Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АДНАМЕ́РНАГА ЧАЛАВЕ́КА КАНЦЭ́ПЦЫЯ,

найбольш поўнае выражэнне «крытычнай тэорыі грамадства», звязанай з даследаваннямі сац. канфармізму і сац.-псіхал. тыпаў асобы. Назва ад кнігі заснавальніка гэтай канцэпцыі Г.Маркузе «Аднамерны чалавек. Нарысы ідэалогіі высокаразвітога індустрыяльнага грамадства». Істотную ролю ў станаўленні канцэпцыі адыгралі ідэі З.Фрэйда, В.Райха, Т.Адорна, Э.Фрома і інш. даследчыкаў механізмаў адчужэння чалавека.

Аднамернасць як разбурэнне чалавечай суб’ектыўнасці Маркузе звязваў з развітой індустрыяльнай цывілізацыяй, рэпрэсіўным уздзеяннем тэхнікі на духоўны свет асобы. «Аднамерны чалавек» — канфарміст, які поўнасцю інтэграваны ў «сістэму», лёгка паддаецца маніпуліраванню, яго адносіны да свету павярхоўныя, некрытычныя, схільнасці і патрэбы скажоны прынцыпам прадукцыйнасці, што выклікае спажывецкую арыентацыю. Аднамернасці проціпастаўляецца двухмернасць чалавека, якая дапускае наяўнасць унутранага свету асобы, здольнасць яе крытычна ставіцца да ўмоў свайго існавання і самаўдасканальвацца.

Літ.:

Баталов Э.Я. Философия бунта. М., 1973;

Marcuse H. One — demensional man. London, 1991.

А.В.Рубанаў.

т. 1, с. 122

АДНАПАЛО́СНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ,

працэс атрымання мадуляваных ваганняў, частотны спектр якіх мае адну бакавую паласу частот (нясучая частата і другая бакавая паласа значна прыглушаны). У параўнанні з амплітуднай мадуляцыяй пры аднапалоснай мадуляцыі перадавальны спектр частот скарачаецца ў 2 разы, што дазваляе падвоіць колькасць каналаў сувязі. Агульны выйгрыш па магутнасці перадатчыка ў 8—16 разоў. Выкарыстоўваецца ў тэлебачанні, прафес. і аматарскай радыёсувязі, правадной сувязі.

т. 1, с. 123

АДНАПО́ЛЫЯ КВЕ́ТКІ,

кветкі, у якіх ёсць толькі тычынкі і няма песціка (песцікаў) або ёсць толькі песцік (песцікі), але няма тычынак. Першыя наз. тычынкавыя (мужч.), другія — песцікавыя (жан.). У многіх аднаполых кветак органы другога полу захоўваюцца ў рэдукаваным стане і не функцыяніруюць. Паводле эвантавай тэорыі паходжання кветкі, аднаполыя кветкі ўзніклі ў працэсе эвалюцыі ад двух кветак у выніку прыстасавання да апылення ветрам. Такія кветкі наз. функцыянальна-мужчынскімі або функцыянальна-жаночымі. Размеркаванне аднаполых кветак на раслінах рознае (гл. Аднадомныя расліны, Двухдомныя расліны, Шматдомныя расліны).

т. 1, с. 123

АДНАПО́ЛЮСНАЕ ТЭЛЕГРАФАВА́ННЕ,

тэлеграфаванне сігналамі пастаяннага току, якія ўяўляюць сабой кодавую камбінацыю імпульсаў адной палярнасці з бястокавымі інтэрваламі. У адрозненне ад двухполюснага тэлеграфавання выкарыстоўваецца на лініях сувязі невял. працягласці (да 300 км).

т. 1, с. 123

АДНАПРАХО́ДНЫЯ

(Monotremata),

яйцародныя, атрад найб. прымітыўных сярод сучасных млекакормячых. Вядомы з плейстацэну Аўстраліі. 2 сям.: яхідны і качканосы, 5 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі, Тасманіі, Новай Гвінеі.

Даўж. цела да 80 см. Характэрна сумяшчэнне заднепраходнай і мочапалавой адтулін (клаака, як у птушак). Зубоў у дарослых няма. Страўнік не мае стрававальных залоз. Сярэдняя т-ра цела ніжэйшая, чым у інш. млекакормячых (25—36 °C). Нясуць 1—2, зрэдку 3 яйцы. Малочныя залозы трубчастыя, выдзяляюць малако на брушную паверхню цела (залозістае поле), адкуль яго злізваюць дзіцяняты. Паўводныя ці наземныя формы. Кормяцца жывёльнымі арганізмамі. Колькасць невялікая.

т. 1, с. 123

АДНАРО́Г, нарвал (Monodon monoceros),

марское млекакормячае атр. кітападобных. Жыве ў арктычных водах Грэнландыі, Паўн. Канады, Шпіцбергена і ПнУ Зямлі Франца-Іосіфа.

Даўж. да 6,1 м, маса 1—1,5 т. Афарбоўка светлая з мноствам чорных плямаў (дзіцяняты цёмныя). У самцоў (зрэдку ў самак) у левай верхняй сківіцы бівень (рог) даўж. да 3 м (адсюль назва), якім яны прабіваюць аддушыны ў ільдах. Корміцца галаваногімі малюскамі і рыбай. Рэдкі. Ахоўваецца, занесены ў Чырв. кнігу СССР.

Аднарог: 1 — самец; 2 — самка.

т. 1, с. 123

АДНАРО́Г

(лац. Monoceros),

экватарыяльнае сузор’е з найбольш яркай зоркай 3,8 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі найлепшы час назірання — снежань, студзень.

т. 1, с. 123

АДНАРО́Г

(ад назвы міфічнага звера з рогам на лбе),

старажытная руская артылерыйская гладкаствольная гармата. Аднарог — пішчаль-інрог, адліты ў 1577. У 1757—59 распрацавана некалькі ўзораў аднарогу, якія мелі ствалы 7,5—12,5 калібра з ядрамі 1,8—40 кг. 246-міліметровы аднарог страляў на адлегласць да 4 км ядрамі, разрыўнымі і запальнымі гранатамі, бомбамі і карцеччу. Быў на ўзбраенні рус. артылерыі больш за 100 гадоў (да стварэння наразных гармат).

Аднарог. 18 ст.

т. 1, с. 123

АДНАРО́ДНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

ураўненне, якое не змяняе свайго выгляду пры адначасовым множанні ўсіх (або толькі некаторых) пераменных на адзін і той жа адвольны лік. Ураўненне можа быць аднародным і ў адносінах да адпаведных пераменных, напр., xy + yz + zx = 0 — аднароднае ўраўненне ў адносінах да ўсіх пераменных, ураўненне y + ln(x/z) + 5 = 0 — да х і z. Левая частка аднароднага ўраўнення з’яўляецца аднароднай функцыяй.

т. 1, с. 123

АДНАРО́ДНАСЦЬ СУСВЕ́ТУ,

аднароднае размеркаванне рэчыва, што назіраецца ў межах Метагалактыкі. Лічыцца, што ў прасторы, маштабы якой у трох вымярэннях перавышаюць адлегласць у 50 Мпк і якая ўключае каля 6000 галактык, шчыльнасць рэчыва прыблізна аднолькавая.

т. 1, с. 123