БУТМІ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА , археалагічная культура позняга неаліту (4-е тыс. да н.э.) на тэр. Босніі і Герцагавіны. Назва ад стаянкі Бутмір паміж г. Сараева і р. Босна. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло ў паўзямлянках і наземных жытлах з чароту і гліны. Кераміка — грушападобныя амфары, пасудзіны на паддонах, ахвярнікі на 4 ножках, упрыгожаныя спіральным арнаментам, антрапаморфныя статуэткі.
т. 3, с. 360
БУТО́Н
(франц. bouton),
пупышка, якая распускаецца ў кветку. Звычайна бутон адрозніваецца ад лісцевых пупышак той жа расліны памерамі і прытупленай верхавінкай. Усе часткі кветкі ў бутоне ўжо сфарміраваныя. Па папярочным зрэзе праз бутон складаюць дыяграмы кветкі, што даюць нагляднае ўяўленне пра лік і ўзаемнае размеркаванне яе асобных частак. Вывучэнне бутонаў мае значэнне ў марфал. характарыстыцы розных сям. раслін і іх сістэматыцы.
т. 3, с. 360
БУТРАМЕ́ЕЎ Уладзімір Пятровіч
(н. 20.3.1953, в. Расна Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1974), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў (1987) і Вышэйшыя літ. Курсы (1991) у Маскве. Настаўнічаў на Магілёўшчыне, Слонімшчыне. У друку выступае як празаік і драматург. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар кніг аповесцяў і апавяданняў «Кахаць і верыць» (1986), «Зрушэнне» (1989), «Задарожжа» (1993), п’ес «Ізноў Несцерка» (паст. 1987), «Страсці па Аўдзею» (паст. 1989). Адзін з аўтараў сцэнарыя тэлефільма «Наш сад» (з Я.Міцько, паст. 1987).
Тв.:
Вялікія і славутыя старажытнага свету: Энцыкл. для дзяцей. Мн., 1995;
Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі. Мн., 1995;
Великие и знаменитые: Средние века и эпоха Возрождения. М., 1995.
т. 3, с. 360
БУ́ТРАС-ГА́ЛІ
(Boutros-Ghali) Бутрас (н. 4.11.1922, Каір),
палітычны і дзярж. дзеяч Егіпта. Адукацыю атрымаў у Каірскім і Парыжскім ун-тах. Праф. міжнар. права Каірскага ун-та (1949—79). Дырэктар цэнтра даследаванняў Гаагскай акадэміі міжнар.. права (1967—69). Міністр замежных спраў (з 1977), чл. парламента Егіпта з 1987. З 1991 віцэпрэм’ер. Удзельнічаў у падпісанні Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў (1978), пасяджэннях Ген. Асамблеі ААН (1979, 1982 і 1990). Абраны Ген. сакратаром ААН на перыяд 1992—96.
т. 3, с. 360
БУТРЫМО́ВІЧЫ,
Бутрымы, шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Паходзяць ад літоўскага баярына Бутрыма, які ўдзельнічаў у заключэнні Гарадзельскай уніі 1413. Найб. Вядомыя: Ян, намеснік смаленскі ў 1422. Ян, шамбялян Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1789. Адрыян, уніяцкі епіскап-суфраган пінскі і тураўскі, у 1793 суфраган кіеўскага мітрапаліта. Мацей (1745—1814), дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай. Вучыўся ў Пінскім езуіцкім калегіуме. З 1778 канюшы, з 1780 мечнік, з 1783 суддзя гродскі, з 1785 падстароста, з 1791 лоўчы пінскі. Набліжаны гетмана М.К.Агінскага. Ініцыятар шырокіх гасп. пераўтварэнняў на Піншчыне. Ажыццяўляў пракладку гасцінцаў, Мухавецкага і Агінскага каналаў, праводзіў меліярацыю. Удзельнічаў у працы Чатырохгадовага сойма 1788—92, падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791.
т. 3, с. 360
БУТУ́АН
(Butuan),
горад на Філіпінах, на в-ве Мінданао. Адм. ц. прав. Агусандэль-Нортэ. 227,8 тыс. ж. (1990). Порт у вусці р. Агусан (вываз абакі, копры). Аэрапорт. Гандл. Цэнтр.
т. 3, с. 360
БУТУРЛІ́Н Васіль Васілевіч
(?—1656),
рускі ваенны дзеяч, дыпламат. З 1640 акольнічы, з 1652 прыбліжаны баярын і дварэцкі цара Аляксея Міхайлавіча. Суддзя Разбойнага прыказа (1650—51) і Прыказа Вял. дварца (1652—54). У 1648 люта расправіўся з удзельнікамі паўстання ў Курску. У 1653 узначаліў рус. пасольства на Украіну. На Пераяслаўскай радзе 1654 прывёў да прысягі на вернасць Расіі яе ўдзельнікаў. У 1655 камандуючы войскамі, якія былі пасланы на дапамогу Хмяльніцкаму супраць польскіх войскаў.
т. 3, с. 360
БУТЫ́ЛАВЫЯ СПІРТЫ́,
бутанолы, аліфатычныя насычаныя спірты, C4H9OH. Вядомы 4 ізамерныя бутанолавыя спірты: 1-бутанол (першасны); 2-бутанол (другасны); 2-метыл-1-прапанол (ізабутылавы); 2-метыл-2-прапанол (трацічны).
Бясколерныя вадкасці са спіртавым пахам, tкіп 117,4 °C, шчыльн. 809,9 кг/м³ (першасны бутанолавы спірт), трацічны бутанолавы спірт — цвёрдае рэчыва з пахам цвілі, tпл 25,5 °C, 82,5 ºС, шчыльн. 788,7 кг/м³ (20 ºС). Раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках. Ізабутылавы вылучаюць з сівушнага алею перагонкай, астатнія атрымліваюць сінтэтычна. Выкарыстоўваюцца як растваральнікі ў лакафарбавай прам-сці, для сінтэзу арган. рэчываў, у вытв-сці пластыфікатараў, пестыцыдаў, лек. сродкаў.
т. 3, с. 361
БУТЫЛАЦЭТА́ТЫ,
арганічныя рэчывы, складаныя эфіры воцатнай к-ты і бутылавых спіртоў, CH3COOC4H9. Бясколерныя вадкасці з фруктовым пахам, tкіп 126,3 °C, шчыльн. 881,3 кг/м³ (н-бутылацэтат), tкіп 116,5 °C, шчыльн. 858 кг/м³ (ізабутылацэтат). Мала растваральныя ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. У прам-сці атрымліваюць этэрыфікацыяй у прысутнасці сернай к-ты. Выкарыстоўваюцца як растваральнікі лакафарбавых матэрыялаў, палімераў, пахучыя рэчывы для фруктовых эсенцый, у парфумерыі.
т. 3, с. 361
БУТЫЛКАЎЧУКІ́.
сінтэтычны палімер, супалімер ізабутылену з невял. колькасцю ізапрэну, [—C(CH3)2—CH2—]m—[—CH2—C(CH3)=CH—CH2—]n. Мал. маса (3—7)·105, шчыльн. 910—920 кг/м³, т-ра шклавання -69 °C. Асаблівасці — нізкія ненасычанасць, пара- і газапранікальнасць. Атрымліваюць нізкатэмпературнай (ад -80 °C да -95 °C) полімерызацыяй ізабутылену з 0,6—5 малярнымі % ізапрэну ў прысутнасці каталізатара (хларыд алюмінію AlCl3). Гума на аснове бутылкаўчукоў ўстойлівая да ўздзеяння азону, к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці аўтамабільных і варачных камер, дыяфрагмаў фарматараў-вулканізатараў шын, дэталяў харч. машынабудавання, мед. вырабаў, электраізаляцыйных матэрыялаў і інш.
т. 3, с. 361