Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«АМО́КА»

(Amoco),

нафтавая манаполія ЗША. Засн. ў 1889, да 1985 наз. «Стандарт ойл компані (Індыяна)». Здабыча нафты 40 млн. т за год, з іх 45% у ЗША, перапрацоўка 44,1 млн. т (1988).

т. 1, с. 320

АМО́Н,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог сонца. Лічыўся апекуном г. Фівы. Амон разам з жонкай, багіняй неба Мут, і сынам, богам месяца Хансу, складалі т.зв. фіванскую трыяду. Амон уяўляўся ў выглядзе чалавека (часам з галавой барана) у кароне з двума высокімі пёрамі і сонечным дыскам; шанаваўся як мудры бог, нябесны заступнік, абаронца прыгнечаных.

т. 1, с. 320

АМОНАІДЭ́І

(Ammonoidea),

выкапнёвыя малюскі; гл. Аманіты.

т. 1, с. 320

АМО́НІЙ,

амонію катыён, складаны катыён агульнай формулы [RR​1NR​2R​3]​+, дзе R, R​1, R​2, R​3 — вадарод, алкіл, арыл. Катыён [NH4]​+, які існуе ў водных растворах аміяку, у саставе малекул неарган. і арган. злучэнняў адыгрывае ролю аднавалентнага металу, напр. гідраксід амонію (NH4OH), сульфат амонію [(NH4)2SO4], ацэтат амонію (CH3COONH4) і інш. Амоній з алкіл- і арыл-радыкаламі — катыён амоніевых соляў (гл. Амонію злучэнні).

т. 1, с. 320

АМО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,

аспектны даведнік, які апісвае пары і групы амонімаў. У артыкулах амонімаў слоўніка падаюцца семантычныя, граматычныя, спалучальныя, стылістычныя і інш. адрозненні паміж словамі ў аднолькавых парах і групах амонімаў (у адрозненне ад інш. слоўнікаў, дзе загаловачнае слова-амонім толькі пазначаецца надрадковай арабскай лічбай). Напр., «Слоўнік амонімаў беларускай мовы» В.Дз.Старычонка (1991) змяшчае 1265 аманімічных пар і груп слоў у асн. частцы і больш як 750 у раздзеле «Субстантыўная аманімія». Для практычнага вырашэння праблем міжмоўнай аманіі (і параніміі) створаны спец. слоўнік дыферэнцыяльнага тыпу: «Кароткі дыферэнцыяльны руска-беларускі слоўнік» у кн. «Беларуская мова для небеларусаў» А.А.Крывіцкага, А.Я.Міхневіча і А.І.Падлужнага (3-е выд., 1990), «Міжмоўныя амонімы і паронімы. Спроба руска-беларускага слоўніка» С.М.Грабчыкава (1980), «Беларуска-рускі паралексічны слоўнік-даведнік» (1985) і інш.

В.К.Шчэрбін.

т. 1, с. 320

АМО́НІМЫ

(ад гама + грэч. onyma імя),

словы, што супадаюць у гучанні і напісанні, але маюць рознае значэнне. Гл. ў арт. Аманімія.

т. 1, с. 320

АМО́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні з зараджаным атамам азоту (амонію катыёнам), які кавалентна звязаны з вадародам ці арган. радыкаламі і іоннай сувяззю з аніёнам. Найпрасцейшыя неарганічныя амонію злучэнні — гідраксід амонію (NH4OH) і солі амонію: хлорысты амоній (NH4Cl), нітрат амонію (NH4NO3) і інш. Гідраксід амонію атрымліваюць растварэннем аміяку ў вадзе; пры дысацыяцыі праяўляе ўласцівасці слабай асновы. Большасць соляў амонію раствараюцца ў вадзе, дысацыіруюць, гідралізуюцца, пры награванні раскладаюцца. Гідроліз і тэрмічнае раскладанне іх залежыць ад прыроды аніёна, напр. NH4Cl раскладаецца па схеме: NH4Cl=NH3+HCl; у солях з аніёнам-акісляльнікам адбываецца акісляльна-аднаўляльны працэс, напр. NH4NO3=N2O+2H2O. Солі амонію маюць шырокае выкарыстанне: хлорысты амоній — у сухіх батарэях, як флюс для пайкі і зварвання металаў, дымаўтваральнік; сульфат і нітрат — азотныя ўгнаенні, нітрат — кампанент выбуховых рэчываў; гідракарбанат амонію выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці. Да арганічных амонію злучэнняў належаць першасныя [RNH3]​+X​-, другасныя [R2NH2]​+X​-, трацічныя [R3NH]​+X​- і чацвярцічныя амоніевыя солі [R4N]​+X​-, унутраныя чацвярцічныя амоніевыя солі, напр. бетанін (CH3)3N​+CH2COO​-, оніевыя злучэнні з атамам азоту. Найб. распаўсюджаныя чацвярцічныя амоніевыя солі, якія атрымліваюць алкіліраваннем (кватэрнізацыяй) трацічных амінаў. Злучэнні хоць з адным доўгім алкільным радыкалам валодаюць паверхневаактыўнымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца як эмульгатары, стабілізатары, змочвальнікі, дэзінфекцыйныя сродкі, лек. прэпараты (метацын, кватэрон), пры амыленні тлушчаў. Сустракаюцца ў прыродзе ў раслінах (алкалоіды); халін, ацэтылхалін — фізіялагічна актыўныя рэчывы.

Літ.:

Общая органическая химия. Т. 3. М., 1982.

т. 1, с. 320

АМО́РФНЫЯ МО́ВЫ,

тое, што коранеізаляваныя мовы.

т. 1, с. 321

АМО́РФНЫ СТАН

(ад а... + грэч. morphē форма),

няўстойлівы стан цвёрдага рэчыва, характэрная асаблівасць якога — адсутнасць строгай паўтаральнасці структурных элементаў (неўпарадкаванасць размяшчэння атамаў і малекул) і натуральная ізатрапія яго фіз. уласцівасцяў. Аморфныя цвёрдыя целы павольна крышталізуюцца, не маюць пастаяннай т-ры плаўлення (пры павышэнні т-ры размякчаюцца). Уласцівы многім прыродным (бурштын, смолы) і штучным (плаўлены кварц, шкло, пластмасы і інш.) рэчывам.

т. 1, с. 321

АМО́САЎ Мікалай Міхайлавіч

(н. 6.12.1913, с. Альховае Валагодскай вобл., Расія),

украінскі хірург. Акад. АН Украіны (1969), чл.-кар. АМН СССР (1961), засл. дз. нав. Украіны (1959), Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Архангельскі мед. ін-т (1939). З 1952 узначальваў клініку грудной хірургіі, з 1983 дырэктар Ін-та сардэчна-сасудзістай хірургіі ў Кіеве. Навук. працы па пытаннях хірургіі сэрца і лёгкіх, біял. і мед. кібернетыцы. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана дыягностыка парокаў сэрца з дапамогай ЭВМ, створана дзеючая фізіял. мадэль «унутранага асяроддзя арганізма» чалавека і інш. Аўтар літ. тв. «Думкі і сэрца» (1965), «Запіскі з будучыні» (1967) і інш. Ленінская прэмія 1961, Дзярж. прэмія Украіны 1978.

Тв.:

Операции на сердце с искусственным кровообращением. Киев, 1962 (разам з І.Л.Лісавым, Л.М.Сідарэнка);

Хирургия пороков сердца. Киев, 1969 (разам з Я.А.Бендэтам);

Физическая активность и сердце. 2 изд. Киев, 1984 (з ім жа).

т. 1, с. 321