Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДЫСО́НАВА ХВАРО́БА,

бронзавая хвароба, хвароба, абумоўленая двухбаковым пашкоджаннем кары наднырачнікаў, зніжэннем утварэння гармонаў (картызону, альдастэрону). Названа па прозвішчы англ. ўрача Т.Адысана, які ўпершыню яе апісаў (1849). Развіваецца марудна, часцей у 30—50 гадоў, пры пашкоджанні наднырачнікаў туберкулёзам, амілаідозам, пры кровазліцці, пухлінах і метастазах у наднырачнікі, аўтаімунных пашкоджаннях. Бываюць сямейныя (спадчынныя) формы. Характарызуюцца адынаміяй, агульнай слабасцю, павышанай стамляльнасцю, пахудзеннем, а таксама зніжэннем памяці, аблысеннем, паніжэннем т-ры, гіпатаніяй, парушэннем менструальнага цыкла, зніжэннем патэнцыі, узроўню натрыю і хларыдаў у крыві, павышанай колькасцю калію. Асноўная прыкмета хваробы — гіперпігментацыя скуры (цёмная, бронзавая афарбоўка, колер загару). Сустракаюцца атыпічныя (сцёртыя) формы адысонавай хваробы без бронзавай афарбоўкі скуры. Лячэнне індывідуальнае (гарманальнае, дыета, вітаміны, процітуберкулёзныя сродкі).

т. 1, с. 143

АДЫ́С-АБЕ́БА

(па-амхарску новая кветка),

горад, сталіца Эфіопіі, адм. ц. правінцыі Шоа. Знаходзіцца на Эфіопскім нагор’і на выш. больш за 2,4 тыс. м над узр. мора. Больш за 1,5 млн. ж. (1993).

Засн. ў 1887 імператарам Мэнелікам II. У 1889 абвешчана сталіцай. Пасля перамогі ў італа-эфіопскай вайне 26.10.1896 тут заключаны мірны дагавор, паводле якога Італія прызнала незалежнасць Эфіопіі. 5.5.1936 акупіравана італьян. войскамі, вызвалена 6.4.1941 англа-эфіопскімі войскамі.

Аўтамаб. дарогі звязваюць Адыс-Абебу з буйнейшымі гарадамі Эфіопіі і суседніх краін. Чыгунка на Джыбуці. Міжнар. аэрапорт. Металаапр. і зборачныя з-ды (зборка трактароў, с.-г. машын, аўтамабіляў, веласіпедаў і інш.). Тэкст., гарбарна-абутковыя, мукамольныя, алейныя, па перапрацоўцы кавы, дрэваапр., мясамалочныя прадпрыемствы. Вытворчасць буд. матэрыялаў і саматужных ткацкіх, гарбарных, керамічных, метал. і драўляных вырабаў. Гандаль кавай, скурамі, збожжам і інш. Ун-т. Рэзідэнцыі Эканам. камісіі ААН для Афрыкі і Арганізацыі афр. адзінства (АЛА).

Першыя манум. мураваныя будынкі ўзведзены замежнымі архітэктарамі. Вялікі палац з рысамі інд. архітэктуры (1894), Новы палац і сабор св. Георгія (абодва пач. 20 ст.) у стылі неакласіцызму, шпіталь Мэнеліка II (1910), атэль «Ытэге» (1907), каля 200 жылых дамоў еўрап. тыпу (1912). У 1950—60-я г. пабудаваны Нац. Тэатр на пл. Адуа (франц. арх. А.Шамет); універсітэцкі комплекс (англ. арх. Г.К.Фалек); аэрапорт, Дом Афрыкі (вітраж пл. 150 м², мастак А.Тэкле), муніцыпалітэт, Нац. банк (усе італьян. арх. А.Медзэдымі, інж М.Фанана; тэлевіз. цэнтр, Гандл. Палата, Мін-ва замежных спраў (арх. З.Энаў, М.Тэдрас). У 1970—80-я г. па праектах югасл. архітэктараў пабудаваны паштамт, шпіталь, атэль «Вебі-Шэбелі». Музеі: Археал., Ін-та эфіопскіх даследаванняў. Нацыянальны.

т. 1, с. 143

АДЫТЫ́ЎНАСЦЬ

(ад лац. additivus які прыбаўляецца),

уласцівасць велічыні, значэнне якой адпаведнае цэламу аб’екту, роўна суме значэнняў велічыняў, адпаведных яго часткам, пры адвольнай разбіўцы аб’екта на часткі. Напр., адытыўнасць аб’ёму азначае, што аб’ём цэлага цела роўны суме аб’ёмаў яго частак.

т. 1, с. 143

АДЫТЫ́ЎНАЯ ТЭО́РЫЯ ЛІ́КАЎ,

раздзел лікаў тэорыі, які ахоплівае пытанні раскладання натуральных лікаў на складаемыя пэўнага выгляду, а таксама іх алг. і геам. аналагі. Напр., задача пра запіс лікаў у выглядзе пэўнай сумы n-x ступеняў: сумы 4 квадратаў, 9 кубаў (г.зв. Варынга праблемы), а таксама ў выглядзе сумы простых лікаў (гл. Гольдбаха праблема). Існуюць аналітычныя, алг., імавернасныя, элементарныя метады адыятыўнай тэорыі лікаў. Шырока выкарыстоўваецца ў камбінаторным аналізе, лінейным праграмаванні і інш.

В.І.Бернік.

т. 1, с. 144

АДЫХО́ДНІЦТВА,

часовы адыход сялян з вёсак у гарады на прамысл. прадпрыемствы, с.-г. работы свайго і інш. рэгіёнаў краіны, а таксама за мяжу. Уласціва большасці еўрапейскіх краін, пачынаючы з перыяду позняга феадалізму. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі, павышэннем ролі грашовага аброку, развіццём таварнай гаспадаркі і ростам попыту на наёмную працу. У Рас. імперыі адыходніцтва дасягнула вял. памераў з 2-й пал. 18 ст., асабліва ў Цэнтр. прамысл. раёне. На Беларусі ў 1-й пал. 19 ст. значная колькасць сялян ішла на сплаўныя, возніцкія, дарожна-буд. і інш. работы. Пасля сял. рэформы 1861 адыходніцтва набыло масавы характар. У канцы 19 ст. на Беларусі штогод у адыходніцтва было каля 300 тыс. чал. Найб. пашырэнне яно атрымала ў Віцебскай і Магілёўскай губ. З Беларусі адыходнікі ішлі пераважна на заробкі ў інш. рэгіёны імперыі: на буд-ва дарог і чыгунак, на прадпрыемствы Пецярбурга, Масквы, Кіева, Рыгі, шахты і руднікі Данбаса і Крывога Рога, на с.-г. работы на Украіне і інш. У 1880-я г. пачалося адыходніцтва ў Амерыку, напярэдадні 1-й сусв. вайны — у Прусію.

В.П.Панюціч.

т. 1, с. 144

АДЫ́ЧНАЯ СТРАФА́,

від 10-радковай страфы. Ужывалася ў паэзіі 16—17 ст. у Францыі, потым у Германіі і Расіі, дзе ў 18 ст. была традыцыйнай для ўрачыстых одаў. Адычная страфа аб’ядноўвала 4- і 6-радкоўе па схеме АбАбВВгДДг, пісалася 4-стопным ямбам з пэўным чаргаваннем рыфмаў.

т. 1, с. 144

АДЫЯБА́ТНЫ ПРАЦЭ́С

(ад грэч. adiabatos непераходны, запёрты),

тэрмадынамічны працэс, які адбываецца без цеплаабмену паміж тэрмадынамічнай сістэмай і навакольным асяроддзем. Працякае ў сістэме з цеплаізалявальнай (адыябатнай) абалонкай ці без яе пры ўмове, што працэс працякае настолькі хутка, што цеплаабмен можна не ўлічваць (напр., пры выбуху, распаўсюджванні гуку). Адыябатным працэсам лічацца многія атм. працэсы (напр., узыходны і сыходны рух паветра ў антыцыклонах і інш.).

На дыяграме адлюстроўваецца крывой — адыябатай, якая мае найб. просты выгляд для ідэальных газаў (гл. рыс.) і падпарадкоўваецца ўраўненню pv​γ = const, дзе p — ціск газу, v — яго аб’ём, γ = Cp/Cv» — паказчык адыябаты, Cр і Cv» — цеплаёмістасці газу пры ізабарным і ізахорным працэсах адпаведна.

т. 1, с. 144

АДЫЯ́НТУМ

(Adiantum),

род папарацяў сям. адыянтавых. Каля 200 відаў, пашыраных у цяністых вільготных лясах трапічных (найб. разнастайнасць відаў у Паўд. Амерыцы), субтрапічных, радзей умераных паясоў амаль усяго зямнога шара. Растуць на зямлі або на скалах. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях як дэкар. расліну адыянтум венерын волас (Adiantum capillus veneris).

Лісце звычайна бліскучае, цёмнае і пругкае, перыстае, на доўгіх цёмна-бурых чаранках, асаблівасць іх — воданепранікальнасць. Карэнішча тонкае, паўзучае, укрытае вузкімі карычняватымі лускавінкамі. Размнажаюцца спорамі і дзяленнем кустоў.

т. 1, с. 144

АДЭКАЛО́Н

(ад франц. eau de Cologne літар, кёльнская вада),

парфумерны спіртаводны раствор пахучых рэчываў. Упершыню састаўлены на аснове цытрусавых алеяў: апельсінавага, мандарынавага, лімоннага і бергамотавага (1720-я г.). Гл. таксама Духі.

т. 1, с. 144

АДЭКВА́ТНАЕ

(ад лац. adaequatus роўны, прыраўнаваны),

адпаведнае, тоеснае, эквівалентнае. У тэорыі пазнання адэкватнага лічацца вобраз, веды, якія адпавядаюць свайму арыгіналу і таму з’яўляюцца дакладнымі, маюць характар аб’ектыўных ісцін. Пытанне пра ступень адэкватнасці (дакладнасці), глыбіню і паўнату адлюстравання аб’екта звязана з праблемай суадносін адноснай і абсалютнай ісцін і крытэрыю ісціннасці ведаў.

т. 1, с. 144