Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАНЧЖАЎВА́НЬ,

заліў Усходне-Кітайскага м., каля берагоў Кітая. Даўж. 150 км, шыр. ўвахода каля 110 м, глыб. да 13 м. Каля ўвахода ў заліў архіпелаг Чжоўшань. Упадае р. Фучуньцзян. Порт — Ханчжоў.

т. 16, с. 540

ХАНЧЖО́Ў,

горад на У Кітая. Адм. ц. правінцыі Чжэнцзян. 1,1 млн. ж. (1990). Трансп. вузел. Буйны порт на Усх.-Кітайскім м., у вусці р. Фучуньцзян і на Вялікім канале. Важны цэнтр тэкст. прам-сці; машынабудаванне, хім., гумавая, шкляная, цэментавая, джутавая, чаеапрацоўчая прам-сць. Вытв-сць вырабаў з бамбуку і шоўку на экспарт. Ун-т. Кліматычны курорт. Турызм.

Засн. ў 589. У 1129—1279 сталіца дынастыі Паўд. Сун і наз. Ліньянь. У часы манг. заваявання (13—14 ст.) разбураны; адбудаваны пасля 1356. У 1861—64 захоплены паўстанцамі-тайпінамі (гл. Тайпінскае паўстанне). У 1895 адкрыты для замежнага гандлю, у 1896 на яго тэр. з’явіліся сэтльменты Японіі і Вялікабрытаніі. У 1937 акупіраваны яп. войскамі. з 1945 пад уладай гаміньданаўцаў. Вызвалены Нар.-вызв. арміяй Кітая ў 1949.

т. 16, с. 540

Ханчук Аляксандр Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 466

ХАНЫНІ́М,

у карэйскай рэлігіі і міфалогіі вышэйшае бажаство, якое прыносіць шчасце людзям і ўплывае на іх лёс. Лічылася таксама, што ад яго капрызаў залежаў ураджай. Карэйцы-хрысціяне пераносяць імя Х. на Ісуса Хрыста.

т. 16, с. 540

ХАНЬ,

імператарская дынастыя ў Кітаі, якая правіла ў 206 да н.э. — 220 н.э. Падзялялася на Зах., ці Раннюю (Старэйшую), Хань (206 да н.э. — 25 н.э.) і Усх., ці Познюю (Малодшую), Хань (25—220 н.э.). У кіт. гістарыяграфіі з дынастыі Х. выключаюць праўленне Ван Мана і Лю Сюаня (9—25 н.э.; гл. «Чырванабровых паўстанне»). Заснавальнік дынастыі Лю Бан аб’яднаў краіну, стварыў моцную цэнтралізаваную імперыю, аднак яго практыка раздачы зямель сваякам і паплечнікам садзейнічала расколу. Цэнтралізаваная ўлада ўмацавалася пры імператарах Цзіндзі (156—141 да н.э.) і асабліва У Дзі (140—87 да н.э.). Дынастыя вяла захопніцкія войны з мэтай пашырэння імперыі. У час яе праўлення афіц. ідэалогіяй стала канфуцыянства, актывізаваліся гандл. сувязі Кітая з Захадам па Вялікім шаўковым шляху. Дынастыя страціла ўладу ў выніку «Жоўтых павязак» паўстання і міжусобіц. Ад назвы дынастыі Х. паходзіць этнонім хань — саманазва кітайцаў.

т. 16, с. 540

ХАНЬДА́НЬ,

горад у Паўн. Кітаі, на р. Фуянхэ, у прав. Хэбэй. 838 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел чыг. і шашэйных дарог. Прам-сць: тэкст., харч., металургічная, маш.-буд., цэментавая. Паблізу Х. здабыча кам. вугалю і жал. руды.

т. 16, с. 540

ХАНЬШУ́Й, Ханьцзян, Цзюйхэ,

рака ў Кітаі, левы прыток р. Янцзы. Даўж. 1532 км, пл. бас. каля 174 тыс. км². Вытокі на паўд. схілах хр. Ціньлін. У верхнім цячэнні парожыстая горная. у межах Цзянханьскай раўніны абвалавана дамбамі. Зімовая межань, летнія паводкі. Сярэдні расход вады каля 2 тыс. м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. У вусці Х. — г. Ухань.

т. 16, с. 540

ХА́НЯ, Хан, Цераздрэў,

рака ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Жалонь (бас. р. Прыпяць). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 88,7 км². Пачынаецца за 1,8 км на Пн ад в. Дзятлік. Рэчышча ў вытокавай ч. каналізаванае, вусце за 4 км на ПнЗ ад в. Хільчыха. На рацэ плаціны і сажалкі каля вёсак Красноўка (пл. 21 га), Хамянкі (пл. 12 га), Нічыпараўка (пл. 22 га). Ніжнія 11 км рака цячэ па лясістай забалочанай мясцовасці.

т. 16, с. 540

ХАНЯВІ́ЧЫ,

вёска ў Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 41 км на ПдУ ад горада і 43 км ад чыг. ст. Свіслач, 131 км ад Гродна. 557 ж., 159 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму.

т. 16, с. 540

ХАН-ТО́НГРЫ,

горная вяршыня хр. Тэнгрытаг, ва ўсх. частцы Цэнтр. Цянь-Шаня, на тэр. Кыргызстана. Выш. 6995 м. Мае форму спічастай піраміды. Складзена з мармураў і мармурызаваных вапнякоў. У раёне Х.-Т. самае буйное зледзяненне Цянь-Шаня (агульная пл. каля 2500 км², у т. л. ледавік Энгільчэк).

т. 16, с. 540