Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДАМО́ВА,

вёска ў Беларусі, у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Віцебск—Даўгаўпілс. За 33 км на ПнЗ ад Полацка, 138 км ад Віцебска. 42 ж., 28 двароў (1994). Аддз. сувязі.

т. 1, с. 91

АДАМО́ВІЧ Адам Іосіфавіч

(5.12.1802, Вільня — 30.4.1881),

вучоны-медык, гісторык навукі. Д-р медыцыны (1824), праф. (1835). Скончыў Віленскую гімназію (1818), мед. ф-т Віленскага ун-та (1822). Выкладаў у Віленскім ун-це і Ветэрынарным ін-це Мед.-хірург. акадэміі. З 1842 гал. ўрач шпіталя ў Вільні. Аўтар навук. прац па ветэрынарыі, параўнальнай анатоміі, палеанталогіі і гісторыі медыцыны на Беларусі і ў Літве. Прэзідэнт Віленскага т-ва ўрачоў (з 1841).

В.А.Гапоненка.

т. 1, с. 91

АДАМО́ВІЧ Алесь

(Аляксандр Міхайлавіч; 3.9.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 26.1.1994),

бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. АН Беларусі (1980), д-р філал. н. (1962), праф. (1971). У Вял. Айч. вайну партызан. Скончыў БДУ (1950), у 1962—64 слухач Вышэйшых сцэнарных курсаў (Масква). З 1954 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 дырэктар НДІ кінамастацтва (Масква). Літ. дзейнасць пачаў у 1953 як крытык. Найб. значныя літ.-знаўчыя манаграфіі «Беларускі раман» (1961), «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1980), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Як крытык змагаўся супраць дагматычных уяўленняў пра л-ру, дбаў пра эстэт. аналіз, спалучаў яго са сцвярджэннем гуманіст. каштоўнасцяў. Адраджаў і развіваў знішчаныя ў перыяд сталінізму метадалагічныя прынцыпы праўдзівасці і гістарызму. З 1959 выступаў як празаік. Пісаў на бел. і рус. мовах. У дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі», 1960, «Сыны ідуць у бой», 1963) раскрыў вытокі нар. супраціўлення акупантам у Вял. Айч. вайну (аднайм. кінадылогія на кінастудыі «Беларусьфільм», 1970, сцэнарый Адамовіча ў сааўт.). Змаганне з таталітарызмам у абліччы фашызму і камунізму складае асн. пафас «Хатынскай аповесці» (1972, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), рамана «Карнікі» (1980), аповесцяў «Венера» і «Нямко» (абедзве 1993). Па матывах «Хатынскай аповесці» кінафільм «Ідзі і глядзі» (сцэнарый Адамовіча і Э. Клімава, залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі, 1985). У дакумент. кнізе «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з Я.Брылём і У.Калеснікам) расказана пра трагедыю бел. Хатыняў. У апошнія гады жыцця выявіў сябе як паліт. дзеяч, змагаўся з пагрозай ядзернай вайны. Публіцыстыка Адамовіча ў кн. «Выберы — жыццё» (1986), «Дадумваць да канца» (1988), «Мы — шасцідзесятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Мн., 1981—83.

Літ.:

Мележ І. Пра «Хатынскую аповесць» // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 8;

Брыль Я. Алесь Адамовіч // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Быкаў В. [Алесь Адамовіч] // Быкаў В. На крыжах. Мн., 1992;

Каваленка В. Святло вялікіх мэт // Полымя. 1977. № 9;

Дедков И. Во имя справедливости // Адамович А. Каратели. М., 1981.

М.А.Тычына.

т. 1, с. 92

АДАМО́ВІЧ Аляксандр Фаміч

(студз. 1900, в. Васюлькі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 1937),

парт. і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў пач. вучылішча ў Радашковічах (1915). У 1916—19 у Адэсе, уваходзіў у бел. культ.-асв. арг-цыю «Беларускі гай». З 1918 чл. Бел. сацыяліст. грамады, у 1919 чл. Камуніст. партыі. З 1926 чл. ЦК КП(б)Б. З 1922 інструктар, заг. аддзела Бабруйскага пав. к-та КП(б)Б, інтруктар ЦК КП(б)Б, сакратар Калінінскага акр. к-та КП(б)Б (г. Клімавічы), сакратар Полацкага акр. к-та КП(б)Б, заг. аддзела друку ЦК КП(б)Б, рэдактар газ. «Беларуская вёска». У 1928—29 нам. наркома земляробства БССР. У вер. 1929 выключаны з партыі, звольнены з пасады. У ліп. 1930 арыштаваны органамі АДПУ і зняволены на 10 гадоў. У 1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.

т. 1, с. 92

АДАМО́ВІЧ Антон

(н. 26.6.1909, Мінск),

гісторык і літаратуразнавец. З 1928 вучыўся ў БДУ. У 1930 арыштаваны па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы ў Расію. У 1938 вызвалены; вярнуўся ў Мінск, скончыў БДУ. У час 2-й сусв. вайны чл. Цэнтр. рады Бел. нар. самапомачы, прэзідыума Бел. навук. т-ва, рэферэнт па справах прапаганды і прэсы пры Ген. камісарыяце Беларусі, супрацоўнік рэдакцыі «Менскай газэты» («Беларускай газэты»). Пасля вайны ў Зах. Германіі рэдагаваў бел. эмігранцкія газеты і часопісы. Адзін са стваральнікаў Мюнхенскага ін-та па вывучэнні СССР, кіраўнікоў бел. рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода». З 1960 у ЗША. Аўтар прац па гісторыі, эканоміцы і культуры Беларусі: «Бальшавізм на шляхах устанаўлення кантролю над Беларуссю» (1954); «Бальшавізм у рэвалюцыйным руху на Беларусі» (1956); «Як дух змагання Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэння Івана Луцкевіча)» (1983). Пісаў пра бел. л-ру («Максім Гарэцкі», 1928; «Якуб Колас у супраціве саветызацыі», 1955; «Супраціўленне саветызацыі ў беларускай літаратуры», 1958, на англ. мове). Аўтар тэндэнцыйных уступных арт. да эмігранцкіх выданняў твораў Н.Арсенневай, М.Багдановіча, А.Гаруна, У.Жылкі, Л.Калюгі, А.Мрыя, А.Салаўя, публікацый пра бел. паэтаў, якія былі рэпрэсіраваны (У.Дубоўка, Я.Пушча і інш.).

т. 1, с. 92

АДАМО́ВІЧ Багуслаў

(13.1.1870, Мінск — 1944),

бел. мастак. Працаваў у жанры партрэта, у т. л. мініяцюрнага. Сярод работ партрэты С.Тарноўскай (1904, мініяцюра, Нац. музей Кракава), Ігната Дыгаса (1920, мініяцюра, акварэль, гуаш на косці, Тэатр. музей Варшавы) і інш.

т. 1, с. 92

АДАМО́ВІЧ Вячаслаў

(Вацлаў) Антонавіч (19.2.1864, Віленская губ. — 21.2.1939),

дзеяч бел. нац. руху пач. 20 ст., адзін з лідэраў яго правага, паланафільскага, крыла. У 1917 актывіст Бел. сацыяліст. грамады (БСГ), Вял. бел. рады, Цэнтр. бел. вайсковай рады. Кандыдат ад БСГ на выбарах ва Устаноўчы сход. У 1919—20 супрацоўнік вярбовачнага бюро Бел. вайсковай камісіі. Адзін са стваральнікаў арг-цыі «Зялёны дуб». Удзельнік канферэнцыі бел. паліт. арг-цый (Прага, вер. 1921), агітаваў за арыентацыю на Польшчу. Разам з П.Алексюком склікаў у Вільні Бел. з’езд (снеж. 1921), які аформіў праграму паланафільскай плыні бел. руху. Аўтар зб. абразкоў і легендаў «Тыпы Палесся» (1926, пад псеўд. Дзяргач).

т. 1, с. 92

АДАМО́ВІЧ Георгій Віктаравіч

(19.4.1894, Масква — 21.2.1972),

рус. паэт і літаратурны крытык. Скончыў Петраградскі ун-т (1917). Прыхільнік акмеізму, у пач. 1920-х г. уваходзіў у «Цэх паэтаў». З 1923 у эміграцыі, у Парыжы. Вядучы літаратурнага аддзела газ. «Последние новости» (1920—30-я г.). Аўтар зб-каў вершаў «Воблакі» (1916), «Чысцілішча» (1922), «Адзінства» (1967) і інш. Камернай лірыцы Адамовіча ўласцівыя матывы адзіноцтва, тугі, асуджанасці. У кн. «Адзінота і воля» (1955) артыкулы пра рус. пісьменнікаў 20 ст., у зб. «Каментарыі» (1967) эсэ пра літ. з’явы.

т. 1, с. 92

АДАМО́ВІЧ Язэп Аляксандравіч

(7.1.1897, г. Барысаў — 22.4.1937),

дзярж. дзеяч БССР. З сак. 1918 у Смаленску ў штабе Чырв. гвардыі, удзельнік задушэння стракапытаўскага мяцяжу. З вер. 1918 ваен. камісар Магілёўскага і Лепельскага ваен. Саветаў. З вер. 1920 нар. камісар па ваен. справах БССР, адначасова з 1921 нар. камісар унутр. спраў і нам. старшыні ЦВК і СНК БССР. Удзельнічаў у падрыхтоўчай рабоце па ўтварэнні СССР. У 1924 у складзе Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) па ўзбуйненні тэр. Беларусі. У 1924—27 старшыня СНК БССР, у 1924—25 чл. РВС СССР. З 1927 чл. Прэзідыума ВСНГ СССР і старшыня праўлення Цукратрэста СССР, з 1932 на Д. Усходзе. Чл. ЦБ у 1920—22, ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1924, чл. ЦВК БССР у 1920—27 і СССР у 1924—29. Ва ўмовах масавых рэпрэсій скончыў жыццё самагубствам.

т. 1, с. 92

АДАМО́ВІЧ Ян, бел. гравёр па шкле 18 ст. Працаваў на шкломануфактурах Радзівілаў у мяст. Бяла-Падляска (цяпер Польшча), на мануфактуры ў в. Урэчча (Любанскі р-н Мінскай вобл.). У 1781 гравіраваў сталовы посуд і люстэркі.

т. 1, с. 92