Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАРЛАМПО́ВІЧ Павел Васілевіч (4.2.1884, в. Рагачы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — ?),

бел. нумізмат. У 1920-х г. дырэктар Бел. дзярж. музея, чл. гісторыка-археал. і этнаграфічнай секцый Ін-та бел. культуры, выкладчык БДУ.

Тв.:

Справаздача Беларускага дзяржаўнага музея... // Асвета. 1925. № 3;

Праскія грошы ў беларускіх манетных скарбах // Гіст.-археал. зб. Мн., 1927. № 1;

Манетныя скарбы. знойдзеныя ў Беларусі, у зборах Беларускага дзяржаўнага музея // Там жа.

В.​У.​Скалабан.

т. 16, с. 551

ХА́РЛЕМ, Гарлем (Haarlem),

горад на З Нідэрландаў. Адм. ц. правінцыі Паўн. Галандыя. 149 тыс. ж. (1993). Прыстань на канале Спарне. Цэнтр раёна таварнага кветкаводства (вырошчванне на экспарт пераважна цюльпанаў). Прам-сць: трансп. машынабудаванне, хім., парфумерная, тэкст., харчовая. Рэгулярная сетка каналаў, паркі. Музеі, у т. л. Ф.​Халса, епіскапскі. Ратуша (14—17 ст.), царква Гротэ-керк (15—16 ст.), мясныя рады (пач. 17 ст.) і інш.

т. 16, с. 551

ХАРМАТА́Н,

паўночна-ўсходні пасат, які дзьме з Сахары да Гвінейскага заліва і зах. ўзбярэжжа Афрыкі на Пд ад 20° паўн. шыраты. Бывае ў сухі перыяд года (з ліст. да сак.), часта амаль ураганны; адметны высокай сухасцю і запыленасцю. Х. можна разглядаць як зімовы афрыканскі мусон.

т. 16, с. 551

ХАРМС (сапр. Ювачоў) Данііл Іванавіч

(12.1.1906, С.-Пецярбург — 2.2.1942),

рускі пісьменнік. Скончыў ням. гімназію «Петэршуле» ў Пецярбургу. У 1927—30 у літ. групе «Аб’яднанне рэальнага мастацтва». У 1931 разам з інш. чл. аб’яднання арыштаваны, у чэрв. 1932 вызвалены і высланы ў Курск; у жн. 1941 зноў арыштаваны; сімуляваў вар’яцтва, памёр у псіхіятрычнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1922. У паэзіі, п’есах «Камедыя горада Пецярбурга» (нап. 1927, апубл. пасмяротна), «Лізавета Бам» (паст. 1928), аповесці «Старая» (1939, апубл. 1991), гратэскавых апавяданнях (цыкл «Выпадкі», 1933—39; апубл. пасмяротна) абсурднасць быцця, абязлічванне чалавека, адчуванне трагічнай разарванасці свету, прадчуванне катастрофы. Яго творам уласцівы спалучэнне парадоксаў, алагізмаў і наўмыснай наіўнасці, фантасмагарычнасць, рытмічнае вылучэнне слоў, гукавыя паўторы і варыяцыі. Пісаў вершы для дзяцей, пабудаваныя на камічных эфектах і прынцыпах гульні.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—3. СПб., 2000.

т. 16, с. 551

ХАРМУ́ЗСКІ ПРАЛІ́Ў,

другая назва Армузскага праліва.

т. 16, с. 551

ХАРО́Г,

горад (з 1932), цэнтр Горна-Бадахшанскай аўт. вобл., у Таджыкістане; каля сутокаў рэк Гунт і Пяндж, на выш. 2200 м. 20,3 тыс. ж. (1999). Злучаны аўтадарогамі з гарадамі Душанбе і Ош. Аэрапорт. Прам-сць: харч., у т. л. мясамалочная, швейная, вытв-сць буд. матэрыялаў. Памірскі біял. ін-т АН Таджыкістана (з бат. садам). Тэатр. Краязнаўчы музей.

т. 16, с. 551

ХАРО́МСК,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Гарынь, на аўтадарозе Столін—Давыд-Гарадок. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Столін, 270 км ад Брэста, 32 км ад чыг. ст. Гарынь. 811 ж., 327 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Свята-Раства-Багародзіцкая царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі гарадзішча зарубінецкай культуры і перыяду Кіеўскай Русі.

т. 16, с. 551

ХАРО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі перавозчык душ памерлых у Аід. Лічыўся сынам Нікты і яе брата Эрэба. Яго ўяўлялі змрочным старым у рыззі. Паводле міфаў, Х. перавозіў душы памерлых (толькі тых, хто пахаваны ў магіле) у лодцы па рэках падземнага царства, за што браў з іх плату памерам у адзін абол, які звычайна пры пахаванні клалі нябожчыкам пад язык.

т. 16, с. 551

ХАРО́ШКА Рэгіна Пракопаўна (н. 7.5.1938, р.п. Асінторф Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізікахімік. Канд. хім. н. (1976). Скончыла БДУ (1960). З 1960 у Ін-це арган. і неарган. хіміі, у 1981—91 у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізікахіміі палімераў і штучных іанітных глебах на аснове іонна-абменных матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Ионитные почвы. Мн., 1978 (разам з У.​С.​Салдатавым. Н.​Р.​Пёрышкінай).

т. 16, с. 551

«ХАРО́ШКІ», Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Засл. калектыў Беларусі (1999). Створаны ў 1974 (да 1985 у складзе Бел. філармоніі). Маст. кіраўнік і гал. балетмайстар В.Гаявая (да 1975 з М.​Дудчанкам). Аб’ядноўвае танц. і інстр. групы, выканаўцаў нар. песень (вак. квартэт «Купалінка»; да 1987). Праграмы будуюцца ў выглядзе цэласнага тэатр. відовішча, у якім арганічна ўзаемазвязаны ўсе групы. Спалучае фалькл. нац. пачатак з сучаснай рытмікай і экспрэсіяй; для яго ўдзельнікаў характэрны пачуццё ансамбля, артыстызм. У рэпертуары бел. нар. танцы («Мітусь», «Вясковыя скокі», «Крутуха», «Цярэшка», «Гусарыкі», «Крыжачок», «Лявоніха», «Кросны», «Віцебскія закаблукі», «Гомельская кадрыля», «Таўкачыкі» і інш.), вак.-харэаграфічныя кампазіцыі («Добры вечар», «Вясельная», «Гуканне вясны»), варыяцыі на тэмы стараж. бел. абрадаў («Тураўская легенда»), сюіта «Субота»; разгорнутыя тэатр. праграмы «Па старонках Полацкага сшытка» (гіст. балет), «Бывай, 20-е стагоддзе!» (засн. на гар. фальклоры 20 ст.) і інш. У муз. суправаджэнні выкарыстоўваюцца бел. нар. інструменты: ліра, гудок, цымбалы, басэтля, жалейкі, у т. л. саломкі, чароткі і інш. Сярод салістаў ансамбля ў розныя часы Ф.Балабайка, В.Карэлікава, А.​Кашталапаў, А.​Гура-Гаявая. Пры «Х.» створана школа-студыя (з 1987; кіраўнік М.​Цітова). Лаўрэат Усесаюзнага агляду-конкурсу прафес. маст. калектываў (1-я прэмія, 1977). Прэмія Ленінскага камсамола 1982. Дзярж. прэмія Беларусі 1996. Пра ансамбль зняты тэлефільм-канцэрт «Харошкі» (1978).

Літ.:

Загородний Г. Хороши «Хорошки»! // Панорама, 1984. М., 1985.

Г.​М.​Загародні.

Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

т. 16, с. 551