ХАНЬ,

імператарская дынастыя ў Кітаі, якая правіла ў 206 да н.э. — 220 н.э. Падзялялася на Зах., ці Раннюю (Старэйшую), Хань (206 да н.э. — 25 н.э.) і Усх., ці Познюю (Малодшую), Хань (25—220 н.э.). У кіт. гістарыяграфіі з дынастыі Х. выключаюць праўленне Ван Мана і Лю Сюаня (9—25 н.э.; гл. «Чырванабровых паўстанне»). Заснавальнік дынастыі Лю Бан аб’яднаў краіну, стварыў моцную цэнтралізаваную імперыю, аднак яго практыка раздачы зямель сваякам і паплечнікам садзейнічала расколу. Цэнтралізаваная ўлада ўмацавалася пры імператарах Цзіндзі (156—141 да н.э.) і асабліва У Дзі (140—87 да н.э.). Дынастыя вяла захопніцкія войны з мэтай пашырэння імперыі. У час яе праўлення афіц. ідэалогіяй стала канфуцыянства, актывізаваліся гандл. сувязі Кітая з Захадам па Вялікім шаўковым шляху. Дынастыя страціла ўладу ў выніку «Жоўтых павязак» паўстання і міжусобіц. Ад назвы дынастыі Х. паходзіць этнонім хань — саманазва кітайцаў.

т. 16, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)