АМБУЛАТО́РЫЯ
(ад лац. ambulatorius рухомы),
лячэбна-прафілактычная ўстанова, што аказвае мед. дапамогу ў самой установе і дома. У адрозненне ад паліклінікі абслугоўвае хворых толькі па асн. трох спецыяльнасцях: тэрапіі, педыятрыі і стаматалогіі. У амбулаторыі вял. населеных пунктаў працуюць таксама акушэрка-гінеколаг, хірург, неўрапатолаг. Пры амбулаторыі можа дзейнічаць пункт неадкладнай дапамогі, дзённы стацыянар на 4—6 ложкаў. Мед. дапамога насельніцтву ажыццяўляецца па ўчасткова-тэр. прынцыпе. Існуюць амбулаторыі пераважна ў невял. гарадах і сельскай мясцовасці; бываюць самастойныя, пры бальніцах і на прамысл. прадпрыемствах, перасоўныя з клініка-дыягнастычнай, флюараграфічнай, стаматалагічнай і інш. лабараторыямі. У 1994 на Беларусі дзейнічалі 364 амбулаторыі, дзе працавала 497 урачоў.
т. 1, с. 310
АМБУ́НДУ,
мбунду (саманазва кімбунду), народ у Анголе. 2 млн. чал. (1987). Гавораць на мове групы банту. Прытрымліваюцца ў асноўным традыц. культаў. Ёсць католікі і прыхільнікі сінкрэтычных культаў.
т. 1, с. 310