Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУРАКО́Ў Віктар Сямёнавіч

(н. 25.3.1931, в. Забалоцце Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1986; чл.-кар. 1980), д-р фізіка-матэм. н. (1977), праф. (1978). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1955). З 1969 нам. дырэктара Ін-та фізікі, з 1992 акад.-сакратар Аддз. фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, адначасова ў 1992—93 дырэктар-арганізатар Ін-та малекулярнай і атамнай фізікі АН Беларусі. Навук. працы па спектральным аналізе, квантавай электроніцы, лазернай дыягностыцы нізка- і высокатэмпературнай плазмы. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Тв.:

Практическое руководство по спектральному анализу. Мн., 1960 (разам з А.А.Янкоўскім);

Лазерная спектроскопия плазменных образований // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980.

Літ.:

В.С.Бураков: (к 60-летию со дня рождения) // Журн. прикладной спектроскопии. 1991. № 3.

т. 3, с. 344

БУРА́КС,

крышталегідрат натрыю тэтрабарату Na2B4O7·10H2O. У прыродзе мінерал класа баратаў. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Бясколерныя ці белыя крышталі, суцэльныя зямлістыя масы, скарынкі, лінзы, пражылкі ў гліністых пародах. Бляск шкляны. Паўпразрысты. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 1,7 г/см³. Мае саладкавата-шчолачны смак. Раскладаецца моцнымі кіслотамі. Утвараецца пры выпарэнні салёных азёр, у выглядзе выцветаў на глебе ў засушлівых рэгіёнах і інш. Пры награванні да 380 °C ступеньчата абязводжваецца; бязводны крышталічны прадукт мае tпл 742 °C, tкіп 1675 °C; раствараецца ў вадзе лепш, чым крышталегідрат. Выкарыстоўваюць у вытв-сці злучэнняў бору, аптычнага і каляровага шкла, эмаляў і палівы, мыйных сродкаў, пры пайцы і зварцы металаў, дубленні скуры, як мікраўгнаенне, кансервант, мед. прэпарат.

т. 3, с. 344

БУРА́ЛКІН Генадзь Васілевіч

(н. 12.2.1942, г. Ленінагорск, Казахстан),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Старшыня Саюза мастакоў Беларусі з 1990. Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэмы ўзятыя з нар. жыцця, знітаваныя з памяццю гісторыі, нац. паданнямі. Творы вызначаюцца манументальнасцю, філасафічнасцю вобразаў, вытанчанасцю формаў: манумент шахцёрскай славы ў Салігорску (1976), мемарыяльны знак у гонар 850-годдзя Гродна (1978), станковыя кампазіцыі «Песня пратэсту» (1977), «Вясна Перамогі» (1978), «Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі» (1979), «Яблынька» (1981), шэраг жаночых партрэтаў (1980-я г.), «Памяці В.Хары» (1987), «Музыка» (1990), «Двое», «Сын зямлі» (абодва 1991), «Лясное возера» (1992), «Кастусь Каліноўскі», «Белая Ганча», «Сумненне» (усе 1993), «Вяртанне белага анёла», «Сымон-музыка», «Адам і Ева» (усе 1994), «Скок» (1995), серыя «Прысвячэнне П.Пікаса» (1996). Афармленне інтэр’ераў драм. тэатра (у сааўт.) і Дома грамадз. абрадаў у Гродне (1970-я г).

Г.А.Фатыхава.

т. 3, с. 344

«БУРА́Н»,

савецкі крылаты арбітальны карабель шматразовага выкарыстання. Адзіны беспілотны палёт з пасадкай у аўтаматычным рэжыме здзейснены 15.11.1988. Прызначаны для вывядзення на арбіту складаных касм. аб’ектаў і іх абслугоўвання, дастаўкі на Зямлю прадукцыі касм. вытв-сцяў і выканання грузапасажырскіх перавозак па маршруце Зямля — космас — Зямля.

Сканструяваны па самалётнай схеме тыпу «бясхвостка» з нізкаразмешчаным крылом падвойнай стрэлападобнасці. У насавым адсеку знаходзіцца герметычная кабіна для экіпажа (2—4 чал.) і пасажыраў (да 6 чал.), агрэгаты дыстанцыйнага кіравання і паліўныя бакі. Агульная стартавая маса да 105 т, даўж 36,4 м, выш. 16,5 м, размах крыла каля 24 м, грузападымальнасць да 30 т. Старт карабля выконваецца з дапамогай ракеты-носьбіта «Энергія», спуск і пасадка — па «самалётным» рэжыме. Гл. «Спэйс Шатл».

т. 3, с. 344

БУРА́Н

(цюрк.),

мяцеліца пры моцным ветры і нізкіх тэмпературах паветра. Узнікае пры снегападзе. Тэрмін ужываецца пераважна ў стэпавых раёнах Расіі і Казахстана.

т. 3, с. 344

БУРА́Н Васіль Якімавіч

(н. 28.4.1924, с. Балын Ліцінскага р-на Вінніцкай вобл., Украіна),

бел. і ўкр. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1968). Праф. (1995). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954). Працаваў у Маладзечанскай абл. б-цы, Мін-ве культуры Беларусі, Мінскім пед. ін-це. З 1970 у Кіеўскім ін-це культуры. Даследуе праблемы бел. і ўкр. л-р, кнігазнаўства, бібліяграфіі. Піша на бел. і ўкр. мовах. Адзін з даследчыкаў творчасці В.Быкава (манаграфія «Васіль Быкаў», 1976). Аўтар падручніка «Асновы кнігазнаўства» (1996), рэцэнзій і артыкулаў пра творчасць А.Кулакоўскага, А.Марціновіча, І.Навуменкі, Р.Няхая, М.Ракітнага, Б.Сачанкі і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове), падручніка «Бібліяграфія: Агульны курс» (1984).

т. 3, с. 344

БУ́РАС

(Borås),

горад на ПдЗ Швецыі. 103,4 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел. Буйнейшы ў краіне цэнтр тэкст. і швейнай прам-сці. Маш.-буд. і эл.-тэхн. з-ды. Музей рамёстваў. Царква 17 ст.

т. 3, с. 345

БУРА́ТЫ

(саманазва бурат),

нацыя, асн. насельніцтва Бураціі (206,9 тыс. чал.). Усяго ў краінах СНД 353 тыс. чал. (1979). Жывуць таксама на Пн Манголіі і ПнУ Кітая. Агульная колькасць 453 тыс. чал. (1987). Гавораць на бурацкай мове. Паводле рэлігіі ламаісты.

т. 3, с. 345

БУ́РАЎ Андрэй Канстанцінавіч

(15.10.1900, Масква — 7.5.1957),

рускі архітэктар. Д-р тэхн. н. (1952). Вучыўся ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1918—25). Вывучаў архітэктуру ў ЗША і Еўропе (1925—36). Выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це (1936—38) і ў Ін-це аспірантуры Акадэміі архітэктуры СССР (1934—56). У ранніх працах прыхільнік канструктывізму, пазней перарабляў формы стараж.-рус. і класічнай архітэктуры, надаваў асаблівую ўвагу колеру і дэталям (інтэр’еры Гіст. музея, 1937; фасад Дома архітэктараў, 1940, Масква). Пад яго кіраўніцтвам створаны серыі праектаў буйнаблочных і буйнапанэльных жылых дамоў (1948—49). Распрацаваў спосаб вырабу сінт. звышмоцных матэрыялаў і спраектаваў серыю дамоў з іх (1956).

Тв.:

Об архитектуре. М., 1960.

т. 3, с. 345

БУРАЎЗРЫЎНЫ́Я РАБО́ТЫ,

сукупнасць вытв. працэсаў па аддзяленні ад масіву часткі горнай пароды з адначасовым яе раздрабненнем і перамяшчэннем пры дапамозе ўзрыву. Уключаюць бурэнне зарадных поласцяў (шпураў, свідравін, камер), размяшчэнне ў іх зарадаў выбуховых рэчываў (зараджанне), забіванне і ўзбуджэнне зарадаў (ініцыіраванне ўзрыву). Выкарыстоўваюць пры разведцы і здабычы карысных выкапняў, буд-ве плацін і інш.

т. 3, с. 345