ХАРАВА́Я МУ́ЗЫКА,
музыка, прызначаная для выканання хорам. Існуе нар. і прафес., свецкая і культавая.
Вядома са стараж. часоў (важны элемент прац. працэсу, нар. гульняў, танцаў, абрадаў). Прафес. музыка з’явілася на позняй ступені грамадскага развіцця; яе станаўленне адбывалася ў межах свецкай і духоўнай музыкі. Цэнтрамі прафес. хар. мастацтва былі саборы, манастыры, кляштары, універсітэты і інш. Росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння; развілося шматгалоссе, узніклі новыя жанры свецкай (балада, мадрыгал, шансон і інш.) і духоўнай (матэт, меса, магніфікат) музыкі. Вядучая роля ў гэты перыяд належала кампазітарам франка-флам. (нідэрл.) школы (Г.Дзюфаі, Жаскен Дэпрэ, І.Окегем, Я.Обрэхт, А.Ласа і інш.). У 17—18 ст. ўзнікла оперная Х.м. (К.Мантэвердзі, Жаскен Люлі. Г.Пёрсел, Р.Кайзер), сфарміраваліся жанры кантаты і араторыі (Г.Шутц, І.С.Бах, Г.Гендэль, К.Глюк, І.Гайдн. В.А.Моцарт). У 19 ст., у эпоху рамантызму, хор уводзіўся ў сімф. музыку (Г.Берліёз, Г.Малер); узніклі хар. мініяцюры і цыклы (Ф.Шуберт, Р.Шуман. І.Брамс). У 20 ст. найб. значныя хар. творы стварылі І.Стравінскі. А.Анегер, П.Хіндэміт, К.Орф, К.Пендарэцкі і інш. кампазітары. У рус. муз. культуры Х.м. звязана з традыцыямі правасл. спеваў a cappella (Дз.Бартнянскі, М.Беразоўскі). У жанры Х.м. a cappella (хар. мініяцюры, цыклы, духоўныя песнапенні і інш.) і вак.-інстр. (кантаты, араторыі і інш.) працавалі М.Глінка, А.Даргамыжскі, М.Мусаргскі. С.Рахманінаў, А.Рубінштэйн, М.Рымскі-Корсакаў, А.Сяроў, С.Танееў, П.Чайкоўскі. Узбагацілі Х.м. новымі формамі і сучаснай муз. мовай С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч. Р.Шчадрын, С.Сланімскі, В.Салманаў, А.Шнітке і інш.
Вытокі Х.м. Беларусі ўзыходзяць да перыяду дакіеўскай і Кіеўскай Русі, калі хар. спевы дамінавалі ў муз. фальклоры. Яна развівалася ў пастаяннай узаемасувязі лепшых традыцый слав. і зах.-еўрап. культур. Х.м. Беларусі мае характэрныя самабытныя нац. рысы. Багаты рэпертуар Х.м. ва ўсіх жанрах стварылі бел. кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, А.Бандарэнка, Г.Вагнер, Л.Захлеўны, А.Мдывані, Ю.Семяняка, Э.Тырманд і інш. На развіццё значна паўплывалі хар. дырыжоры Р.Шырма, Г.Цітовіч, А.Кагадзееў, В.Роўда, М.Дрынеўскі. Сярод вядучых хар. калектываў: акад. хор Нац. дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Шырмы, Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча, хор Нац. т-ра оперы і інш.
Літ.:
Искусство хорового пения. М., 1963;
Асафьев Б. О хоровом искусстве. Л., 1980;
Хоровая полифония. Мн., 1981.
Л.А.Шымановіч.
т. 16, с. 541