АНТЫСТА́ТЫКІ,

хімічныя злучэнні, якія зніжаюць статычную электрызацыю палімерных рэчываў. Дзеянне антыстатыкаў павышае электраправоднасць сінт. матэрыялаў і абумоўлівае ўцечку зараду з іх. Як антыстатыкі выкарыстоўваюцца высокадысперсныя электраправодныя рэчывы (напр., сажа, графіт, аксіды металаў), паверхнева-актыўныя рэчывы, плёнкаўтваральныя палімеры (напр., поліакрылавая кіслата, полістыролсульфакіслата). Антыстатыкі наносяць на паверхню сінт. валокнаў, пластмасаў, тэкст. вырабаў ці ўводзяць у састаў матэрыялу (да 50% ад масы). Статычная (наведзеная) электрычнасць дрэнна ўплывае на чалавека (выклікае стомленасць і дыскамфорт), на паказанні высокаадчувальнай электроннай апаратуры. Для бытавых патрэб пажаданы выпуск антыстатыкаў у выглядзе аэразоляў.

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)