «Лятучая мыш» І.Штрауса і інш.
т. 1, с. 37
АБРАМО́ВІЧ Аляксандр Міхайлавіч
(н. 10.4.1944, в. Забалацце Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
правазнавец, дзярж. дзеяч Беларусі. Д-р юрыд. н. (1986), праф. (1990). Скончыў БДУ (1973). Працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. З 1988 заг. кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права БДУ. У 1991—92 чл. К-та канстытуцыйнага нагляду СССР. З 1992 старшыня Цэнтр. камісіі па выбарах нар. дэпутатаў Рэспублікі Беларусь (з 1994 — па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў). Працы па праблемах дзярж. буд-ва і заканадаўства, узаемаадносін цэнтр. і мясц. органаў кіравання.
т. 1, с. 37
АБРАМО́ВІЧ Антон Іванавіч
(1811?, Віцебскі пав. — пасля 1854),
бел. кампазітар. Пасля 1832 жыў у Пецярбургу. Быў вядомы як піяніст-выканаўца і педагог, склаў школу ігры на фп. Адзін з першых пачаў ствараць нац.-характэрныя творы, у аснове якіх мелодыі бел. нар. песень і танцаў: праграмная 8-часткавая паэма «Беларускае вяселле», п’есы «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда» для фп., песні «Дзеванька» і «Гарэліца» на словы Я.Баршчэўскага і інш.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969;
Кісялёў Г. Радок у энцыклапедыю // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.
т. 1, с. 37
АБРАМО́ВІЧ Зігмунт Іосіфавіч
(па сцэне Антон Забель; 25.6.1892, Масква — 20.3.1988),
бел. акцёр. У 1909—10 удзельнік Гродзенскага гуртка бел. моладзі. У 1911 адзін з вядучых акцёраў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Выконваў камедыйныя і характарныя ролі: Пранцішак («Модны шляхцюк» К.Каганца), Бондар («У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі), Скакунец («Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага) і інш. З 1919 жыў у Польшчы. Аўтар успамінаў пра Буйніцкага і бел. тэатр «Няходжанымі сцежкамі» (1971).
Літ.:
Няфёд У.І. Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. Мн., 1959. С. 98—101;
Сабалеўскі А.В. [Уступ да артыкула «Няходжанымі сцежкамі»] // Полымя. 1971. № 4.
У.І.Няфёд.
т. 1, с. 37