ХАМЯКО́Ў Аляксей Сцяпанавіч (13.5.1804, Масква — 5.10.1860),
рускі філосаф, гісторык, паэт і публіцыст, адзін з заснавальнікаў славянафільства. Скончыў Маскоўскі ун-т (1822). Да 1829 на ваен. службе, потым займаўся літ. і грамадскай дзейнасцю. Выступаў за самаўладную дзяржаўнасць, але лічыў мэтазгодным яе рэфармаванне ў ліберальным кірунку, ліквідацыю прыгоннага права і смяротнага пакарання. Яго філас. погляды грунтаваліся на багаслоўскіх ідэях хрысціянства, найперш на вучэнні пра саборнасць, якую разумеў як мноства, аб’яднанае сілай любві ў арган. цэлае, як гарманічнае спалучэнне адзінства і свабоды. На яго думку, яднанне ў ісціне рэалізуецца толькі правасл. царквой. бо каталіцызм сцвярджае толькі адзінства, а пратэстантызм — свабоду. Анталогія Х. тэацэнтрычная: першаасновай усяго існага лічыў божы розум. Сцвярджаў, што розум (божы і чалавечы) непарыўна звязаны з воляй. Адвяргаў рацыяналізм, які, на яго думку, супярэчыць саборнаму пачатку, і абгрунтоўваў неабходнасць цэласных ведаў. Усеаг. гісторыю тлумачыў як вынік узаемадзеяння 2 пачаткаў: «іранскага» (сімвал свабоды духу, маральнай самасвядомасці) і «кушыцкага» (сімвал панавання неабходнасці і чалавечай пакорнасці). На яго думку, Расія ўвасабляе «іранскі» пачатак і процістаіць нац. і рэліг. абсалютызацыі і самаізаляцыі. Будучыню Расіі звязваў з «уваскрашэннем стараж. Русі». Славянафільскім пафасам прасякнута і яго паэзія, у якой заклік да аб’яднання славян пад эгідай Расіі (вершы «Развітанне з Адрыянопалем», «Арол»), адлюстраваны грамадскі ідэал Х. (вершаваныя трагедыі «Ярмак», паст. 1827, «Дзмітрый Самазванец», паст. 1833). Аўтар працы «Запіскі пра ўсеагульную гісторыю» (ч. 1—2, выд. 1871—73), публіцыст. твораў «Пра старое і новае» (1839), «Пра магчымасць рускай мастацкай школы» (1847), зб. «24 вершы» (1844) і інш.
Тв.:
Соч. Т. 1—2. М., 1994: Стихотворения и драмы. Л., 1969;
О старом и новом: Стати и очерки. М., 1988;
Сочинения богословские СПб., 1995.
Літ.:
Сухов А.Д. Хомяков, философ славянофильства. М., 1993;
Благова Т.И. Родоначальники славянофильства: А.Хомяков и И.Киреевский. М., 1995;
Зернов Н.М. Три русских пророка: Хомяков. Достоевский. Соловьев: Пер. с англ. М., 1995;
Бердяев Н.А. А.С.Хомяков. Томск, 1996;
Кошелев В.А. А.С.Хомяков, жизнеописание в документах, в рассуждениях и разысканиях. М., 2000.
Т.І.Адула.
т. 16, с. 536