АМФІКАРПІ́Я
(ад амфі... + грэч. karpos плод),
утварэнне на расліне пладоў двух тыпаў: надземных і падземных. Падземныя ўтвараюцца з завязі, якая закопваецца пасля апладнення ў глебу (геакарпія). Амфікарпія назіраецца ў кісліцы і некаторых інш. раслін.
т. 1, с. 328
АМФІКТЫЯНІ́Я
(грэч. Amphiktionia),
рэлігійна-паліт. саюз плямёнаў і гарадоў у Стараж. Грэцыі, які меў агульныя свяцілішчы, казну, правілы вядзення вайны і інш. Ёсць звесткі пра амфіктыянію пры свяцілішчах Апалона: у Дэльфах, на в-ве Дэлас; пры свяцілішчах Пасейдона: на в-ве Калаўрыя, у Беотыі і інш. Найб. звестак захавалася пра дэльфійска-пілейскую амфіктыянію, куды ўваходзіла 12 абшчын. Амфіктыяніі страцілі значэнне пасля заваявання Грэцыі рымлянамі (146 да н.э.).
т. 1, с. 328
АМФІЛІ́НА
(Amphilina),
род плоскіх чарвей з кл. цэстодаў. Невял. архаічная група паразітаў поласці цела асятровых рыб і чарапах. Пашыраны A. foliacea і A. neritina у рыб у рэках Каспійскага бас. і Сібіры.
Цела нерасчлянёнае, даўж. 25—65, шыр. 17—30 мм. Гермафрадыты. Не маюць кішэчніка і не прымацоўваюцца. Яйцажывародныя. Цыкл развіцця адбываецца са зменай гаспадароў. Лічынка (лікафора) развіваецца ў яйцы, мае 10 зародкавых кручкоў на заднім канцы цела. Пранікае ў прамежкавых гаспадароў — ракападобных, дзе зменьваецца і становіцца падобнай на палаваспелую асобіну. З страўніка канчатковага гаспадара лічынка мігрыруе ў поласць цела канчатковага гаспадара і дасягае палавой спеласці.
т. 1, с. 328
АМФІМА́КР
(грэч. amphimakros літар. з двух бакоў доўгі),
у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў (2 доўгіх і 1 кароткага).
т. 1, с. 329
АМФІМІ́КСІС
(ад амфі... + грэч. mixis змяшэнне),
звычайны тып палавога працэсу ў жывёл і раслін, пры якім адбываецца зліццё ядраў мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет). Процілегласць апаміксісу. У вузкім сэнсе — зліццё дзвюх няродных гамет ад розных асобін (у адрозненне ад аўтаміксісу). У кветкавых раслін амфіміксіс адбываецца ў форме двайнога апладнення. Тэрмін «амфіміксіс» увёў ням. біёлаг А.Вейсман (1892) для абазначэння аб’яднання спадчынных субстанцый дзвюх асобін пры апладненні.
т. 1, с. 329
АМФІПРАСТЫ́ЛЬ
(грэч. amphiprostylos),
тып стараж.-грэч. прамавугольнага ў плане храма, які мае калонныя порцікі на тарцовых фасадах, пазбаўленыя дэкору падоўжныя сцены. Амфіпрастыль звычайна будавалі з гладкіх каменных блокаў. Шырока вядомы амфіпрастыль, пабудаваны паводле праекта Калікрата на Афінскім Акропалі, храм Ніке Аптэрас (Бяскрылай Перамогі).
т. 1, с. 329
АМФІТЭА́ТР
(грэч. amphitheatron),
1) у Стараж. Рыме манументальнае збудаванне для публічных відовішчаў: баёў гладыятараў, цкавання дзікіх звяроў, масавых тэатралізаваных паказаў. Меў эліпсападобную ў плане форму, з арэнай пасярэдзіне, вакол якой ступенькамі ўзвышаліся месцы для гледачоў. Яго канструкцыйную аснову складала сістэма арак і слупоў, паміж якімі знаходзіліся галерэі і лесвіцы, напр., Рымскі Калізей.
2) Сучасныя амфітэатры выкарыстоўваюцца ў кінатэатрах, тэатр., цыркавых, спарт. будынках, маюць эліпсападобны, паўцыркульны сегментавы план. На аснове амфітэатра пабудаваны глядзельныя залы Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, кінатэатра «Кастрычнік» у Мінску, месцы для гледачоў у цырках Гомеля, Мінска, на мінскім стадыёне «Дынама» і інш.
т. 1, с. 329
АМФІТЭА́ТРАЎ Аляксандр Валянцінавіч
(26.12.1862, Калуга — 26.2.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). Аўтар зб-каў апавяданняў «Псіхапаты. Праўда і выдумка» (1893), «Мроі і цені» (1896), раманаў «Атручанае сумленне» (1890; аналіз псіхал. матываў злачынства), «Жар-кветка» (1895; тэма спірытызму і акультызму), «Вікторыя Паўлаўна» (1903; пытанне жаночай эмансіпацыі), «Мар’я Лусьева» (1903; праблема прастытуцыі), гіст. твора «Звер з прорвы» (1911—14), фельетонаў, літ.-крыт. артыкулаў. Раманы-хронікі са шматтомнай серыі «Канцы і пачаткі. Хроніка 1880—1910» — спроба асэнсаваць жыццё рас. грамадства на рубяжы стагоддзяў. З 1921 у эміграцыі. Выдаў раман «Зачараваны стэп» (1921), кн. нарысаў «Тужлівыя нататкі» (1922), зб. «Неўтаймаваная Русь: Дэманічныя аповесці XVII ст.» (1929) і інш. На бел. мову творы Амфітэатрава перакладаў В.Ластоўскі.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—30, 33—35, 37. Спб., 1911—16;
Закат старого века. М., 1989;
Мертвые боги. М., 1991;
Бел. пер. — Хілібертава пакута;
Вярба;
Палятуха. Вільня, 1912.
т. 1, с. 329
АМФІУ́МЫ
(Amphiumidae),
сямейства хвастатых земнаводных. 3 віды. Найб. вядомая амфіума меанс. Пашыраны на ПдУ ЗША. Жывуць у забалочаных вадаёмах, азёрах, непраточных глеістых вадаёмах, на рысавых чэках (абвалаваных участках палёў).
Даўж. 0,8—1 м. Цела чорнае, вугрападобнае. Маюць 2 пары малых рудыментарных канечнасцяў з 2—3 недаразвітымі пальцамі, унутр. шчэлепы і схаваныя пад скурай вочы. Лічынкі дыхаюць шчэлепамі, дарослыя — лёгкімі. Зімуюць у глеі. Кормяцца беспазваночнымі, радзей дробнымі рыбамі, земнаводнымі. Адкладваюць на сушы ў вільготных месцах да 150 яец. Палавая спеласць на 4-м годзе. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч і скура.
т. 1, с. 329
АМФІФІ́ТЫ [ад амфі... + ... фіт(ы)] водныя, прымацаваныя да грунту вадаёма расліны, большасць лістоў і кветак якіх размешчана пад вадой. Напр., рагоз, трыснёг, стрэлкаліст і інш. Многія амфіфіты — тыповыя прыбярэжна-водныя і земнаводныя расліны-«амфібіі», прыстасаваныя да росту і ў вадзе, і на сушы (гл. Амфібіёнты).
т. 1, с. 329