Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць біял. кампанентаў біясферы, якія складаюць асяроддзе пэўнай геагр. зоны, тэрыторыі (рэгіёна, краіны, вобласці), ландшафту або яго часткі (лесу, вадаёма) і інш.; від прыродных рэсурсаў. З’яўляюцца крыніцамі ці ствараюць перадумовы набыцця неабходных людзям біял. прадуктаў, жывёльнай і расліннай сыравіны і рэчываў; прамысл. аб’екты, культ. расліны, свойскія жывёлы, мікраарганізмы і інш. Існуюць у эстэт. і рэкрэацыйным аспектах. Біялагічныя рэсурсы — аб’ект інтэнсіўнага выкарыстання і эксплуатацыі і звязанай з гэтым прыродаахоўнай дзейнасці. Асн. прынцып аховы біялагічных рэсурсаў абумоўлены іх рацыянальным выкарыстаннем, заснаваным на зберажэнні (падтрымцы, стварэнні) аптымальных умоў іх натуральнага ці штучнага ўзнаўлення.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 3, с. 173

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ СА́ЖАЛКІ,

збудаванні для ачысткі гасп.-быт. сцёкавых водаў. Існуюць праточныя з разбаўленнем і без разбаўлення сцёкавай вадкасці рачной вадой, для даачысткі сцёкавай вадкасці, кантактныя і анаэробныя сажалкі. У біялагічных сажалках адбываюцца натуральныя біял. працэсы самаачышчэння: мікраарганізмы спажываюць кісларод, што ўтвараюць пры фотасінтэзе водарасці, якія атрымліваюць ад бактэрый вуглекіслату і інш. прадукты мінералізацыі арган. рэчываў — у выніку ідзе інтэнсіўны распад арган. рэчываў-забруджвальнікаў. Біялагічныя сажалкі назапашваюць глей, які перапрацоўваецца ў с.-г. вытв-сці ці выкарыстоўваецца як угнаенне.

А.​П.​Астапеня.

т. 3, с. 174

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемадзейных жывых элементаў рознай складанасці (гены, клеткі, тканкі, органы, арганізмы, біяцэнозы, экасістэмы, біясфера). Валодаюць уласцівасцямі цэласнасці, адноснай устойлівасці, а таксама здольнасцю адаптацыі да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя, развіцця, самаўзнаўлення і эвалюцыі. Біялагічныя сістэмы — адкрытыя сістэмы, для якіх умовай існавання служыць абмен энергіяй, рэчывам і інфармацыяй паміж часткамі сістэмы і з навакольным асяроддзем. Важнейшая праблема ў вывучэнні біялагічных сістэм — іх прасторавая і часавая арганізацыя, якая прадугледжвае ўключэнне ў сістэму некалькіх элементаў (больш за адзін), што адрозніваюцца пэўным наборам камплементарных паміж сабой прыкмет, на аснове чаго грунтуюцца ўзаемаадносіны паміж элементамі і забяспечваецца ўстойлівасць сістэмы. Тэорыя інфармацыі дазваляе ўвесці колькасныя ацэнкі ўзроўню арганізацыі, што забяспечваецца множнасцю, ступенню разнастайнасці элементаў і сувязяў паміж імі. На гэтай аснове адрозніваюць дэтэрмінаваныя, імаверныя і хаатычныя сістэмы. Біялагічныя сістэмы захоўваюць сваю спецыфічнасць у зменлівых умовах асяроддзя. Іх іерархічнасць і самарэгуляцыя забяспечваюцца шматузроўневым кіраваннем на аснове адваротных сувязяў. Гл. таксама Сістэмны падыход.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 174

БІЯЛАГІ́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

умоўны тэрмін, які абазначае здольнасць жывых арганізмаў арыентавацца ў часе. У аснове такой арыентацыі ляжыць перыядычнасць фіз.-хім. і фізіял. працэсаў у клетках (гл. Біялагічныя рытмы). Склаўся ў выніку эвалюц. адаптацыі да цыклічнасці працэсаў, што адбываюцца ў навакольным асяроддзі (змена дня і ночы, пораў года) і абумоўлены таксама цыклічнымі ваганнямі геафіз. фактараў (сутачная і сезонная перыядычнасць эл.-магн. поля Зямлі, сонечнай і касм. радыяцыі і інш.). Біялагічны гадзіннік дазваляе прыводзіць фізіялагічныя рытмы ў адпаведнасць з рытмам навакольнага асяроддзя і дае арганізмам і ўнутрыклетачным працэсам магчымасць «прадбачыць» сутачныя, сезонныя, гадавыя або шматгадовыя ваганні асветленасці, т-ры, прыліваў і інш. змен. Найб. яскрава гэта выяўляецца ў сутачных рытмах. У жывёл вымярэнне часу звязана з выпрацоўкай умоўных рэфлексаў на змену ўмоў навакольнага асяроддзя.

т. 3, с. 172

БІЯЛАГІ́ЧНЫ КАНТРО́ЛЬ,

1) сістэматычны адбор проб і аналіз канцэнтрацыі забруджвальнікаў, прадуктаў абмену і біятрансфармацыі ў чалавека і навакольным асяроддзі. Пры біялагічным кантролі вядзецца нагляд за колькасцю шкодных рэчываў у паветры, вадзе, глебе, харч. прадуктах, арганізмах і рэгіструюцца яе адхіленні ад прынятых нарматываў — гранічна дапушчальных канцэнтрацый (ГДК).

2) У замежнай л-ры тэрмін біялагічны кантроль выкарыстоўваецца як сінонім «біял. метаду» — сукупнасці прыёмаў скарачэння колькасці непажаданых арганізмаў з дапамогай інш. жывых істот і біяпрадуктаў.

3) Сукупнасць метадаў, якія забяспечваюць дасягненне мэт біялагічнага маніторынгу, кантроль за станам папуляцый, біяцэнозаў ці інш. біясістэм.

т. 3, с. 172

БІЯЛАГІ́ЧНЫ КРУГАВАРО́Т,

паступленне хім. элементаў з глебы, вады і атмасферы ў жывыя арганізмы, ператварэнне іх у новыя складаныя злучэнні і вяртанне зноў у глебу, ваду, атмасферу. Штогод частка арган. рэчыва або поўнасцю адмерлыя арганізмы выходзяць з цыкла і акумулююцца ў зямной кары. Біялагічны кругаварот узнік адначасова з паяўленнем жыцця на Зямлі і з’яўляецца бесперапынным цыклічным працэсам размеркавання рэчываў, энергіі і інфармацыі ў межах экалагічных сістэм. Аснова біялагічнага кругавароту — утварэнне ў працэсе фотасінтэзу першаснай прадукцыі (расліннай), ператварэнне яе ў другасную (у прыватнасці, жывёльную) і яе распад. Актыўны рух арган. рэчыва ў экалагічных сістэмах ажыццяўляецца па трафічных ланцугах. Асн. роля ў біялагічным кругавароце належыць першасным прадуцэнтам (зялёныя кветкавыя расліны, мікраскапічныя планктонныя водарасці, хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументам (жывёлы) і рэдуцэнтам (сапрафітныя арганізмы, пераважна бактэрыі). Біямаса арганізмаў розных трафічных узроўняў у межах трафічных ланцугоў неаднолькавая; яна вышэй на ўзроўні прадуцэнтаў і змяншаецца на меры прасоўвання да кансументаў вышэйшага парадку. Найб. значэнне мае біялагічны кругаварот так званых біяфільных (неабходных для жыцця) элементаў — азоту, фосфару, серы. Існуюць таксама кругавароты кіслароду, вадароду, вугляроду і інш. хім. элементаў, якія складаюць частку агульнага біялагічнага кругавароту, што цесна ўвязаны з біягеахімічным кругаваротам рэчываў. Інтэнсіўнасць біялагічнага кругавароту вызначае колькасць і разнастайнасць жывых арганізмаў, аб’ём назапашанай арган. прадукцыі, якая можа быць выкарыстана для задавальнення патрэб чалавека.

Прынцыповая схема біялагічнага кругавароту.

т. 3, с. 172

БІЯЛАГІ́ЧНЫ МАНІТО́РЫНГ,

комплексная сістэма доўгатэрміновага назірання, ацэнкі і прагнозу змяненняў стану навакольнага асяроддзя пад уплывам антрапагенных уздзеянняў. Адначасова ажыццяўляецца назіранне за натуральнай, малазмененай прыродай для параўнання пры ацэнцы антрапагенных змен. З’яўляецца інфармацыйным і не ўключае кіраванне якасцю навакольнага асяроддзя. Ажыццяўляецца на спец. станцыях і ў біясферных запаведніках. Беларусь прымае ўдзел у глабальным і рэгіянальным біялагічным маніторынгу: у сетку міжнар. маніторынгу ўключаны Бярэзінскі біясферны запаведнік і пункт кантролю трансгранічнага пераносу паветра каля г. Высокае (Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.).

т. 3, с. 172

БІЯЛАГІ́ЧНЫ О́ПТЫМУМ,

1) спрыяльныя ўмовы, у якіх від мае найб. жыццяздольнасць (рост, развіццё, размнажэнне). Адрозніваюць тэмпературныя, кіслародныя, светлавыя і інш. зоны біялагічнага оптымуму. Віды пры біялагічным оптымуме маюць выйгрыш пры міжвідавых адносінах і ў прыстасаванні да абіятычных фактараў.

2) Умовы, у якіх дадзенае згуртаванне мае перавагу перад іншымі.

3) Дынамічна-балансавае спалучэнне экалагічных фактараў, што забяспечвае ва ўмовах іх натуральных цыклічных ваганняў прыродную раўнавагу ў клімаксавай экасістэме або накіроўвае працэс у бок утварэння клімаксу. Гл. таксама Экалагічны песімум.

т. 3, с. 172

БІЯЛАГІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С,

эвалюцыйны ўздым дадзенай групы арганізмаў у барацьбе за існаванне, які характарызуецца біял. росквітам таксона. Адзначаецца павышэннем колькасці асобін, пашырэннем яго арэала, павелічэннем колькасці даччыных таксанамічных адзінак і інш. (напр., асобныя віды насякомых, касцістыя рыбы, кветкавыя расліны і інш.). Вылучаюць 3 асн. шляхі дасягнення біялагічнага прагрэсу: арамарфоз, алагенез і катагенез. Тэрмін увёў рус. вучоны А.​М.​Северцаў (1925). Параўн. Біялагічны рэгрэс.

т. 3, с. 172

БІЯЛАГІ́ЧНЫ РЭГРЭ́С,

эвалюцыйны заняпад дадзенай групы арганізмаў, якая не змагла прыстасавацца да змен умоў навакольнага асяроддзя або не вытрымала канкурэнцыі з інш. групамі. Характарызуецца змяншэннем колькасці асобін у пэўным таксоне і падпарадкаваных сістэматычных груп, звужэннем яго арэала, паступова можа прывесці да вымірання дадзенай групы арганізмаў (напр., род хахуляў, сям. гінкгавых; рэптыліі, якія былі пашыраны ў мезазоі, цяпер іх значна менш і арэал абмежаваны). Тэрмін увёў рус. вучоны А.​М.​Северцаў (1925). Параўн. Біялагічны прагрэс.

т. 3, с. 172