ХАРАКТАРАЛО́ГІЯ (ад характар + ...логія),

у шырокім сэнсе — вучэнне аб характары; у вузкім сэнсе — кірунак у нямецкай псіхалогіі 19—20 ст., прадстаўнікі якога распрацоўвалі праблемы тыпалогіі і структуры асобы пад уплывам філасофіі жыцця, гештальтпсіхалогіі, глыбіннай псіхалогіі. Тэрмін «Х.» ў навуку ўвёў ням. філосаф Ю.​Банзен («Нарысы па характаралогіі», т. 1—2, 1867).

Першае сістэм. апісанне характараў належыць стараж.-грэч. мысліцелю Феафрасту, які ў кожным тыпе характару вылучаў адну дамінуючую рысу, што вызначае маральнае аблічча і паводзіны чалавека. І.​Кант пэўны тып характару разглядаў як спосаб адчування і паводзін на аснове цвёрдых практычных прынцыпаў, якія могуць быць высокамаральнымі або беспадстаўнымі, памылковымі. Франц. псіхолагі Б.​Перэ, А.​Фулье прапаноўвалі класіфікацыю характараў. заснаваную на суадносінах розуму, пачуцця і волі. Банзен і яго паслядоўнікі Л.​Клагес, Э.​Крэчмер (Германія), У.​Шэлдан (ЗША) разглядалі характар як псіхічную канстытуцыю, якая адпавядае канстытуцыі цялеснай з яе праяўленнямі ў розных выразных рухах. Рас. псіхолаг і ўрач-псіхіятр А.​Ф.​Лазурскі абгрунтаваў канцэпцыю шматузроўневай арганізацыі псіхікі чалавека і распрацоўваў Х. як вучэнне аб індывід. псіхал. адрозненнях, звязаных з асаблівасцямі дзейнасці нерв. цэнтраў ва ўзаемасувязі са знешнім асяроддзем («Нарыс навукі аб характарах», 1906). З.Фрэйд разглядаў характар як сістэму імкненняў (захапленняў) індывіда, што ляжыць у аснове матываў яго паводзін. К.Г.Юнг даследаваў характары ў сувязі з накіраванасцю інтарэсаў чалавека да знешняга свету (экстраверт) ці да ўнутр. (інтраверт). Э.Фром лічыў. што чалавек застаецца часткай прыроды, але адначасова выходзіць па-за яе межы ў грамадскім жыцці, таму яго характарам уласцівы сац. тыпы. Амер. псіхолаг К.Хорні вывучала характары неўратычных асоб і лічыла, што яны пераважаюць у сучасным грамадстве з-за неспрыяльнасці сац. асяроддзя. Прыхільнікі фактарных тэорый асобы (Р.​Кетэл і Г.​Ю.​Айзенк) разглядалі рысу характару як схільнасць паводзіць сябе пэўным чынам у шырокім аспекце сітуацый, а фактар — як глыбінную базавую рысу, што ляжыць у аснове рыс павярхоўных.

Літ.:

Феофраст. Характеры: Пер. с греч. Л., 1974;

Кант И. О характере как образе мыслей // Собр. соч. М., 1966. Т. 6;

Фромм Э. Анатомия человеческой деструктивности: Пер. с англ. Мн., 1999;

Айзенк М. Факторные теории личности. Пятифакторная модель: Пер. с англ. // Психология: комплексный подход. Мн., 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)