Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАМУРА́ПІ ЗАКО́НЫ,

збор законаў рабаўладальніцкай дзяржавы Вавілоніі, названы па імю яе цара Хамурапі. Складзены каля 1760 да н.э. Налічваюць 282 арт., у якіх разглядаюцца пытанні працэсуальнага характару, адносіны ўласнасці, царскай службы, шлюбу і сям’і, абавязацельстваў і інш. У аснову зборніка пакладзены старое звычаёвае права, шумерскія судзебнікі і новае заканадаўства. Нормы законаў недасканалыя з пункту гледжання іх паўнаты, вызначаюцца катэгарычнасцю, няма сістэмы ў іх выкладанні, хаця пэўная логіка прысутнічае. Тэксты складзены ў асноўным у казуістычнай форме. У адрозненне ад інш. усх. кадыфікацый не маюць рэліг. і маралізуючага элементаў. Каштоўны помнік стараж. ўсх. права.

т. 16, с. 536

ХАМУТО́ЎКА,

другая назва ракі Пыранка ў Гродзенскім р-не.

т. 16, с. 536

ХА́МФРЫ (Humplirey) Дорыс (17.10.1895, г. Ок-Парк, ЗША — 29.12.1958),

амерыканская танцоўшчыца, харэограф, педагог, тэарэтык танца; адна з заснавальнікаў і вядучых прадстаўнікоў амер. танца мадэрн. З 1917 у трупе «Дэнішоўн». У 1928 арганізавала (з Ч.​Вейдманам) школу і трупу ў Нью-Йорку, адначасова з 1934 выкладала ў танц. школах. З 1945 з Х.Лімонам узначальвала яго трупу. Сярод пастановак: «Трагічная саната» (1923), «Эцюд, прысвечаны вадзе» (1928; абедзве без муз. суправаджэння), трылогія «Новы танец», «Тэатральны эцюд», «З маімі чырвонымі агнямі» на муз. У.​Рыгера (1935—36; 1-я ч. з Вейдманам), «Дзень на зямлі» на муз. А.​Копленда (1947), «Руіны і прывіды» на муз. Б.​Брытэна (1953) і інш. Распрацавала (з Вейдманам) методыку аналізу кампазіцыйнай, рытмічнай і пластыка-дынамічнай структуры танца.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 16, с. 536

ХАМХЫ́Н,

горад у КНДР, на р. Санчханган. Адм. ц. прав. Хамгён-Намдо. 701 тыс. ж. (1987). Трансп. вузел. Порт на р. Санчханган, паблізу Усх.-Карэйскага зал. Японскага мора. Разам з аванпортам Хынам утварае прамысл. вузел. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне, каляровая металургія (алюміній), хім. (сінт. прадукты, пластмасы), эл.-тэхн., тэкст. (шоўк, шэрсць), абутковая, харчасмакавая, цэментавая. Каскад ГЭС. Рыбалоўства.

т. 16, с. 536

ХАМЧАНО́ЎСКІ Уладзімір Антонавіч (1920, в. Пірагі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 19.12.1942),

Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў Аршанскі настаўніцкі ін-т (1939). У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 камандзір падп. групы Расонскага патрыят. падполля, з крас. 1942 у партызанах. 19.12.1942 з групай партызан трапіў у засаду каля в. Гліснаўка Полацкага р-на; прыкрываючы адыход партызан, уступіў у бой з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка, загінуў. У Мінску ўстаноўлены яго бюст, у в. Пірагі — помнік.

У.А.Хамчаноўскі.

т. 16, с. 536

ХАМЯКІ́ (Cricetine),

падсямейства хамяковых атр. грызуноў (зрэдку вылучаюць у асобнае сямейства). 60—80 родаў, 380—390 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Аўстраліі, тропікаў Азіі і Афрыкі. Жывуць на адкрытых ландшафтах гор і раўнін у норах. На Беларусі ў паўд.-зах. ч. Брэсцкай і паўд.-ўсх. ч. Гомельскай абл. да 1960-х г. трапляўся Х. звычайны (Cricetus cricetus).

Даўж. цела 5—36 см, хваста 0,7—33 см, маса 7—250 г. Афарбоўка ад попельнай або буравата-шэрай да цёмнай карычнева-вохрыстай; зрэдку ўздоўж спіны — чорная паласа і чорна-белыя плямы ў пярэдняй ч. тулава. У большасці ёсць зашчочныя мяшкі. Некат, зімой у спячцы. Нараджаюць да 18 дзіцянят. Кормяцца насеннем, ч. раслін. насякомымі, дробнымі пазваночнымі; назапашваюць кармы. Шкоднікі сельскай гаспадаркі. Пераносчыкі інфекц. хвароб. Выкарыстоўваюцца як эксперым. жывёлы.

Хамякі: 1 — звычайны; 2 — перадкаўказскі.

т. 16, с. 536

ХАМЯКО́Ў Аляксей Сцяпанавіч (13.5.1804, Масква — 5.10.1860),

рускі філосаф, гісторык, паэт і публіцыст, адзін з заснавальнікаў славянафільства. Скончыў Маскоўскі ун-т (1822). Да 1829 на ваен. службе, потым займаўся літ. і грамадскай дзейнасцю. Выступаў за самаўладную дзяржаўнасць, але лічыў мэтазгодным яе рэфармаванне ў ліберальным кірунку, ліквідацыю прыгоннага права і смяротнага пакарання. Яго філас. погляды грунтаваліся на багаслоўскіх ідэях хрысціянства, найперш на вучэнні пра саборнасць, якую разумеў як мноства, аб’яднанае сілай любві ў арган. цэлае, як гарманічнае спалучэнне адзінства і свабоды. На яго думку, яднанне ў ісціне рэалізуецца толькі правасл. царквой. бо каталіцызм сцвярджае толькі адзінства, а пратэстантызм — свабоду. Анталогія Х. тэацэнтрычная: першаасновай усяго існага лічыў божы розум. Сцвярджаў, што розум (божы і чалавечы) непарыўна звязаны з воляй. Адвяргаў рацыяналізм, які, на яго думку, супярэчыць саборнаму пачатку, і абгрунтоўваў неабходнасць цэласных ведаў. Усеаг. гісторыю тлумачыў як вынік узаемадзеяння 2 пачаткаў: «іранскага» (сімвал свабоды духу, маральнай самасвядомасці) і «кушыцкага» (сімвал панавання неабходнасці і чалавечай пакорнасці). На яго думку, Расія ўвасабляе «іранскі» пачатак і процістаіць нац. і рэліг. абсалютызацыі і самаізаляцыі. Будучыню Расіі звязваў з «уваскрашэннем стараж. Русі». Славянафільскім пафасам прасякнута і яго паэзія, у якой заклік да аб’яднання славян пад эгідай Расіі (вершы «Развітанне з Адрыянопалем», «Арол»), адлюстраваны грамадскі ідэал Х. (вершаваныя трагедыі «Ярмак», паст. 1827, «Дзмітрый Самазванец», паст. 1833). Аўтар працы «Запіскі пра ўсеагульную гісторыю» (ч. 1—2, выд. 1871—73), публіцыст. твораў «Пра старое і новае» (1839), «Пра магчымасць рускай мастацкай школы» (1847), зб. «24 вершы» (1844) і інш.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1994: Стихотворения и драмы. Л., 1969;

О старом и новом: Стати и очерки. М., 1988;

Сочинения богословские СПб., 1995.

Літ.:

Сухов А.Д. Хомяков, философ славянофильства. М., 1993;

Благова Т.И. Родоначальники славянофильства: А.​Хомяков и И.​Киреевский. М., 1995;

Зернов Н.М. Три русских пророка: Хомяков. Достоевский. Соловьев: Пер. с англ. М., 1995;

Бердяев Н.А. А.​С.​Хомяков. Томск, 1996;

Кошелев В.А. А.​С.​Хомяков, жизнеописание в документах, в рассуждениях и разысканиях. М., 2000.

Т.​І.​Адула.

т. 16, с. 536

ХАМЯНКО́Ў Мікалай Нічыпаравіч (1923, в. Ад’езджае Калужскай вобл., Расія — 22.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). З 1942 на 1-м Прыбалт. фронце. Наводчык процітанк. ружжа радавы Х. вызначыўся 22.6.1944 пры прарыве ўмацаванай абароны ворага каля в. Карташы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл., дзе, замяніўшы камандзіра, узняў роту ў атаку, асабіста знішчыў 5 кулямётных кропак з разлікам праціўніка; загінуў у гэтым баі.

т. 16, с. 537

ХАМЯЧКІ́,

грызуны падсям. хамяковых. 40 родаў, 96 відаў. Пашыраны ўсюды за выключэннем Антарктыкі і Аўстралійска-Малайскай вобл. Жывуць у розных ландшафтах, большасць норныя. Найб. вял. роды Х.: беланогія (Peromyscus, 49 відаў), паўд.-амер. палявыя (Akodon, 33 віды).

Даўж. цела 5—25 см, хваста 0,7—21,5 см. Нагадваюць мышэй. Валасяное покрыва густое і мяккае, пераважна аднатоннае, на спіне ад светла- да цёмна-карычневага, на бруху святлейшае. Канечнасці 5-пальцыя, пальцы з Моднымі кіпцюрамі. Нараджаюць да 20 дзіцянят. Кормяцца раслінамі (насенне, ягады, вегетатыўныя ч.), насякомымі. Шкоднікі сельскай гаспадаркі. Пераносчыкі інфекц. хвароб. Маюць прамысл. значэнне.

Хамячкі: 1 — джунгарскі; 2 — барабінскі, або даурскі; 3 — Рабароўскага; 4 — шэры.

т. 16, с. 537