АНТЫФАШЫ́ЗМ,

ідэйна-паліт. плынь і грамадскі рух прадстаўнікоў грамадства, паліт. сіл розных светапоглядаў і ідэалогій, а таксама палітыка дэмакр. урадаў, накіраваная супраць фашызму. Узнік у Еўропе на пач. 1920-х г., каб процідзейнічаць уплыву фаш. арг-цый і партый на паліт. жыццё і дзярж. ўладу. Значнага размаху дасягнуў з устанаўленнем у 1930-я г. адкрытых фашысцкіх дыктатур у Германіі, Італіі, Іспаніі, актывізацыяй фаш. сіл у шэрагу інш. еўрап. краін. У 2-ю сусв. вайну антыфашызм з’явіўся асновай антыгітлераўскай кааліцыі, вызв. барацьбы народаў свету супраць дзяржаў «восі» (Германія, Італія, Японія). Пасля вайны антыфашызм садзейнічаў пераадоленню рэшткаў фашызму ў грамадскім жыцці, нац. аднаўленню і адраджэнню. Захоўвае значэнне як сродак процідзеяння неафашызму.

В.І.Боўш.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)