падсямейства хамяковых атр. грызуноў (зрэдку вылучаюць у асобнае сямейства). 60—80 родаў, 380—390 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Аўстраліі, тропікаў Азіі і Афрыкі. Жывуць на адкрытых ландшафтах гор і раўнін у норах. На Беларусі ў паўд.-зах.ч. Брэсцкай і паўд.-ўсх.ч. Гомельскай абл. да 1960-х г. трапляўся Х. звычайны (Cricetus cricetus).
Даўж. цела 5—36 см, хваста 0,7—33 см, маса 7—250 г. Афарбоўка ад попельнай або буравата-шэрай да цёмнай карычнева-вохрыстай; зрэдку ўздоўж спіны — чорная паласа і чорна-белыя плямы ў пярэдняй ч. тулава. У большасці ёсць зашчочныя мяшкі. Некат, зімой у спячцы. Нараджаюць да 18 дзіцянят. Кормяцца насеннем, ч. раслін. насякомымі, дробнымі пазваночнымі; назапашваюць кармы. Шкоднікі сельскай гаспадаркі. Пераносчыкі інфекц. хвароб. Выкарыстоўваюцца як эксперым. жывёлы.