Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Астана

т. 18, кн. 1, с. 337

АСТА́НГАЎ (сапр. Ружнікаў) Міхаіл Фёдаравіч

(3.11.1900, Варшава — 20.4.1965),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920. Працаваў у Маскоўскім т-ры Рэвалюцыі (1925—27 і 1930—41), з 1945 у т-ры імя Я.Вахтангава. Яго выканальніцкай манеры ўласцівыя філас. глыбіня, псіхал. тонкасць, эмацыянальнасць. З лепшых роляў: Гай («Мой сябар» М.Пагодзіна), Маціяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана), Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра). З 1933 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950, 1951.

т. 2, с. 43

АСТА́НІН (Аляксандр Несцеравіч) (н. 23.3.1938, г. Шапятоўка Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. і польскі вучоны ў галіне аўтаматычнага кіравання і вылічальнай тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1982), праф. (1984). Скончыў Мінскае Вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча (1961). З 1973 у БПІ, з 1989 заг. кафедры ў Беластоцкім політэхн. ін-це (Польшча). Навук. працы па мадэліраванні, ідэнтыфікацыі, адаптыўным кіраванні складанымі дынамічнымі аб’ектамі.

Тв.:

Микро-ЭВМ в динамических системах. Мн., 1982 (разам з Р.І.Фурунжыевым і Г.І.Залужным);

Управление колебаниями многоопорных машин. М., 1984 (разам з Р.І.Фурунжыевым).

т. 2, с. 43

АСТА́НКІНА,

архітэктурна-мастацкі ансамбль канца 18 ст. ў Маскве. Былая падмаскоўная сядзіба графаў Шарамецевых, з 1918 палац-музей творчасці прыгонных. Аснову арх. ансамбля складае комплекс у стылі позняга класіцызму (1791—98, арх. Ф.Кампарэзі, П.Аргуноў і інш.; ляпныя рэльефы Ф.Гардзеева і Г.Замараева). Цэнтр комплексу — палац-тэатр, злучаны невысокімі галерэямі з канцэртнай залай у «Егіпецкім» і з банкетнай — у «Італьянскім» павільёнах. У інтэр’ерах — калекцыі жывапісу, гравюры, скульптура, мэбля, фарфор і інш. Часткова захаваўся пейзажны парк, Троіцкая царква (1678—92) са званіцай у псеўдарускім стылі. У раёне Астанкіна ў 1967 пабудавана унікальная вежа (537 м) Маскоўскага тэлецэнтра (арх. Дз.Бурдзін, Л.Батанаў, В.Мілашэўскі, інж. М.Нікіцін, Б.Злобін).

Астанкіна. «Егіпецкі» павільён. Канцэртная зала.
Астанкіна. Палац-тэатр.

т. 2, с. 43

АСТАНЦЫ́,

ізаляваныя (астраўныя) узвышаныя элементы рэльефу (асобныя масівы), уцалелыя ад разбурэння. Адрозніваюць астанцы: выветрывання (скалістыя масівы вычварнай формы са стромкімі схіламі, у пустынных і паўпустынных абласцях); абцякання (складзеныя з рыхлага алювіяльнага матэрыялу, у далінах рэк); масівы з больш цвёрдых парод у працэсе эрозіі платопадобных тэрыторый утвараюць своеасаблівыя астанцы — сталовыя горы.

Астанец на месцы былых гор у Манголіі.

т. 2, с. 44

«А́СТАН МА́РЦІН»

(Aston Martin),

легкавыя аўтамабілі вышэйшага класа аднайм. фірмы (Вялікабрытанія). Выпускаюцца з 1921. У 1994 вырабляліся

мадыфікацыі з магутнасцю рухавіка 137—342 кВт; найб. скорасць руху 260—280 км/гадз.

Легкавы аўтамабіль «Астан Марцін».

т. 2, с. 43

Астапаў Валерый Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 337

АСТА́ПЕНКА (Алесь) (Аляксандр Кірылавіч; 14.7.1920, в. Сырская Буда Добрушскага р-на Гомельскай вобласці — 20.7.1970),

бел. паэт, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1938—41). Удзельнік Айч. вайны. Быў цяжка паранены. Працаваў на Бел. радыё, у прэсе. Друкаваўся з 1940. Услаўляў ваенны подзвіг чалавека, яго стваральную працу (зб-кі «Выпрабаванне», 1974; «Дзень маёй Радзімы», 1952; «Сэрца спявае», 1960). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы М.Ісакоўскага, П.Тычыны, Я.Райніса. Вершы Астапенкі паклалі на музыку бел. кампазітары Г.Вагнер, І.Кузняцоў, Дз.Лукас, С.Палонскі, Р.Пукст, Н.Сакалоўскі.

Тв.:

Выпрабаванне. Мн., 1980.

т. 2, с. 44

АСТА́ПЕНКА (Вадзім Рыгоравіч) (17.8.1924, в. Шамава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобласці — 20.12.1989),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1972), праф. (1973). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953), дзе і працаваў да 1975 і ў 1978—87. Адначасова гал. хірург Мін-ва аховы здароўя Беларусі (1978—87). У 1975—78 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па хірург. лячэнні шчытападобнай залозы, язвавай хваробы страўніка і 12-перснай кішкі, паталогіі гепатабіліярнай сістэмы, праблемах партальнай гіпертэнзіі і сарбцыйнай дэтаксікацыі ў хірургіі.

Тв.:

Хирургическое лечение тиреотоксикозов. Мн., 1961;

Практическое пособие по частной хирургии. Мн., 1968.

т. 2, с. 44

АСТА́ПЕНКА (Змітрок) (Дзмітрый Емяльянавіч; 23.11.1910, в. Калеснікі Хіславіцкага р-на Смаленскай вобласці — кастр. 1944),

бел. паэт. Скончыў Мсціслаўскі пед. тэхнікум (1929). Працаваў у рэсп. Прэсе. 5.12.1936 арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў. З лагера ўцёк. Жыў у Маскве. Удзельнік Айч. вайны. Загінуў у баі ў Карпатах. Друкаваўся з 1926. Пісаў пераважна апавядальна-сюжэтныя творы (зб-кі «На ўсход сонца», «Краіне», абодва 1931, «Абураныя», 1932; цыкл вершаў «Ноч на станцыі Негарэлае», нап. 1930; паэма «Два таварышы», нап. 1931). У паэме «Эдэм» (нап. 1944) уславіў мужнасць і самаахвярнасць народа ў змаганні з ворагам. Аўтар вершаванай кн. для дзяцей «Трактар» (1933). Стаяў ля вытокаў бел. навук.-фантаст. л-ры (раман «Вызваленне сіл», 1932). Пераклаў на бел. мову раманы «Маці» М.Горкага (1932), «Ваколіцы» Л.Первамайскага (1931), аповесць «Ударны атрад» А.Дончанкі (1932), «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» К.Ванака (1932) і інш.

Тв.:

Вершы і паэмы. Мн., 1968.

Літ.:

Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;

Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр. тв. Мн., 1978. Т. 2;

Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;

Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд. Мн., 1990.

З.Астапенка.

т. 2, с. 44