АБУХО́ВІЧ Альгерд Рышардавіч

(псеўд. Граф Бандынэлі; 6.8.1840, в. Калацічы Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 22.8.1898),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Падарожнічаў, жыў у Жэневе, Парыжы. Паводле некат. звестак удзельнічаў у паўстанні 1863—64. Перакладаў творы А.Пушкіна, М.Лермантава, А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, У.Сыракомлі, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, В.Гюго, Дж.Байрана, Дантэ (распаўсюджваліся ў рукапісах). З Ф.Багушэвічам (былі знаёмыя) пачынальнік жанру байкі ў бел. л-ры. Аўтар баек «Ваўкалак» (праблема свабоды чалавечай асобы), «Старшына» (паліт. сатыра на паслярэформенную Рас. імперыю), «Суд», «Воўк і лісіца», верша «Дума а Каралю XII». Мемуары Абуховіча (1894, фрагменты надр. ў 1916 у віленскай газ. «Гоман») — яркі помнік эпохі з цікавым зместам, жывою моваю.

Тв.:

Творы. Мн., 1991.

Літ.:

Родчанка Р. Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1984.

Г.В.Кісялёў.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)