БУ́НКЕР
(англ. bunker),
1) ёмістасць (стацыянарная ці перасоўная) для часовага захоўвання збожжа, вугалю ці якіх-н. іншых сыпкіх рэчываў і матэрыялаў. Ніжняя частка бункера служыць для самацёчнай разгрузкі, абсталявана засаўкамі і прыстасаваннямі для рэгулявання выпуску матэрыялу.
2) Бункер суднавы — памяшканне на судне для захоўвання паліва.
3) Бетанаванае сховішча, даўгачаснае фартыфікацыйнае збудаванне.
т. 3, с. 339
БУ́НКЕРНАЯ ЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА тарфяная, машына для збірання фрэзернага торфу з валкоў і транспартавання яго да месца складзіравання ў штабялях. Выкарыстоўваецца пераважна машына МТФ-43А, якой збіраецца торф на паліва, для брыкетавання ці патрэб сельскай гаспадаркі.
Складаецца са скрэпера, каўшовага элеватара, бункера з рухомым дном у выглядзе пласціністага або скрэпернага канвеера, гусенічнай цялежкі, трансмісіі (перадае вярчэнне ад вала трактара да каўшовага элеватара і канвеера дна бункера). Прадукцыйнасць 2 га/гадз, рабочая скорасць 7,8 км/гадз, ёмістасць бункера 17 м³ (мадыфікацыі бункернай ўборачнай машыны могуць мець і інш. ёмістасць). Сезонная прадукцыйнасць 12—25 тыс. т паветрана-сухога фрэзернага торфу. На Беларусі з дапамогай бункерных уборачных машын збіраецца больш за 95% фрэзернага торфу.
Б.Л.Багатаў.
т. 3, с. 339
БУ́НКЕРНЫ КАМБА́ЙН тарфяны, самаходны агрэгат для пнеўматычнай уборкі фрэзернага торфу з рассцілкі з наступным, фрэзераваннем ачышчанай паверхні тарфянога пакладу. На Беларусі выкарыстоўваецца пераважна камбайн БПФ-ЗМ.
Складаецца э пнеўматрансп. сістэмы герметычнага бункера, трансмісіі з прыводам ад рухавіка ўнутр. згарання, хадавой гусенічнай часткі і фрэзера. Магутнасць рухавіка 176 кВт, ёмістасць бункера 25 м³, шыр. захопу 4,8 м, прадукцыйнасць 1,5 га/гадз. Мадыфікацыі пнеўмакамбайнаў адрозніваюцца ўстаноўкай актыўных соплаў з рэцыркуляцыяй паветра (у камбайна КПФ-6), павелічэннем шыр. захопу да 6,4 м, ёмістасці бункера, прадукцыйнасці да 3 га/гадз.
Б.А.Багатаў.
т. 3, с. 339
БУ́НКЕР-ЦЯГНІ́К,
транспартны сродак для бесперапыннай загрузкі, транспартавання і разгрузкі горнай масы. Складаецца з секцый-платформаў (без тарцовых сценак) на колава-рэйкавым ходзе. Секцыі ўтвараюць суцэльны жолаб-бункер, па дне якога пракладзены скрабалкавы або пласціністы канвеер для загрузкі і выгрузкі горнай масы. Бываюць са скрэпернай загрузкай-выгрузкай, з вібрацыйнымі секцыямі, адкіднымі днішчамі і інш. Умяшчальнасць бункера-цягніка звычайна 20—40 м³.
т. 3, с. 339
БУ́НКІН Барыс Васілевіч
(н. 16.7.1922, с. Аксінніна Маскоўскай вобл.),
савецкі фізік. Акад. АН СССР (1974, чл.-кар. 1968). Двойчы Герой Сац. Працы (1958, 1982). Скончыў Маскоўскі авіяц. Ін-т (1947). З 1950 у Маскоўскім фізіка-тэхн. ін-це. Навук. працы па радыётэхніцы і электроніцы. Дзярж. прэмія СССР 1970. Ленінская прэмія 1980.
т. 3, с. 339
БУНЧУ́К
(цюрк.),
1) доўгае дрэўка з шаром ці вастрыём на верхнім канцы, з пасмамі конскіх валасоў і кутасамі. Сімвал улады ў тур. пашэй, у 16—18 ст. таксама польск., літ., укр. гетманаў і атаманаў рус. казацкага войска.
2) Ударны музычны інструмент, упрыгожаны дэкаратыўнымі конскімі хвастамі, у некаторых вайсковых аркестрах.
т. 3, с. 339
БУНЬЮЭ́ЛЬ,
Бюнюэль (Buñuel) Луіс (22.2.1900, Каланда, прав. Тэруэль, Іспанія — 29.7.1983), іспанскі кінарэжысёр. Працаваў у Іспаніі, Францыі, ЗША, Мексіцы. Прадстаўнік сюррэаліст. кірунку ў зах.-еўрап. кінематографе 2-й пал. 1920-х г. («Андалузскі пёс», «Залаты век»). У больш позніх фільмах выкрываў рэліг. і грамадскія міфы, існаванне якіх абмяжоўвала свабоду чалавека: «Назарын» (1958), «Вірыдыяна» (1961), «Трыстана» (1970), «Сціплае абаянне буржуазіі» (1972), «Гэты невыразны аб’ект жадання» (1977; за 2 апошнія прэмія «Оскар»). З інш. фільмаў: «Лас Урдэс. Зямля без хлеба» (1932, дакумент.), «Вялікае казіно» (1945), «Лесвіца на неба» (1951).
Тв.:
Рус. пер. — Бунюэль о Бунюэле: Мой последний вздох: (воспоминания);
Сценарии. М., 1989.
т. 3, с. 339
БУНЯКО́ЎСКАГА НЯРО́ЎНАСЦЬ,
адна з найважнейшых няроўнасцей матэм. аналізу, якая сцвярджае, што
. Бунякоўскага няроўнасць аналагічная элементарнай алгебраічнай Кашы няроўнасці і можа быць атрымана з апошняй пераходам да ліміту. Даказана В.Я.Бунякоўскім (1859). Часам Бунякоўскага няроўнасць памылкова наз. няроўнасцю Шварца (ням. матэматык Г.А.Шварц даказаў яе ў 1884).
т. 3, с. 339
БУНЯКО́ЎСКІ Віктар Якаўлевіч
(16.12.1804, г. Бар Вінніцкай вобл., Украіна — 12.12.1889),
рускі матэматык. Акад. Пецярбургскай АН (1830). Матэм. адукацыю атрымаў за мяжой (Швейцарыя, Францыя). З 1826 выкладаў матэматыку ў ВНУ Пецярбурга, з 1846 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1864 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. Навук. працы па інтэгральным злічэнні, тэорыі няроўнасцяў (гл. Бунякоўскага няроўнасць), тэорыі лікаў, тэорыі імавернасцяў і дэмаграфіі (статыстыцы насельніцтва). Аўтар першага ў Расіі падручніка па тэорыі імавернасцяў (1846).
Літ.:
Прудников В.Е. В.Я.Буняковский — учёный и педагог. М., 1954;
История отечественной математики. Т. 2. Киев, 1967.
т. 3, с. 340
БУО́Р-ХА́Я ГУБА́,
заліў мора Лапцевых на ПдУ ад дэльты р. Лена. Даўж. 120 км, шыр. на ўваходзе 110 км, глыб. да 18 м. Прылівы паўсутачныя, выш. 0,3 м. Большую ч. года ўкрыта лёдам. Порт Тыксі.
т. 3, с. 340