Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АНТЫСЕПТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ,

антысептыкі, хімічныя рэчывы з процімікробным дзеяннем. Адрозніваюць антысептычныя сродкі з бактэрыястатычным (затрымліваюць рост і развіццё мікраарганізмаў) і бактэрыцыдным (знішчаюць мікраарганізмы) дзеяннем. Як антысептычныя сродкі ў медыцыне выкарыстоўваюцца для абеззаражвання ран, скуры, пры гнойна-запаленчых працэсах, для дэзінфекцыі ёд, хлор, пераксід вадароду, марганцавакіслы калій, сулема, спірты, карболавая кіслата і інш.; для кансервавання прадуктаў — воцатная, бензойная, саліцылавая кіслоты; для захавання драўніны, скуры, пластмасы, тэкст. вырабаў — фторысты натрый, медны купарвас, антрацэнавае, сланцавае масла і інш.

т. 1, с. 400

АНТЫСТА́ТЫКІ,

хімічныя злучэнні, якія зніжаюць статычную электрызацыю палімерных рэчываў. Дзеянне антыстатыкаў павышае электраправоднасць сінт. матэрыялаў і абумоўлівае ўцечку зараду з іх. Як антыстатыкі выкарыстоўваюцца высокадысперсныя электраправодныя рэчывы (напр., сажа, графіт, аксіды металаў), паверхнева-актыўныя рэчывы, плёнкаўтваральныя палімеры (напр., поліакрылавая кіслата, полістыролсульфакіслата). Антыстатыкі наносяць на паверхню сінт. валокнаў, пластмасаў, тэкст. вырабаў ці ўводзяць у састаў матэрыялу (да 50% ад масы). Статычная (наведзеная) электрычнасць дрэнна ўплывае на чалавека (выклікае стомленасць і дыскамфорт), на паказанні высокаадчувальнай электроннай апаратуры. Для бытавых патрэб пажаданы выпуск антыстатыкаў у выглядзе аэразоляў.

т. 1, с. 400

АНТЫСФЕ́Н

(Antisthenēs; каля 444 — каля 365 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік школы кінікаў. Вучань сафіста Горгія, потым Сакрата, пасля смерці якога адкрыў уласную школу. Лічыў паняцці абстракцыямі рэчаў, якія адзіныя рэальна існуюць. Вышэйшым крытэрыем ісціннасці і мэтай жыцця лічыў дабрачыннасць. Аддаваў увагу праблемам этыкі, прапагандаваў вяртанне да «натуральнага стану», адмову ад багацця, раскошы, пачуццёвай асалоды, вёў аскетычны лад жыцця. У сферы палітыкі адмаўляў дзяржаву, паліт. дзейнасць, сац. роўнасць і інш. сац. «ўмоўнасці».

т. 1, с. 400

АНТЫТАКСІ́НЫ

(ад анты... + таксіны),

спецыфічныя бялкі (антыцелы), якія ў адрозненне ад антыдотаў утвараюцца самім арганізмам чалавека і жывёл пад уплывам таксінаў і здольныя нейтралізаваць іх адмоўнае ўздзеянне. Па хім. прыродзе пераважна імунаглабуліны класа G. Нейтралізуюць таксіны, якія яшчэ не звязаны з клеткамі арганізма. З’яўляюцца адным з фактараў імунітэту і выконваюць гал. ахоўную ролю ў выпадках інтаксікацый арганізма. Антытаксіны — дзеючы пачатак антытаксічных сываратак, якія атрымліваюць праз імунізацыю жывёл абясшкоджанымі таксінамі або малымі дозамі натыўных таксінаў. Прэпараты антытаксінаў выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння дыфтэрыі, слупняку, батулізму, газавай гангрэны, стрэптакокавых і стафілакокавых захворванняў, укусаў ядавітых жывёл.

т. 1, с. 400

АНТЫТА́ЎР

(Anti-Taurus),

горы на Пд Турцыі, у цэнтр. ч. Таўра. Даўж. каля 200 км. Утвораны 2 паралельнымі хрыбтамі — Тахталы (выш. да 3054 м, г. Бей) і Бінбога (выш. да 2830 м, г. Бінбога). Складзены пераважна з асадкавых парод. На Пн — сухі стэп, на Пд — участкі хваёвых субтрапічных лясоў і хмызнякоў (фрыгана).

т. 1, с. 400

АНТЫТРЫНІТА́РЫІ

(ад анты... + лац. trinitas тройца),

прыхільнікі хрысц. плыняў і абшчын, якія адмаўляюць догмат пра трыадзінства Бога (Тройцу). Рух і вучэнне антытрынітарыяў бяруць пачатак у 2—3 ст., калі ўсталёўваліся асн. догматы хрысціянства. Вучэнне асуджана Усяленскімі саборамі, але ў сярэднія вякі яго прытрымліваліся прыхільнікі наміналізму, асобныя ерэтычныя рухі. Нярэдка ідэі антытрынітарызму былі своеасаблівай праявай вальнадумства. У сваіх поглядах антытрынітарыі абапіраліся на вучэнне неаплатанізму, пантэізм, зыходзілі з таго, што першапачатковае хрысціянства не прадпісвала ніякіх догматаў. Веру ў Тройцу яны лічылі лагічным непаразуменнем, народжаным недасканаласцю схаластычнага мыслення. З адмаўленнем Тройцы антытрынітарыі спалучалі пераасэнсаванне боскай прыроды Хрыста, што падрывала хрысц. версію замагільнага жыцця. Многія антытрынітарыі лічылі смерць натуральным працэсам, Святы дух трактавалі не як самастойную субстанцыю, а як атрыбут Бога-айца. Яны патрабавалі ўзгаднення палажэнняў рэлігіі з розумам, адстойвалі права кожнага чалавека свабодна чытаць і інтэрпрэтаваць Біблію.

Распаўсюджанне ідэй антытрынітарызму на Беларусі ў 16 ст. звязана з рэфармацыйным рухам у Зах. Еўропе, прадстаўнікі якога (Г.Бляндрата, П.Альтыяці, В.Джэнтылі і інш.) наведвалі Беларусь. Умацаванню руху антытрынітарыяў на Беларусі садзейнічалі таксама творы ісп. мысліцеля М.Сервета «Сем кніг памылковых поглядаў на Тройцу», «Аднаўленне хрысціянства» і інш. На аснове рэліг. рацыяналізму антытрынітарыяў фарміравалася айч. атэістычная думка (К.Бекеш, С.Лован, Ф.Даманеўскі, Ян Ліцыній Намыслоўскі, К.Лышчынскі і інш.). У 16 ст. ў руху антытрынітарыяў на Беларусі ўтварыліся 2 кірункі: памяркоўны і радыкальны. Прадстаўнікі першага (С.Будны, В.Цяпінскі і інш.) для абгрунтавання сваіх поглядаў выкарыстоўвалі ант. спадчыну і абвяргалі апалагетыку схаластыкі, якая пры дапамозе сафістыкі імкнулася абараніць хрысц. догматы. Яны адзначалі непазбежнасць сац. расслаення грамадства, выступалі ў абарону дзярж. ладу, былі прыхільнікамі яго паступовага эвалюц. ўдасканалення. Ідэолагі радыкальнай плыні (Якуб з Калінаўкі, Пётр з Ганёндза, Павел з Візны, М.Чаховіц), якія адстойвалі інтарэсы і грамадскія ідэалы нар. масаў, імкнуліся не да часовых рэформаў, а да радыкальных сац.-паліт. пераўтварэнняў, выступалі супраць прыватнай уласнасці, саслоўных прывілеяў, сац. і маёмаснай няроўнасці, патрабавалі скасавання дзярж. ін-таў. Большасць з іх адмоўна ставілася да філас. і тэалагічнай спадчыны, прызнавала толькі аўтарытэт Свяшчэннага пісання і асабістай веры. Важную ролю ў рацыяналізацыі дактрыны антытрынітарыяў, ператварэнні яе з рэліг. у філас. адыграла распаўсюджанне на Беларусі сацыніянства. Антытрынітарыі зазналі ганенне каталіцкай царквы і артадаксальнага пратэстантызму. У 1647 друкарні і школы антытрынітарыяў зачынены, а ў 1658—60 іх паслядоўнікі выгнаны з Рэчы Паспалітай. Вучэнне антытрынітарыяў працягвае існаваць, яго прытрымліваюцца многія пратэстанцкія абшчыны.

Літ.:

Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1490;

Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993;

Szczucki L. Antytrynitaryzm w Europie wschodniej // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. 1979. Т. 24.

С.А.Яцкевіч.

т. 1, с. 400

АНТЫТЭ́ЗА (ад грэч. antithesis процістаўленне) у літаратуры, стылістычная фігура, супастаўленне кантрастных або процілеглых з’яў і паняццяў, якое ўтварае адзінае структурна-лагічнае цэлае. Семантычны кантраст звычайна перадаецца пры дапамозе антонімаў з выкарыстаннем рытмічнага і сінтаксічнага паралелізму (напр., «лепей з разумным згубіць, чым з дурнем знайсці»). На аснове антытэзы будуюцца і вял. эпічныя творы, што выяўляецца ў іх назвах — «Вайна і мір» Л.Талстога, «Агонь і снег» І.Шамякіна.

т. 1, с. 401

АНТЫУТО́ПІЯ,

плынь грамадскай думкі, прадстаўнікі якой адмаўляюць магчымасць стварэння дасканалага грамадства і лічаць, што любыя намаганні пабудаваць адвольна спраектаваны грамадскі лад прыводзяць да катастрафічных наступстваў. Гіст. антыутопія паходзіць ад сатыр. традыцыі Дж.Свіфта, Вальтэра, У.Ірвінга, С.Батлера, М.Е.Салтыкова-Шчадрына, Г.К.Чэстэртана, Г.Уэлса і інш. У раманах і публіцыст. творах Я.Замяціна («Мы»), О.Хакслі («Гэты цудоўны новы свет», «Малпа і сутнасць»), Дж.Оруэла («Ферма жывёл», «1984 год»), А.Кёстлера («Цемра ў поўдзень»), Л.Мэмфарда («Міф аб машыне») і інш. утапічныя праекты ўяўляюцца як насілле над чалавечай прыродай, якое вядзе да таталітарызму. Да твораў-антыутопій можна далучыць і раманы-папярэджанні Дж.Лондана, К.Чапека, А.Франса, Р.Брэдберы, А.Азімава, І.Яфрэмава і інш. Асаблівае пашырэнне антыутопія набыла пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі, якая практычна пацвердзіла немагчымасць ажыццяўлення сац. ідэалаў. Як і утопія, антыутопія гал. чынам канструюецца з дапамогай метаду ідэалізацыі, але з адваротным знакам. Пры гэтым у ёй могуць выкарыстоўвацца прадказанні, у т. л. і навук. прагнозы. Антыутопія заснавана на абсалютызацыі аб’ектыўных негатыўных тэндэнцый і ўяўляе сабой вобразатвор абсалютна недасканалага, дрэннага і суб’ектыўна непажаданага з пункту погляду безумоўных агульначалавечых каштоўнасцяў грамадскага ладу. Антыутопія ў пэўнай меры выконвае і функцыю рэгулятара дзейнасці і функцыю папярэджання, перасцярогі ад утопіі. Створаны ў ёй вобраз грамадскага будучага можа выкарыстоўвацца ў якасці ідэалізаванага аб’екта ў сац. пазнанні.

Літ.:

Бердяев Н. ...Смысл истории. М., 1990;

Утопия и утопическое мышление. Антол. зарубеж. лит.: Пер. с англ., нем., фр. и др. М., 1991.

Г.А.Антанюк.

т. 1, с. 401

АНТЫФАШЫ́ЗМ,

ідэйна-паліт. плынь і грамадскі рух прадстаўнікоў грамадства, паліт. сіл розных светапоглядаў і ідэалогій, а таксама палітыка дэмакр. урадаў, накіраваная супраць фашызму. Узнік у Еўропе на пач. 1920-х г., каб процідзейнічаць уплыву фаш. арг-цый і партый на паліт. жыццё і дзярж. ўладу. Значнага размаху дасягнуў з устанаўленнем у 1930-я г. адкрытых фашысцкіх дыктатур у Германіі, Італіі, Іспаніі, актывізацыяй фаш. сіл у шэрагу інш. еўрап. краін. У 2-ю сусв. вайну антыфашызм з’явіўся асновай антыгітлераўскай кааліцыі, вызв. барацьбы народаў свету супраць дзяржаў «восі» (Германія, Італія, Японія). Пасля вайны антыфашызм садзейнічаў пераадоленню рэшткаў фашызму ў грамадскім жыцці, нац. аднаўленню і адраджэнню. Захоўвае значэнне як сродак процідзеяння неафашызму.

В.І.Боўш.

т. 1, с. 401

АНТЫФАШЫ́СЦКАЕ ВЕ́ЧА НАРО́ДНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ЮГАСЛА́ВІІ Заснавана ў 1942 як вышэйшы палітычны прадстаўнічы орган, які аб’ядноўваў усе патрыят. сілы Югаславіі для барацьбы супраць фаш. акупантаў. У ліст. 1943 пераўтворана ў вярх. заканад. орган краіны; выбраны Прэзідыум веча і створаны Нац. к-т вызвалення Югаславіі — часовы рэв. ўрад на чале з І.Броз-Ціта. У жн. 1945 перайменавана ў Часовую нар. скупшчыну, якая дзейнічала да выбараў ва Устаноўчую скупшчыну ў ліст. 1945.

т. 1, с. 401