Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУКСТЭХУ́ДЭ

(Buxtehude) Дзітрых (1637, Ольдэсла, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 9.5.1707),

дацка-нямецкі кампазітар, арганіст. Сын і вучань Іагана Б. З 1657 працаваў царк. арганістам у Швецыі і Даніі, з 1668 у г. Любек (Германія), дзе стаў вядомы як арганіст-віртуоз. Пісаў свецкую і духоўную музыку, якую выконваў на арганізаваных ім т.зв. «вячэрніх канцэртах». Вак.-інстр. музыку пісаў пад уплывам італьян. узораў, у арганных творах выступіў як прадстаўнік паўн.-ням. барока і буйнейшы папярэднік І.С.Баха. Сярод твораў: Missa brevis, магніфікат, араторыі, кантаты (больш за 120), матэты, камерна-інстр. творы (у т. л. 2 зборнікі трыо-санат, 1696), такаты, прэлюдыі і фугі, харальныя апрацоўкі для аргана, сюіты і варыяцыі для клавіра.

т. 3, с. 325

БУКЦЫ́НУМ

(Buccinum),

род марскіх бруханогіх малюскаў атр. стэнаглосных. 86 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ў халодных і ўмераных водах. Асобныя віды трапляюцца ў субтрапічных водах каля берагоў Японіі і ў Міжземным м. Вядомы з алігацэну. У Баранцавым м. пашыраны В. undatum.

Выш. авальнай ракавіны да 16 см. Маюць кароткі сіфанальны выраст, накрыўку. Драпежнікі. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Лічынкі з добра развітым парусам. Важны аб’ект промыслу ў Вялікабрытаніі; мяса спажываецца ў ежу.

т. 3, с. 325

БУ́КЧА,

вёска ў Беларусі, у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 65 км на З ад г.п. Лельчыцы, 272 км ад Гомеля, 60 км ад чыг. ст. Жыткавічы. 1109 ж., 394 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі ў 1980-я г. выяўлена Букчанскае радовішча вугалю (юрскага перыяду).

т. 3, с. 326

БУКЧА́НСКІ,

біялагічны заказнік на Тапілаўскім балоце ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 4,9 тыс. га (1996).

Паверхня — згладжаны градава-балоцісты комплекс. Цэнтр. ч. бязлесая. На ўскраінах растуць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, радзей асінавыя і дубовыя лясы балотнага тыпу. На ўчастках з мінер. глебамі чарнічныя, месцамі лішайнікавыя, верасовыя, бруснічныя тыпы лесу. Вызначаецца багаццем журавін, бабку трохлістага, чаротніку белага, расце таксама рэдкі барэальна-таежны від — журавіны драбнаплодныя.

Г.У.Вынаеў.

т. 3, с. 326

БУКЧЫ́Н Сямён Уладзіміравіч

(н. 18.8.1941, г.п. Валаконаўка Белгародскай вобл., Расія),

бел. пісьменнік, публіцыст. Канд. філал. н. (1972). Скончыў БДУ (1967). З 1985 у Ін-це л-ры АН Беларусі. У 1992—95 рэд. газ. «Европейское время». Выступае як крытык, літ.-знавец. Піша на рус. мове. Даследуе гісторыю рус. л-ры 19 — пач. 20 ст. (манаграфія «Лёс фельетаніста: Жыццё і творчасць Уласа Дарашэвіча», 1975; «Пісьменнікі чэхаўскай пары», т. 1—2, 1982), руска-бел. літ. сувязі (кн. «...Народ спрадвеку родны нам», 1984; «Песня пра Беларусь», 1988). Аўтар мастацка-дакумент. аповесцяў «Да мячоў ірвануліся нашы рукі» (1978, 2-е выд. 1985), «Апошні год Дзяніса Фанвізіна» (1981), артыкулаў па праблемах журналістыкі. Адзін з аўтараў «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 1—4, 1993—95).

Тв.:

Хроника суверенного болота..: Статьи, заметки, фельетоны. Мн., 1996.

т. 3, с. 326

БУКШТЫНО́ВІЧ Міхаіл Фаміч

(1892, в. Жомайдзь Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1950),

савецкі ваен. дзеяч, ген.-лейт. (1945). Скончыў Віленскае камерцыйнае вучылішча (1912), Ташкенцкую школу прапаршчыкаў (1916), курсы «Выстрал» (1924) і ўдасканалення вышэйшага камсаставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1927, 1931). З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—23 ваяваў на Усх. фронце, супраць басмачоў у Ферганскай вобл. У 1924—25 нач. Ташкенцкай ваен. школы, з 1931 нам. камандзіра, камандзір дывізіі, корпуса. У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, 2-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах; часці і злучэнні пад яго камандаваннем вызначыліся ў Вісла-Одэрскай і Берлінскай (1945) аперацыях. Пасля вайны ў Генштабе Узбр. Сіл СССР. Яго імем названа вуліца ў г. Валожын.

т. 3, с. 326