Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУЙНІ́ЦКІ Казімір Андрэевіч

(30.11.1788, в. Дагда Даўгаўпілскага р-на, Латвія — 14.7.1878),

пісьменнік, публіцыст, краязнавец. Ганаровы куратар школ Віцебскай губ. У 1842—49 выдаваў час. «Rubon» («Рубон»), супрацоўнічаў у час. «Tygodnik Petersburski» («Пецярбургскі штотыднёвік»), «Athenaeum» («Атэнэум») і інш. Актыўны чл. Віленскай археал. камісіі. Садзейнічаў адкрыццю Віленскага музея старажытнасцей, якому перадаў сваю калекцыю знаходак з Падзвіння і матэрыялы апісання Зах. Дзвіны. Шмат вандраваў па Падзвінні, апісаў значную колькасць населеных пунктаў краю. Апубл. этнагр.-краязнаўчы нарыс «Падарожжа па малых дарогах» (т. 1—2, 1841), аповесці «Сястра Гертруда» (1842), «Новая вандроўка па малых дарогах» (т. 1—2, 1852), «Старая паненка» (1855), якія часткова засн. на бел. матэрыяле. Аўтар вершаванай «Камедыі», апавяданняў і вершаў на польск. мове.

Г.А.Каханоўскі.

т. 3, с. 322

БУЙНІ́ЦКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1633—1918 каля мяст. Буйнічы пад Магілёвам на правым беразе Дняпра. Засн. як мужчынскі манастыр Багданам Статкевічам і яго жонкай Аленай (Саламярэцкай). Паводле статутных правіл арыентаваўся на Віленскі манастыр св. Духа. Належаў да групы правасл. манастыроў, пабудаваных з мэтай процідзеяння рашэнням Брэсцкай уніі 1596. Наглядаў за манастыром куцеінскі ігумен Іаіль Труцэвіч. Існуе шэраг каралеўскіх грамат у абарону манастыра ад замахаў суседзяў на валоданне зямельнай уласнасцю. За агітацыйныя дзеянні сярод насельніцтва на вернасць каралю Яну II Казіміру ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 буйніцкія манахі атрымалі прывілей на млын. У 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21 манастыр цалкам разбураны шведамі, але хутка адбудаваны. З 1835 ператвораны ў жаночы, з 1896 пры ім працавала 2-класная жаночая школа, з 1891 — епархіяльны свечачны завод. У 1908 у манастыры 18 двароў, 118 насельнікаў. Будынкі не захаваліся.

А.А.Ярашэвіч.

т. 3, с. 322

БУЙНІ́ЦКІ ЦАГЕ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1901—13 у мяст. Буйнічы Магілёўскага пав. (цяпер вёска ў Магілёўскім р-не). У 1908—13 быў паравы рухавік (40 к.с.). Працавала 100 рабочых (1913).

т. 3, с. 322

БУ́ЙНІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Цішоўскім с/с Магілёўскага р-на, на р. Дняпро. За 3 км на ПдУ ад Магілёва, 2 км ад чыг. ст. Буйнічы, на аўтамагістралі Магілёў—Бабруйск. Цэнтр калгаса. 910 ж., 309 двароў (1995).

Вядомы з 15 ст. як цэнтр буйнога ўладання ў ВКЛ. У 17—18 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка ў Аршанскім пав. У розны час належалі Крошынскім, Саламярэцкім, Сапегам. У 1633 засн. Буйніцкі Святадухаўскі манастыр. З 1772 у Рас. імперыі. У 19 ст. Буйнічы ў Вендаражскай вол. Магілёўскага пав. У 1909 у мястэчку 427 ж., царкоўнапрыходская школа, у 1901—13 дзейнічала цагельня з паравым рухавіком. У ліп. 1941 на ўскраіне Буйніч адбыліся баі Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў (гл. Буйніцкае поле). У крас. 1944 гітлераўцы загубілі 96 ж., спалілі 118 двароў. У 1970 — 881 ж., 272 двары.

У Буйнічах сярэдняя школа, Дом культуры, Б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 3, с. 322

БУЙНО́Й РАГА́ТАЙ ЖЫВЁЛЫ ГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні буйной рагатай жывёлы на мяса, малако, скуры. Выкарыстоўваюцца таксама крывяная і касцявая мука і інш. У шэрагу слабаразвітых краін буйн. раг. жывёлу выкарыстоўваюць як цяглавую і трансп. сілу. Сярод прадуктаў, якія спажываюцца ў свеце, на долю каровінага малака прыпадае каля 90% малочных прадуктаў, на ялавічыну — каля 50% мяса. Існуюць разнастайныя віды буйн. раг. жывёлы: еўрап. жывёла, зебу, буйвалы, які і інш. Сярод свойскай жывёлы буйн. рагатая па колькасці займае 1-е месца ў свеце — каля 1,5 млрд. галоў. Размяшчаецца яна параўнальна раўнамерна ва ўмераных і субтрапічных кліматычных зонах, але розныя краіны рэзка адрозніваюцца па яе прадукцыйнасці. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (больш за 250 млн.), потым ідуць Бразілія, Кітай, ЗША (больш за 100 млн.), Расія, Аргенціна (больш за 50 млн.). З краін Зах. Еўропы вылучаюцца Францыя, Германія, Вялікабрытанія і Польшча. Галіна мае інтэнсіўны тып (добрае ўтрыманне і вельмі высокая прадукцыйнасць) у развітых краінах Еўропы, ЗША, Канадзе, Новай Зеландыі, часткова ў Аўстраліі, Аргенціне, Уругваі. У краінах Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі буйной рагатай жывёлы гадоўля экстэнсіўнага тыпу, жывёла нізкапрадукцыйная. У гэтых рэгіёнах значную частку статка складае рабочая жывёла. Вытв-сць мяса і малака на 1 галаву буйн. раг. жывёлы ў краінах Афрыкі ў 7 разоў, на Б. Усходзе ў 4 разы меншая, чым у Зах. Еўропе. Вял. попыт гар. насельніцтва ў Еўропе і Паўн. Амерыцы на мясамалочныя прадукты абумовіў стварэнне і гадоўлю парод высокапрадукцыйнай жывёлы, выкарыстанне індустр. тэхналогій утрымання і кормазабеспячэння, актыўнае развіццё ветэрынарыі і зоатэхн. навукі. Сярэднія надоі малака на 1 карову там складаюць 8—10 тыс. л і болей, а высокі выхад ялавічыны на 1 галаву буйн. раг. жывёлы дасягнуты стварэннем мясных парод. Гал. вытворцы ялавічыны ў свеце ЗША, Аргенціна, Бразілія, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Аўстралія, Новая Зеландыя, дзе на душу насельніцтва атрымліваюць па 100 кг і больш мяса за год. Спецыялізаваная малочная жывёлагадоўля развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Скандынаўскіх і Прыбалтыйскіх краінах, многіх раёнах Расіі, у Новай Зеландыі.

Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Беларусі з глыбокай старажытнасці (на Пд прыкладна з 4—3-га тыс. да н.э.). У 19 ст. сяляне трымалі малапрадукцыйную жывёлу мясц. пароды пераважна на ўласныя патрэбы. Таварная гадоўля пераважала ў памешчыцкіх маёнтках. Прадукцыя (пераважна малочныя вырабы) часткова вывозілася ў Расію і за мяжу. У 1916 было 2,3 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, у тл. 1,6 млн. кароў.

На пач. 1995 было 5404 тыс. галоў, што значна меней, чым на пач. 1991 (6975 тыс. галоў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак). Надой малака на 1 карову ў 1994 склаў 2509 кг (у 1990 — 3058 кг). Зніжэнне паказчыкаў звязана, як і ў інш. галінах сельскай гаспадаркі, з пагаршэннем мат.-тэхн. і фінансавага стану галіны ў 1-й пал. 1990-х г. Больш развіта буйной рагатай жывёлы гадоўля на З рэспублікі — у Гродзенскай, Брэсцкай, часткова Мінскай абласцях, што абумоўлена больш інтэнсіўным земляробствам, лепшай арганізацыяй кормавытворчасці, развітой мат.-тэхн. базай (гл. табл.). Развіваецца племянная жывёлагадоўля. У рэспубліцы гадуюць буйн. раг. жывёлу пераважна чорна-пярэстай пароды, а таксама чырв. беларускай, бурай латвійскай, кастрамской, сіментальскай, швіцкай парод.

Н.І.Жураўская.

т. 3, с. 323

БУЙНЫ́Я ШЭ́РЫЯ ГУ́СІ,

парода гусей. Выведзена на Украіне і ў Расіі (Тамбоўская вобл.) у 1940-я г. скрыжаваннем роменскіх гусей з тулузскімі. Выкарыстоўваюцца як бацькоўская форма ў скрыжаванні з кубанскімі, рэйнскімі, кітайскімі і інш. пародамі для вытв-сці мясных гусянят. Гадуюць пераважна на Украіне і ў Расіі.

Пер’е шэрае, на жываце белае. Маса гусакоў 6,5—7, гусак 5,5—6 кг. Яйцаноскасць за год 35—45 яец.

т. 3, с. 323