Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДЭНО́ІДЫ

(ад адэна... + грэч. eidos падобны),

пухлінападобныя разрастанні насаглотачнай міндаліны. Бываюць пераважна ў дзяцей, часцей у 3—10 гадоў, іншы раз у грудных. Узнікненню адэноідаў спрыяюць інфекц. хваробы. Асн. прыкмета захворвання — цяжкае дыханне праз нос; часта праяўляецца захворваннямі сярэдняга вуха, «адэноідным габітусам» (вузкі нос, адкрыты рот, згладжаная носагубная складка, высокае паднябенне, няправільнае размяшчэнне зубоў на верхняй сківіцы), паслабленнем увагі і памяці, парушэннем сну, іншы раз начным нетрыманнем мачы. Лячэнне хірургічнае (выдаленне міндалін, часцей амбулаторна).

т. 1, с. 146

АДЭНО́МА

(ад адэн... + ... ома),

дабраякасная пухліна, якая можа развіцца з залозістага эпітэлію і захаваць структурныя прыкметы зыходнай тканкі. Развіваецца ў тканках малочнай, шчытападобнай, прастаты, гіпофіза і інш. залоз, а таксама ў залозістым эпітэліі слізістых абалонак страўніка, кішэчніка і інш. Часам перараджаецца ў злаякасную пухліну. Лячэнне хірургічнае.

т. 1, с. 146

АДЭНО́МА ПРАСТА́ТЫ,

дабраякаснае пухлінападобнае разрастанне прастаты. Назіраецца ў мужчын часцей пасля 50 гадоў. У развіцці адрозніваюць стадыі: перадклінічная, дызурыі (парушэнне мочаспускання), няпоўнай хранічнай затрымкі мачы, парадаксальнай затрымкі мачы. Ускладненні пры адэноме прастаты: вострая затрымка мачы, цыстыт, піеланефрыт і інш. Лячэнне на першых дзвюх стадыях кансерватыўнае (гігіенічны рэжым, дыета, медыкаментознае лячэнне, мясцовыя фізіяпрацэдуры), пасля — аперацыйнае.

т. 1, с. 146

АДЭ́НСКІ

(сапр. Пінчук) Андрэй Дзмітрыевіч (13.12.1897, г.п. Лоеў — 14.8.1979),

бел. тэрапеўт. Д-р мед. н. (1943), праф. (1945). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Кіеўскі ун-т (1927). З 1937 у Кіеўскім стаматалагічным ін-це, у 1949—70 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Працы па даследаванні вянознага ціску і яго ролі ў клініцы сардэчна-сасудзістых хвароб.

Тв.:

Спутник терапевта. Т. 1—[2]. Мн., 1959—64.

т. 1, с. 146

А́ДЭНСКІ ЗАЛІ́Ў,

у Аравійскім м., паміж п-вамі Аравійскім і Самалі. Бабэль-Мандэбскім пралівам злучаецца з Чырвоным м. Даўж. каля 900 км, шыр. да 300 км, глыб. да 4525 м. Рэльеф дна рэзка расчлянёны. Характэрна інтэнсіўнае свячэнне вады на паверхні заліва. Прылівы паўсутачныя, выш. да 2,9 м. Гал. порт — г. Адэн.

т. 1, с. 146

АДЭН..., АДЭНА...

[ад грэч. adēn (adenos) залоза],

састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: «які адносіцца да залоз, залозістай тканкі», «які адносіцца да лімфатычных вузлоў», «які адносіцца да адэноідаў», напр., адэнавірусы, адэноіды.

т. 1, с. 145

АДЭ́СА,

горад на Украіне, цэнтр Адэскай вобласці 1086,7 тыс. ж. (1993). Буйны міжнар. порт на Чорным моры. Чыг. вузел. Прамысловасць: машынабудаванне і металаапрацоўка (станкі, с.-г. машыны, цяжкія краны, вытв-сць халадзільнага, мед., гандл., паліграф. абсталявання), хім. (суперфасфат, лакі і фарбы), нафтаперапр., хім.-фармацэўтычная, харч. (цукрова-рафінадная, алейна-тлушчавая, кансервавая, вінаробная і інш.), лёгкая (джутавая, футравая, тэкст., абутковая і інш.).

На тэр. сучаснай Адэсы паселішча і гарадзішча існавалі да н.э. У час Кіеўскай Русі тут жылі ўсх.-слав. плямёны улічаў і ціверцаў. У 1239—40 паселішча захоплена мангола-татарамі. З пав. 15 ст. ў складзе ВКЛ. Пад назвай Хаджыбей упамінаецца ў 1415. У 1764 туркі пабудавалі тут крэпасць Ені-Дунья (Новы свет), якая паводле Яскага мірнага дагавора 1791 адышла да Расіі. У 1795 Хаджыбей перайменаваны ў Адэсу. З 1805 Адэса — адм. ц. Новарасійскага краю, з 1825 цэнтр павета Херсонскай губ. З 1932 цэнтр Адэскай вобл. У 1817 засн. ліцэй (гл. Адэскі універсітэт), у 1825 гіст.-археал. музей, у 1830 публічная б-ка. За гераізм у Вял. Айч. вайну (гл. Адэсы абарона 1841, Адэская аперацыя 1944) прысвоена званне горада-героя (1945).

У 1917 у Адэсе і Адэскай акр. знаходзілася больш за 100 тыс. беларусаў з мясц. насельніцтва, бежанцаў 1-й сусв. вайны і салдат Румынскага фронту. У 1917—20 тут дзейнічалі арг-цыі «Беларускі гай», Бел. вайсковая рада, Бел. нац. рада і абраны ёю Бел. нац. камісарыят, выходзіла газ. «Белорусы в Одессе». Сярод актыўных чл. гэтых арг-цый бел. дзеячы А.Ф.Адамовіч, А.В.Баліцкі, П.В.Ільючонак, С.М.Некрашэвіч і інш.

У аснове рэгулярнага плана Адэсы 1794 (інж. Ф.Дэвалан) 3 восевыя магістралі, якія выходзяць да Прыморскага бульвара, забудаваныя ў стылі класіцызму. Цэнтр. ансамбль — паўкруглая плошча з помнікам А.Э.Рышэлье (1828, скульпт. І.Мартас); ад плошчы да мора вядзе манум. Пацёмкінская лесвіца (1841, арх. Ф.К.Бофа). У 1884—87 узведзены будынак тэатра оперы і балета (арх. Ф.Фельнер і Г.Гельмер). У Адэсе працавалі арх. А.Мельнікаў, А.Бернардацы, Тама дэ Тамон і інш. Сярод арх. помнікаў: палацы Патоцкага (1805—10, цяпер Маст. музей), Гагарыных (1842, цяпер Літ. музей), Новая біржа (1894—99, цяпер філармонія), пасаж (1899—1903). Адэса забудоўваецца паводле ген. плана 1966. Пабудаваны марскі вакзал (1966), гасцініца «Чорнае мора» (1972), Палац спорту (1976), Тэатр муз. камедыі (1981) і інш. Музеі: Археал., Мастацкі, Літаратурны, Зах. і ўсх. мастацтваў; Адэскі універсітэт, мед., пед., політэхн., інжынераў марскога флоту ін-ты і інш. У Адэсе буйны турысцкі цэнтр, пункт марскіх круізаў (у т. л. замежных), турысцкі комплекс «Адэса» на курорце Аркадзія.

т. 1, с. 146

АДЭ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

баявыя дзеянні войскаў 3-га Укр. фронту (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) ва ўзаемадзеянні з Чарнаморскім флотам (адм. П.С.Акцябрскі) 26 сак. — 14 крас. з мэтай разгрому 6-й ням. і 3-й рум. армій групы армій «А» і вызвалення Адэсы ў Вял. Айч. вайну. Поспеху аперацыі садзейнічалі войскі 2-га Укр. фронту, якія ў канцы сак. фарсіравалі р. Прут і выйшлі на подступы да Ясаў, скаваўшы паўд. групоўку праціўніка. На левым крыле фронту ўдар у напрамку Мікалаева нанеслі 5-я ўдарная і 28-я арміі, 28 сак. горад быў вызвалены. Прарыў абароны на флангах і пагроза акружэння прымусілі праціўніка адыходзіць за р. Днестр. На левым крыле фронту часці 28-й арміі з дапамогай марскога дэсанта авалодалі Ачакавам і пачалі наступленне на Адэсу. 4 крас. 37-я армія і конна-механізаваная група ген. І.А.Пліева авалодалі чыг. вузлом Раздзельная. 9 крас. сав. войскі ўварваліся ў паўн. кварталы Адэсы і начным штурмам да раніцы 10 крас. вызвалілі горад. Войскі 3-га Укр. фронту 12 крас. вызвалілі Ціраспаль, 14 крас. авалодалі плацдармам на зах. беразе р. Днестр.

т. 1, с. 147

АДЭ́СКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на ПдЗ Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 33,3 тыс. км². Нас. 2639 тыс. чал. (1993), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Адэса. Найб. гарады: Ізмаіл, Белгарад-Днястроўскі, Катоўск.

Прырода. Большая ч. тэр. — Прычарнаморская нізіна, паўн. ч. — Падольскае ўзв. (выш. да 220 м), паміж Днястром і Прутам адгор’і Малдаўскага ўзв. (выш. да 223 м). Карысныя выкапні — буд. матэрыялы: гнейсы, граніты, вапнякі, гліны, пясок. Ёсць графіт, каменная соль, шмат мінер. крыніц. Клімат умерана кантынентальны, цёплы, з недастатковым увільгатненнем. Сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C да -5 °C, ліп. ад 21 °C да 23 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 400 мм. Гал. рэкі: Дунай, Днестр. Прэсныя азёры Кагул, Ялпуг, салёныя — Шаганы, Алібей, Бурнас. Глебы пераважна чарназёмныя, на Пд пераходзяць у цёмна-каштанавыя слабасаланцаватыя. Паўн. ч. знаходзіцца ў лесастэпавай, астатняя — у стэпавай прыроднай зоне, якая амаль поўнасцю ўзараная. Лясы захаваліся на невял. плошчах (дуб, граб, ясень, клён). Запаведнік Дунайскія Плаўні.

Гаспадарка. Адэская вобласць — высокаразвіты ў эканам. адносінах раён Украіны з машынабуд., хім., нафтахім., лёгкай, харч. прам-сцю, шматгаліновай сельскай гаспадаркай, рыбалоўствам, развітым транспартам і курортнымі зонамі. Машынабудаванне і металаапрацоўка (станкі, с.-г. машыны і прылады, пад’ёмныя транспарцёры; кавальска-прэсавае, гандл., мед., паліграф. абсталяванне; электратэхніка і кінаапаратура, выліч. машыны, кабель, прыладабудаванне, вытв-сць стальных канатаў), харч. (кансервавая, мукамольная, цукр., мясная, малочная, рыбная, вінаробная і інш.), камбікормавая, лёгкая (джутавая, футравая, тэкст., абутковая), хім. (аміяк, суперфасфат, лакі і фарбы), хім.-фармацэўтычная, мэблевая, цэлюлозна-папяровая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Развітая збожжавая гаспадарка (пшаніца, кукуруза, ячмень, рыс), вырошчванне тэхн. культур (цукр. буракоў, сланечніку), агародніны. Пладаводства. Вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінаводства, птушкагадоўля, рыбагадоўля. Буйныя арашальныя сістэмы. Суднаходства па Дунаі і Днястры. Марскія парты: Адэса, Ільічоўск, Ізмаіл і інш. Марскі чыг. паром Ільічоўск—Варна (Балгарыя). Чыгункі: Адэса—Масква, Адэса—С.-Пецярбург і інш., Адэская група курортаў.

т. 1, с. 147

АДЭ́СКАЯ ГРУ́ПА КУРО́РТАЎ,

размешчана ўздоўж узбярэжжа Чорнага м., у межах Адэсы і на ПдЗ ад яе, а таксама паблізу Куяльніцкага, Хаджыбейскага, Сухога ліманаў. Уключае курорты Аркадзія, Вялікі Фантан, Куяльніцкі, Лузанаўка, Лебедзеўка, Чарнаморка і інш., а таксама курортную мясцовасць Шабо. Асн. прыродныя лекавыя фактары — клімат, ліманныя і азёрныя гразі, рапа ліманаў, мінер. воды.

т. 1, с. 147