Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БІ́РМІНГЕМ

(Birmingham),

старэйшы жалезарудны басейн у ЗША (штат Алабама). Асадкавыя радовішчы (аалітавыя і астаткавыя гематытавыя руды). Агульныя запасы больш за 2 млрд. т руды. Колькасць жалеза 23—45% (першасныя руды), 38—56% (выветраныя руды). Цэнтр здабычы — г. Бірмінгем.

т. 3, с. 157

БІРО́НАЎШЧЫНА,

рэакцыйны рэжым у Расіі ў 1730—40-я г. Назва ад прозвішча фаварыта імператрыцы Ганны Іванаўны Эрнста Іагана Бірона (1690—1772), які фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках усю ўладу ў краіне. Характэрным для біронаўшчыны было засілле іншаземцаў ва ўсіх кіруючых установах, раскраданне дзярж. сродкаў, сістэма шпіянажу, даносаў, рэпрэсій, узмацненне феад. прыгоннага ўціску. Пасля смерці Ганны Іванаўны Бірон пазбаўлены ўсіх пасад.

Літ.:

Строев В. Бироновщина и Кабинет министров: Очерк внутренней политики императрицы Анны. Ч. 1—2. М.; СПб., 1909—10.

т. 3, с. 157

БІРС

(Bierce) Амброз Гвінет (24.6.1842, Хорс-Кейв-Крык, штат Агайо, ЗША — 11.1.1914),

амерыканскі пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1870—90-я г. журналіст. Аўтар зб-каў аповесцяў і апавяданняў «Танец смерці» (1877), «Пра вайскоўцаў і цывільных» (1891), «Хіба можа быць такое?» (1893), «Фантастычныя байкі» (1899), у якіх, пад відавочным уплывам Э.По, напружаныя і займальныя сюжэты спалучаў з вытанчаным гумарам, сатыр. з’едлівасцю, песімістычным стаўленнем да жыцця. У багатай эсэістыцы (кн. «Д’яблава зачараванасць», 1872; «Павуцінне ў чэрапе», 1873; «Цень на цыферблаце», 1909; «Слоўнік д’ябла», 1911; «Батальныя накіды», выд. 1930, і інш.) з іроніяй, часам з пэўнай доляй цынізму апавядаў пра сучасныя яму грамадскія з’явы. Некаторыя творы Бірса пераклаў на бел. мову А.Кудраўцаў.

Тв.:

The Collected writings. New York, 1946;

Бел. пер. — Чужынец: Апавяданне // Далягляды. Мн., 1992;

Са «Слоўніка д’ябла»;

Забіты пад Рэсакай: Апавяданне // Крыніца. 1994. № 6 (12);

Рус. пер. — Заколоченное окно: Рассказы и миниатюры. Свердловск, 1989;

Страж мертвеца: Рассказы. М., 1991.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 3, с. 157

БІРУЗА́

(ад перс. фірузе),

мінерал класа фасфатаў, водны гідраксілфасфат медзі і алюмінію, CuAl6[PO4]4(OH)8·5H2O. Мае прымесі жалеза, кальцыю, цынку і інш.

Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае масіўныя, шчыльныя або скрытакрышталічныя да буйназярністых агрэгаты. Колер ад блакітнага да зялёнага. Бляск матавы, васковы. Цв. 5—6. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Другасны мінерал, утвараецца ў арыдных абласцях пры ўздзеянні паверхневых водаў на гліназёмныя пароды. Паўкаштоўны камень. Зялёныя разнавіднасці выкарыстоўваюцца як ювелірна-вырабныя камяні. Радовішчы ў Іране, Таджыкістане, Узбекістане, ЗША і інш.

т. 3, с. 157

БІРУЗО́ВА,

вёска ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Расонскі». За 4 км на ПдУ ад г.п. Расоны, 155 км ад Віцебска, 45 км ад чыг. ст. Полацк. 346 ж., 147 двароў (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 3, с. 157

БІРУЗО́Ў Сяргей Сямёнавіч

(8.8.1904, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 19.10.1964),

савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1955). Герой Сав. Саюза (1958). У Чырв. Арміі з 1922. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1937). У Вял. Айч. вайну камандуючы арміяй, нач. штаба 4-га, 3-га Укр. франтоў. Удзельнік баёў на Паўн.-Зах. і Бранскім франтах, Сталінградскай бітвы, Міускай і Яска-Кішынёўскай аперацый, вызвалення Югаславіі. З 1955 нам. міністра абароны, з 1963 нач. Генштаба Узбр. Сіл СССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1946—50 і ў 1954. Аўтар мемуараў з часоў Вял. Айч. вайны.

т. 3, с. 157

БІРУКО́Ў Марат Паўлавіч

(н. 12.3.1938, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэорыі надзейнасці. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1960). З 1972 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі, адначасова з 1994 праф. Бел. тэхнал. ун-та. Навук. працы па імавернасным прагназаванні надзейнасці машын і іх тэхн. дыягностыцы на стадыі паскораных выпрабаванняў і эксплуатацыі.

Тв.:

Теория и расчет механизмов и их деталей. Мн., 1975;

Динамика и прогнозирующий расчет механических систем. Мн., 1980.

т. 3, с. 157

Бірукоў Барыс Рыгоравіч

т. 18, кн. 1, с. 352

«БІРУ́ЛЬКІ»,

бел. нар. гульня. З кучкі дробных прадметаў неабходна выбраць кручком усе прадметы адзін за адным, не пасунуўшы пры гэтым астатніх.

т. 3, с. 157

БІРУНІ́ Абу Рэйхан Мухамед ібн Ахмед аль-Біруні

(4.10.973, Харэзм, Узбекістан — 13.12.1048?),

сярэднеазіяцкі вучоны-энцыклапедыст. Працы па гісторыі, матэматыцы, астраноміі («Канон Масуда», 1030), геаграфіі, тапаграфіі, фізіцы, медыцыне, геалогіі, мінералогіі і інш. Упершыню на Сярэднім Усходзе выказаў думку аб тым, што Зямля рухаецца вакол Сонца.

т. 3, с. 157