АСТА́НКІНА,

архітэктурна-мастацкі ансамбль канца 18 ст. ў Маскве. Былая падмаскоўная сядзіба графаў Шарамецевых, з 1918 палац-музей творчасці прыгонных. Аснову арх. ансамбля складае комплекс у стылі позняга класіцызму (1791—98, арх. Ф.​Кампарэзі, П.​Аргуноў і інш.; ляпныя рэльефы Ф.​Гардзеева і Г.​Замараева). Цэнтр комплексу — палац-тэатр, злучаны невысокімі галерэямі з канцэртнай залай у «Егіпецкім» і з банкетнай — у «Італьянскім» павільёнах. У інтэр’ерах — калекцыі жывапісу, гравюры, скульптура, мэбля, фарфор і інш. Часткова захаваўся пейзажны парк, Троіцкая царква (1678—92) са званіцай у псеўдарускім стылі. У раёне Астанкіна ў 1967 пабудавана унікальная вежа (537 м) Маскоўскага тэлецэнтра (арх. Дз.​Бурдзін, Л.​Батанаў, В.​Мілашэўскі, інж. М.​Нікіцін, Б.​Злобін).

Астанкіна. «Егіпецкі» павільён. Канцэртная зала.
Астанкіна. Палац-тэатр.

т. 2, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)