АСТА́ПЕНКА Змітрок

(Дзмітрый Емяльянавіч; 23.11.1910, в. Калеснікі Хіславіцкага р-на Смаленскай вобласці — кастр. 1944),

бел. паэт. Скончыў Мсціслаўскі пед. тэхнікум (1929). Працаваў у рэсп. Прэсе. 5.12.1936 арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў. З лагера ўцёк. Жыў у Маскве. Удзельнік Айч. вайны. Загінуў у баі ў Карпатах. Друкаваўся з 1926. Пісаў пераважна апавядальна-сюжэтныя творы (зб-кі «На ўсход сонца», «Краіне», абодва 1931, «Абураныя», 1932; цыкл вершаў «Ноч на станцыі Негарэлае», нап. 1930; паэма «Два таварышы», нап. 1931). У паэме «Эдэм» (нап. 1944) уславіў мужнасць і самаахвярнасць народа ў змаганні з ворагам. Аўтар вершаванай кн. для дзяцей «Трактар» (1933). Стаяў ля вытокаў бел. навук.-фантаст. л-ры (раман «Вызваленне сіл», 1932). Пераклаў на бел. мову раманы «Маці» М.Горкага (1932), «Ваколіцы» Л.Первамайскага (1931), аповесць «Ударны атрад» А.Дончанкі (1932), «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» К.Ванака (1932) і інш.

Тв.:

Вершы і паэмы. Мн., 1968.

Літ.:

Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;

Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр. тв. Мн., 1978. Т. 2;

Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;

Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд. Мн., 1990.

т. 2, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)