А́ДРАС (франц. adresse) у вылічальнай тэхніцы, лічбавае або лічбава-літарнае абазначэнне (код) месца захоўвання інфармацыі ў ЭВМ. Напр., нумар ячэйкі памяці, дарожка на магн. дыску. У многапраграмных ЭВМ адрас, што зададзены ў праграме, звычайна не супадае з адрасам рэчаіснага запамінальнага прыстасавання і адшуканне патрэбнай ячэйкі памяці выконваецца з дапамогай апаратных і праграмных сродкаў. У машыне адрас пераўтвараецца ў сістэму сігналаў кіравання, якія забяспечваюць зварот да пэўнай зоны памяці.
т. 1, с. 136
АДРАСА́Т
(ням. Adressat),
атрымальнік (асоба, установа), якому адрасавана паштовае адпраўленне.
т. 1, с. 136
А́ДРАСНАЯ МО́ВА ў вылічальнай тэхніцы, фармальная мова для апісання працэсаў пераўтварэння інфармацыі ў ЭВМ. Кожны элемент інфармацыі адпавядае пэўнаму адрасу (напр., нумару ячэйкі памяці ЭВМ); некаторыя адрасы могуць адпавядаць інш. адрасам. Напр., калі элемент інфармацыі (адрас) b адназначна адпавядае адрасу a, то ў адраснай мове гэта запісваецца формулай (адрасная функцыя). Вылічэнне новых значэнняў і іх засылка на пэўныя адрасы задаюцца адраснай формулай (2 адрасныя функцыі, злучаныя знакам засылкі =>). Запіс b => a азначае, што элемент b засылаецца на адрас a, пасля чаго . Адрасны алгарытм (паслядоўнасць адрасных формул і інш. сімвалаў) спец. праграмамі-транслятарамі пераўтвараецца ў праграму на мове ЭВМ.
т. 1, с. 136
АДРА́СТ,
у грэч. міфалогіі цар Аргаса. Узначальваў няўдалы паход на Фівы і выратаваўся дзякуючы хуткасці свайго боскага каня. Удзельнічаў у пераможным паходзе эпігонаў на Фівы, у якім страціў сына Эгіялея і памёр ад гора. Паводле другога міфа, Адраст кінуўся ў агонь разам з сынам Гіпаноем.
т. 1, с. 136
АДРАЎНЕ́ННЕ,
лігніфікацыя, змяненне клетачных абалонак раслін пад уздзеяннем лігніну, які запаўняе прамежкі паміж мікрафібрыламі цэлюлозы. Абалонка клеткі пры гэтым страчвае эластычнасць, робіцца цвёрдая, павялічваецца агульная трываласць расліны, устойлівасць абалонкі клеткі супраць мікраарганізмаў і грыбоў. Адраўненне клетачных абалонак характэрна для ўсіх вышэйшых раслін, акрамя імхоў. Адраўнелыя клеткі ўтвараюць драўніну і склеранхіму.
т. 1, с. 136
АДРО́К,
адказ, выхад, права селяніна ў ВКЛ на пераход ад аднаго феадала да другога; тое, што і выхад сялянскі.
т. 1, с. 136
АДРО́НЫ
(ад грэч. adros вялікі, значны),
элементарныя часціцы, якім уласцівыя моцныя ўзаемадзеянні. Складаныя аб’екта, што нагадваюць ядры атамаў, дзе ролю пратонаў і нейтронаў адыгрываюць кваркі. Да адронаў належаць барыёны, мезоны і ўсе рэзанансы. Існаванне вял. колькасці адронаў (каля 200) робіць вельмі важнай праблему іх класіфікацыі, якая праводзіцца на аснове мадэлі кваркаў. Пры сутыкненнях адронаў і анігіляцыі электрона і пазітрона з ператварэннем у адроны ўзнікаюць т.зв. адронныя струмені, якія сведчаць пра паходжанне ад кваркаў. На Беларусі даследаванні ўласцівасцяў адронаў вядуцца ў Ін-це фізікі АН (з 1950-х г.), БДУ і Гомельскім ун-це. Гл. таксама Узаемадзеянні элементарных часціц, Ядзерныя сілы.
І.С.Сацункевіч.
т. 1, с. 136
АДРО́Ў,
рака на У Беларусі, правы прыток Дняпра. Даўж. 75 км. Пл. вадазбору 676 км². Пачынаецца на паўн. схіле Аршанскага ўзв., вусце на паўд. ускраіне г. Орша. Цячэ ў Аршанскім, Сенненскім і Талачынскім р-нах Віцебскай вобл. Даліна спачатку трапецападобная, ніжэй карытападобная, шыр. 0,6—0,8 км.
Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 0,1—0,3 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, далей звілістае. Берагі нізкія, у сярэднім і ніжнім цячэнні стромкія. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,4 м³/с. На веснавы перыяд прыпадае каля 70% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных сістэм. У ніжнім цячэнні Адрову — г. Барань.
т. 1, с. 136
АДРЫ́ЖЫН,
вёска ў Беларусі, у Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на паўд.-зах. беразе воз. Пясчанае. Цэнтр сельсавета і калгаса «Кастрычнік». За 28 км на Пд ад г. Іванава, 168 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 917 ж., 332 двары (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Каля Ажрыжына стаянка канца палеаліту — пач. мезаліту (11—6-е тысячагоддзі да н.э.).
т. 1, с. 136