АСАЦЫЯ́ЦЫЯ МАСТАКО́Ў РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ РАСІ́І
(АМРР),
творчае аб’яднанне сав. мастакоў у 1922—32 (з 1928 наз. Асацыяцыя мастакоў рэвалюцыі). Мастакі асацыяцыі (І.Бродскі, А.Герасімаў, М.Грэкаў, Б.Іагансон, Г.Ражскі і інш.) выступілі за стварэнне тэматычных карцін, якія б праўдзіва адлюстроўвалі рэчаіснасць на аснове традыцый рус. Рэаліст. жывапісу. Падобныя арг-цыі мастакоў існавалі і ў інш. рэспубліках, у тым ліку на Беларусі — аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (арганізатары
А.Арлоў, П.Гаўрыленка, А.Глебаў і інш).
Літ.:
Золотой век художественных объединений в России и СССР: (1820—1932): Справ. Спб., 1992.
т. 2, с. 22
АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ
(АМС),
комплекс абсталявання для аўтам. правядзення метэаралагічных назіранняў, апрацоўкі і перадачы даных. Асн. паказчыкі (т-ра і вільготнасць паветра, напрамак і скорасць ветру, атм. ціск, ападкі і інш.) рэгіструюцца з дапамогай датчыкаў. Адрозніваюць аўтаномныя і АМС з абслуговым персаналам. Аўтаномныя размяшчаюць у цяжкадаступных раёнах сушы, на буях у моры, дрэйфуючых ільдзінах. Атрыманая інфармацыя кадзіруецца і перадаецца па радыё. Другі тып АМС выкарыстоўваюць на звычайных метэаралагічных станцыях, дзе даныя апрацоўваюць на ЭВМ і перадаюць ў Гідраметэацэнтр. На Беларусі такая АМС працуе ў міжнар. аэрапорце «Мінск-2».
В.М.Жукоўскі.
т. 2, с. 116