АБУТЫЛО́Н,
канатнік (Abutilon), род адна- і шматгадовых раслін сям. мальвавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Ад Міжземнамор’я да ўсх. ўзбярэжжа Азіі расце абутылон Тэафраста, або кітайскі джут (абутылон theophrasti). З яго валакна вырабляюць пражу, мешкавіну, шпагат, вяроўкі і інш. Алей з насення прыдатны на мылаварэнне, вытв-сць пакосту і інш. Завезены ў Паўн. Амерыку і Аўстралію. На Беларусі трапляецца як рэдкая заносная расліна; у пакоях, аранжарэях вырошчваюць прыгожы квітучы абутылон гібрыдны (абутылон hybridum).
Травы, кусты і зрэдку невял. дрэвы выш. да 4 м. Кветкі буйныя, адзіночныя або ў пазушных суквеццях, многія віды апыляюць калібры. Плод з некалькіх лладовак, якія маюць па некалькі зярнят.
т. 1, с. 49
АБУ́ХАВА,
вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і с.-г. калект. прадпрыемства «Абухава». За 18 км на ПдУ ад Гродна, 1,5 км ад чыг. ст. Жыдомля. 1702 ж., 521 двор (1994). Калектыўнае с.-г. і гандл. прадпрыемствы, лазнева-пральны камбінат, станцыя тэхн. абслугоўвання. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, Палац культуры, б-ка, дзіцячы сад, амбулаторыя, аддз. сувязі, ашчадны банк, гандлёвы цэнтр.
т. 1, с. 49
АБУ́ХАВА Лідзія Аляксееўна
(17.8.1922, г. Кутаісі — 26.4.1991),
рус. пісьменніца. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага (1951). Людзям Палесся прысвечана яе аповесць «Глыбінь-гарадок» (1955, бел. пер. 1958), 1000-годдзю Віцебска — кн. «Віцьбічы» (1974); Ю.Гагарыну — аповесці «Любімец стагоддзя» (1972) і «Спачатку была Зямля...» (1973). Аўтар дакумент. аповесцяў «Сярэбраная кніга Поўначы» (1968) і «Пагранічныя характары» (1978).
т. 1, с. 49
АБУ́ХАВА Надзея Андрэеўна
(6.3.1886, Масква — 14.8.1961),
рус. спявачка (мецца-сапрана), выдатная прадстаўніца рус. вакальнай школы. Нар. артыстка СССР (1937). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1912). У 1916—48 салістка Вял. т-ра СССР. Валодала голасам багатага тэмбру, шырокага дыяпазону. Выконвала кантральтавыя і высокія мецца-сапранавыя партыі. Лепшыя з іх: Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Літ.:
Поляновский Г. Н.А.Обухова. 2 изд. М., 1986.
т. 1, с. 49
АБУ́ХАЎ Віктар Цімафеевіч
(19.1.1900, с. Нікольскае Арэнбургскага р-на — 26.11.1975),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.-палк. танкавых войскаў (1954). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). На фронце з чэрв. 1941, камандзір 26-й танк. дывізіі, якая дыслацыравалася на Беларусі. Механізаваны корпус пад камандаваннем ген.-маёра Абухава вызначыўся ў чэрв.—ліп. 1944 пры фарсіраванні Бярэзіны, акружэнні мінскай групоўкі праціўніка, вызваленні Вілейкі, Маладзечна, Смаргоні і Вільні.
т. 1, с. 49
АБУ́ХАЎ Генадзь Аляксеевіч
(н. 18.6.1924, чыг. ст. Сляпцоўская Сунжэнскага р-на, Чэчня),
бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. навук (1973), праф. (1974). Засл. ўрач Беларусі (1975). Скончыў Паўн.-Асецінскі мед. ін-т (1949). Працаваў у Маскве, Іране, Кішынёве. З 1962 у Гродзенскім мед. ін-це. Даследаванні ў галіне пагранічнай псіхіятрыі і алкагольнага псіхозу.
Тв.:
Пневмоэнцефалография при шизофрении. Кишинев, 1968 (разам з Г.І.Брэгман, В.М.Міхліным).
т. 1, с. 50
АБУХО́ВІЧ Альгерд Рышардавіч
(псеўд. Граф Бандынэлі; 6.8.1840, в. Калацічы Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 22.8.1898),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Падарожнічаў, жыў у Жэневе, Парыжы. Паводле некат. звестак удзельнічаў у паўстанні 1863—64. Перакладаў творы А.Пушкіна, М.Лермантава, А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, У.Сыракомлі, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, В.Гюго, Дж.Байрана, Дантэ (распаўсюджваліся ў рукапісах). З Ф.Багушэвічам (былі знаёмыя) пачынальнік жанру байкі ў бел. л-ры. Аўтар баек «Ваўкалак» (праблема свабоды чалавечай асобы), «Старшына» (паліт. сатыра на паслярэформенную Рас. імперыю), «Суд», «Воўк і лісіца», верша «Дума а Каралю XII». Мемуары Абуховіча (1894, фрагменты надр. ў 1916 у віленскай газ. «Гоман») — яркі помнік эпохі з цікавым зместам, жывою моваю.
Тв.:
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Родчанка Р. Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1984.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 50
АБУХО́ВІЧ Ганна Браніславаўна
(5.12.1908, Масква — 13.11.1986),
бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыла курсы «Кіно-Поўнач» у Ленінградзе (1929). Сцэн. дзейнасць пачала ў тэатрах Масквы. З 1937 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Стварыла шэраг яркіх, псіхалагічна глыбокіх драм. вобразаў. Сярод лепшых роляў: Ларыса і Агудалава («Беспасажніца» А.Астроўскага), гаспадыня Ніскавуоры («Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі), Ганерылья («Кароль Лір» У.Шэкспіра), цётухна Руца («Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ), Надзея Пятроўна («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Міхаліна Матулевіч («Трывога» А.Петрашкевіча). Аўтар успамінаў «Паўстагоддзя на сцэне» (1987).
т. 1, с. 50
АБУХО́ВІЧ Міхал Лявон
(? — 22.10.1668),
дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. Скончыў філас. ф-т Віленскай акадэміі. Служыў пры двары караля Яна Казіміра Вазы. Палкоўнік войска ВКЛ, падкаморы мазырскі (1662), навагрудскі (1665), стражнік ВКЛ (1668). Каралеўскі дыпламат, ганец у Маскву (1650, 1653). У 1651 удзельнічаў у ваен. паходзе супраць Б.Хмяльніцкага, у 1656 ваяваў са шведамі пад Варшавай. Пасля смерці бацькі (1656) камандаваў яго палком. У 1660 пад час бітвы з рус. войскам І.Хаванскага на Брэстчыне трапіў у палон і вывезены ў Маскву (у 1662 абменены на рус. военачальнікаў у Смаленску). Удзельнічаў у паходзе на Браншчыну (1664). Аўтар панегірыкаў, 2 «Дыярыушаў» на польск. мове пра маскоўскія звычкі і традыцыі, сеймы Рэчы Паспалітай, паліт. атмасферу часу, ваен. акцыі, у якіх сам удзельнічаў.
А.Ф.Коршунаў.
т. 1, с. 50
АБУХО́ВІЧ Піліп Казімір
(? — 6.9.1656),
дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, дыпламат, пісьменнік. З роду Абуховічаў, паходжаннем з мазырскай шляхты, якая асела на Навагрудчыне. Скончыў Замойскую акадэмію (цяпер Люблінскае ваяв., Польшча). З 1649 пісар ВКЛ. Пасол у Венецыі і Маскве (1651). Ваявода віцебскі, смаленскі (1653). У 1654 узначальваў абарону Смаленска і пасля доўгай аблогі здаў горад рус. войскам. За гэта быў абвінавачаны ў здрадзе, але на сойме 1658 апраўданы. Яму адрасаваны «Ліст да Абуховіча». Аўтар вершаў на лац. мове. У 1617 у Замосці апубл. прамовы на лац. і грэчаскай мовах у гонар П.Замойскага. У «Дыярыушы» апісаў падзеі 1630—54: грамадска-паліт. жыццё Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі, ваен. падзеі ў час антыфеад. вайны ўкр. і бел. народаў 1648—54, міжнар. адносіны ва Усх. Еўропе сярэдзіны 17 ст. і інш.
А.Ф.Коршунаў.
т. 1, с. 50