АБРАМО́ВІЧ Зігмунт Іосіфавіч
(па сцэне Антон Забель; 25.6.1892, Масква — 20.3.1988),
бел. акцёр. У 1909—10 удзельнік Гродзенскага гуртка бел. моладзі. У 1911 адзін з вядучых акцёраў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Выконваў камедыйныя і характарныя ролі: Пранцішак («Модны шляхцюк» К.Каганца), Бондар («У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі), Скакунец («Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага) і інш. З 1919 жыў у Польшчы. Аўтар успамінаў пра Буйніцкага і бел. тэатр «Няходжанымі сцежкамі» (1971).
Літ.:
Няфёд У.І. Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. Мн., 1959. С. 98—101;
Сабалеўскі А.В. [Уступ да артыкула «Няходжанымі сцежкамі»] // Полымя. 1971. № 4.
У.І.Няфёд.
т. 1, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)