Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМФАТЭ́РНАСЦЬ

(ад грэч. amphoteros і той і гэты),

здольнасць некаторых хім. злучэнняў праяўляць у залежнасці ад умоў кіслотныя або асн. ўласцівасці. Уласцівая вадзе, аксідам і гідраксідам алюмінію, цынку, хрому і інш., некаторым амінам, амінакіслотам, іанітам.

Пры дысацыяцыі ў водных растворах амфатэрныя злучэнні (амфаліты) утвараюць H​+ і OH​- іоны (напр., Cr​3++3OH​- ⇄ Cr(OH)3 ⇄ H​++CrO​-2+H2O). Перавага тыпу ўласцівасцяў амфатэрных гідраксідаў залежыць ад месца элемента ў перыяд. сістэме. Амфатэрнасць злучэнняў карыстаюцца ў хім. аналізе для раздзялення элементаў.

т. 1, с. 327

АМФІ...

(ад грэч. amphi каля, вакол, з двух бакоў),

прыстаўка, якая абазначае: «з двух бакоў», «вакол», «дваякі», напр., амфіміксіс, амфікарпія.

т. 1, с. 327

АМФІБАЛІ́Т,

масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.

т. 1, с. 327

АМФІБАЛІ́Я (ад грэч. amphibolia двухсэнсавасць) у літаратуры, двухсэнсавасць выразу, якая ўзнікае ў выніку сінтаксічнай няўзгодненасці асобных частак выказвання. Напр., у радку верша В.Макарэвіча «Гораду», «Былы я лесаруб, каваль» 2 словы «былы я» ўспрымаюцца як адно «былыя».

т. 1, с. 328

АМФІБІЁНТЫ

[ад амфі... + біёнт(ы)],

арганізмы, якія жывуць або развіваюцца ў двух асяроддзях. Да амфібіёнтаў адносяцца віды жывёл і раслін, здольныя жыць і ў вадзе, і на сушы (многія земнаводныя, марскія чарапахі і інш.; гл. Амфіфіты, Гіграфіты); віды, якія жывуць у адных узроставых фазах развіцця (звычайна — лічынкавай) у вадзе або ў глебе, у другіх — на сушы. Напр., большасць жаб, стракоз, камароў, многія мошкі, майскі і чэрвеньскі хрушчы, жукі-шчаўкуны (драцянікі) і інш. Найб. пашыраны ў паласе прыліваў і адліваў.

т. 1, с. 328

АМФІ́БІІ,

гл. Земнаводныя.

т. 1, с. 328

«АМФІ́БІЯ»,

1) аўтамабіль (звычайна павышанай праходнасці) з воданепранікальным кузавам, аснашчаны рухачом (грабным вінтом, вадамётным прыстасаваннем) для руху па вадзе, вадзяным рулём і помпай для адпампоўвання вады з кузава. Для пераадолення стромкіх пад’ёмаў пры выхадзе на бераг «амфібію» абсталёўваюць лябёдкай. Прызначаны для перапраўкі людзей і грузаў цераз рэкі, азёры і інш. 2) Самалёт «амфібія» — гідрасамалёт, прыстасаваны таксама для ўзлёту з сушы і пасадкі на сушу з дапамогай колавых шасі. Абслугоўваюць пасаж. авіялініі ў раёнах узбярэжжа, рыбныя і зверабойныя промыслы і інш. 3) Аэрасані-«амфібія» — аэрасані, у якіх кузаў на лыжах заменены для лепшай праходнасці адной лодкай-лыжай, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе і па вадзе, мелкаводных рэках, забалочаных вадаёмах, лёдзе з праталінамі. Выкарыстоўваюцца для сувязі, у палярных экспедыцыях і г.д. 4) Баявая або транспартная машына (танк, БТР і інш.), здольная перамяшчацца па сушы і вадзе. Плывучасць «амфібіі» забяспечваецца неабходным водазмяшчэннем яе герметызаванага корпуса, на вадзе — вадаходным рухачом (грабныя і паветр. вінты, гусенічныя ланцугі і вадамёты). Распрацоўка «амфібіі» пачалася ў час 1-й сусв. вайны, першыя ўзоры танкаў-«амфібія» зроблены ў Францыі і ЗША у пач. 1920-х г. На ўзбраенне Чырв. Арміі танкі-«амфібіі» паступілі ў пач. 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну «амфібію» шырока выкарыстоўваліся ўзбр. сіламі ЗША СССР і інш. краін.

т. 1, с. 328

АМФІБО́ЛЫ

(ад грэч. amphibolos двухсэнсавы, падманлівы),

група пародаўтваральных мінералаў падкласа ланцужковых (стужачных) сілікатаў з агульнай формулай (A, B)7-8 [Z4O11]2 (OH, F)2, дзе A — K, Na, Ca; B — Al, Fe​+3, Fe​+2, Mg і інш.; Z — Si, Al. Асн. структуры — т.зв. «амфіболавая стужка» [Si4O11]. Адрозніваюць манаклінныя і больш рэдкія рамбічныя амфіболы. Утвараюць прызматычныя крышталі, ігольчастыя ці тонкавалакністыя агрэгаты. Колер чорны, зялёны, радзей белы ці сіні, да цёмна-фіялетавага. Цв. 5—6,5. Шчыльн. 2,8—3,6 г/см³. Пашыраны ў складзе магматычных і метамарфічных парод (гранадыярытаў, дыярытаў, сіенітаў, андэзітаў, базальтаў і інш.). У зямной кары да 10% (па масе). У прам-сці выкарыстоўваюць хімічна- і тэрмаўстойлівыя тонкавалакністыя амфібол-азбесты. Некаторыя амфіболы — ювелірнавырабныя камяні (нефрыт, кракідаліт і інш.); жалезістыя амфіболы, якія маюць у сабе волава — патэнцыяльная алавяная руда.

т. 1, с. 328

АМФІБРА́ХІЙ

(грэч. amphibrachys літар, кароткі з абодвух бакоў),

1) у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў — 1 доўгага і 2 кароткіх (◡-◡). Наз. таксама брахіхарэй — стапа, якая складаецца з кароткага складу і харэя.

2) У сілабатанічным вершаскладанні амфібрахій — 3-складовая стапа з рытмічным націскам на сярэднім складзе (- -): «З леге́ндаў і ка́зак былы́х пакале́нняў, // З кало́сся цяжко́га жыто́ў і пшані́ц...» (М.Танк. «Родная мова»), У бел. Паэзіі амфібрахій з’явіўся ў канцы 19 ст. У зб. Ф.Багушэвіча «Смык беларускі» (1894) з 9 вершаў (акрамя цыкла «Песні») 32 радкі вытрыманы ў памерах 3-складовага амфібрахія. Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай паэзіі.

т. 1, с. 328

АМФІЗБЕ́НЫ

(Amphisbaenia),

падатрад паўзуноў атр. лускаватых. Некалькі сямействаў. Каля 140 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Афрыцы, Зах. Азіі, 1 від у Паўд. Еўропе, 1 — на ПдУ ЗША. Найб. вядомыя белая амфізбена (Amphisbaena alba), плямістая двухходка (A. fuliginosa), хірот (Bipes canalicubatus).

Даўж. да 70 см. Цела цыліндрычнае, чэрвепадобнае, з кароткім хвастом, укрытае суцэльнай рагавой плеўкай з вузкімі папярочнымі кольцамі. У большасці канечнасці адсутнічаюць. Вядуць падземны спосаб жыцця, часта пасяляюцца ў мурашніках і тэрмітніках. Па хадах у зямлі могуць рухацца хвастом уперад (адсюль назва). Кормяцца мурашкамі, тэрмітамі, іх лічынкамі.

т. 1, с. 328