Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДВО́Д у судаводстве, адхіленне суддзі (засядацеля) ад удзелу ў разглядзе пэўнай справы ў сувязі з яго асабістай зацікаўленасцю ў выніку справы або па інш. абставінах, якія выклікаюць сумненне ў непрадузятасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама адвод пракурору, следчаму, асобе, якая вядзе дазнанне, сакратару суд. пасяджэння, эксперту, спецыялісту, перакладчыку, панятому, калі яны асабіста, прама ці ўскосна, зацікаўлены ў выніках справы. Правілы адводу садзейнічаюць усебаковаму, поўнаму і аб’ектыўнаму даследаванню акалічнасцяў справы і прыняццю правільнага рашэння.

І.І.Пацяружа.

т. 1, с. 100

АДВО́ДАК,

частка надземнага сцябла з пупышкамі, якая на час укаранення не аддзяляецца ад мацярынскай расліны. Для атрымання вертыкальных адводак матачныя кусты абразаюць, пакідаючы пянькі выш. 2—3 см. Пасля дасягнення верт. парасткамі выш. 12—15 см кусты акучваюць вільготнай глебай 2—3 разы да ўтварэння пагорачкаў выш. 25—30 см на працягу росту расліны. Выкарыстоўваюць пры размнажэнні клонавых прышчэпаў яблыні і грушы. Размнажэнне гарызантальнымі адводкамі робіцца прышпільваннем парасткаў да зямлі і акучваннем. Выкарыстоўваюць для ягадных культур, айвы, шаўкоўніцы і інш. Дугападобныя (змеепадобныя) адводкі робяць пры размнажэнні цяжкаўкараняльных раслін з доўгім перыядам коранеўтварэння (напр., актынідыі).

т. 1, с. 100

АДВО́ДЫ,

возера ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка. За 24 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,3 км², даўж. 0,8 км, найб. шыр. 0,4 км. Пл. вадазбору каля 32 км². Злучана ручаём з воз. Зыкоўскае, на Пд выцякае ручай у р. Крашанка.

т. 1, с. 100

АДВО́РАНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка. Пл. 0,25 км², даўж. 0,88 км, найб. шыр. 0,43 км, найб. глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 2,1 км. Пл. вадазбору 2,3 км². Схілы выш. ад 3 да 8 м. Берагі сплавінныя. Дно выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Янова.

т. 1, с. 100