Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТУВІ́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

у гарах Паўд. Сібіры, Рэспубліка Тыва, у Расіі. Абмежавана хрыбтамі Зах. Саяна, Алтая, Тану-Ала і гарамі Усх. Тывы. Даўж. каля 400 км, шыр. да 70 км. выш. 600—900 м. Рэльеф раўнінны, месцамі драбнасопачны; нізкагорным масівам Адар-Даш падзелена на зах. — Хемчыкскую і ўсх. — Улуг-Хемскую катлавіны. Дрэніруецца р. Верхні Енісей (Улуг-Хем) з прытокам Хемчык. Занята злакава-палыновымі і караганнікавымі стэпамі, часткова разарана (пасевы пшаніцы, ячменю, проса).

т. 16, с. 21

ТУВІ́НЦЫ (саманазва тыва),

народ, асн. насельніцтва Тывы (198,4 тыс. чал.). У Рас. Федэрацыі 206,2 тыс. чал. (1992). Агульная колькасць — 207 тыс. чал. (1992). Жывуць таксама ў Манголіі і Кітаі. Гавораць на тувінскай мове (належыць да цюркскіх моў). Вернікі пераважна ламаісты.

т. 16, с. 21

ТУГАІ́ (ад цюрк. тугай — лес, лясныя зараснікі),

такаі, поймавыя лісцевыя лясы і хмызнякі ўздоўж рачных далін у паўпустыннай і пустыннай зонах; разнавіднасць галерэйных лясоў. Густыя, цяжкапраходныя зараснікі з таполі, вярбы, тамарыску, лоху, абляпіхі і інш., абвітыя ліянамі. Берагі рэк і старыц укрыты трыснягом. У Т. водзяцца дзікі, тугайны алень, шакалы, чаротавы кот, фазаны і інш. У выніку гасп. асваення плошчы Т. скарачаюцца. Тэрмін пашыраны ў Сярэдняй і Цэнтр. Азіі.

т. 16, с. 21

Тугай Уладзімір Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 463

ТУГА́НАВІЦКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18—19 ст. за 1 км ад в. Карчова Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Створана на левым беразе р. Сэрвач, у б. маёнтку кн. Тугана. Належала панам Верашчакам. У параднай ч. парку былі размешчаны невял. класіцыстычны сядзібны дом з мансардай і тэрасай на 4 слупах, флігель з мураваным ганкам і аранжарэя; ва ўзгорыстай паўн.-зах. частцы парку — капліца-пахавальня, абсаджаная па перыметры дубамі (разбурана ў 1914). На асн. дарозе праз парк знаходзілася альтанка (т. зв. альтанка Марылі, не захавалася), абсаджаная ліпамі. Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 5 га. Асн. элементы кампазіцыі — паляны з курцінамі і далёкімі перспектывамі навакольнага ландшафту. У паўд.-ўсх. частцы — 2 сажалкі. Парк моцна пашкоджаны ў 1-ю сусв. вайну. У 1930-я г. праведзены работы па яго добраўпарадкаванні. Растуць ясень, клён, вярба, дуб, ліпа еўрапейская і інш. мясц. пароды дрэў.

У 1815—20 у гаспадароў сядзібы часта гасцявалі А.​Міцкевіч, Т.​Зан, Я.​Чачот, І.​Дамейка. Лета 1818 у Туганавічах прайшло пад знакам рамант. пачуцця дачкі гаспадыні маёнтка Марылі Верашчакі і маладога Міцкевіча. Трагічная гісторыя гэтага кахання зрабіла вял. ўплыў на творчасць паэта. Паводле сцвярджэнняў даследчыкаў, апісанае ў паэме «Пан Тадэвуш» Сапліцова цалкам адпавядае тапаграфіі Т.с. З Туганавічамі звязаны некат. падзеі нац.-вызв. паўстання 1863—64, на патрэбы якога М.​Верашчака прадала ч. маёнтка. Тут працавала зброевая майстэрня, прадукцыя перапраўлялася ў цэнтр — в. Мілавіды. Уладальнік сядзібы К.​Туганоўскі падтрымліваў сувязі з К.​Каліноўскім, дапамагаў яму.

В.​Р.​Анціпаў.

Туганавіцкая сядзіба. З гравюры 19 ст.

т. 16, с. 21

ТУГА́Н-БАРАНО́ЎСКІ Міхаіл Іванавіч (8.1.1865, Харкаўская вобл., Украіна — 21.1.1919),

расійскі і ўкр. эканаміст, гісторык, грамадскі дзеяч і публіцыст; прадстаўнік «легальнага марксізму». Акад. АН Украіны (1919). Скончыў Харкаўскі ун-т (1888). У 1895—99 і 1905 у Пецярбургскім ун-це, з 1913 — праф. Пецярбургскага політэхн. ін-та. У 1905—07 у партыі кадэтаў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 на Украіне: міністр фінансаў ва ўрадзе ўкр. Цэнтр. рады, праф. Кіеўскага ун-та. Адзін з арганізатараў АН Украіны. Навук. працы па праблемах паліт. эканоміі, гісторыі рас. прам-сці, каап. руху. У кн. «Руская фабрыка ў мінулым і сучасным» (1898) крытыкаваў народнікаў па пытаннях эканам. развіцця Расіі. У працы «Тэарэтычныя асновы марксізму» (1905) абвясціў тэорыю К.​Маркса толькі «часткова правільнай» і адным з першых выступіў за спалучэнне марксісцкай тэорыі прац. вартасці і тэорыі гранічнай карыснасці. Лічыў, што капіталізм здольны да безупыннага развіцця і самакарэкціравання, а неабходнасць пераходу ад капіталізму да сацыялізму бачыў ў сферы маралі, а не ў сферы аб’ектыўных законаў.

Тв.:

Современный социализм в своем историческом развитии. СПб., 1906;

Социальная теория распределения. СПб., 1913;

Очерки из новейшей истории политической экономии и социализма. 5 изд. СПб., 1914;

Социальные основы кооперации. М., 1916;

Влияние идей политической экономии на естествознание и философию. Киев. 1925.

т. 16, с. 21

ТУГАПЛА́ЎКІЯ ГЛІ́НЫ,

асадкавыя тонкадысперсныя горныя пароды. Характарызуюцца вял. колькасцю гліназёму (20—42%), высокімі сувязнымі ўласцівасцямі і пластычнасцю. Маюць полімінеральны састаў і вогнетрываласць 1350—1580 °C. На Беларусі радовішчы Т.г. азёрнага паходжання, палеаген-неагенавага ўзросту (Гарадок, Гарадная, Глінка, Столінскія хутары і інш.) з запасамі да 60 млн. т. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці сценавых і абліцовачных блокаў, каналізацыйных і дрэнажных труб, цэглы, фармовачнага матэрыялу і інш. Гл. таксама Вогнетрывалыя гліны, Гліна, Легкаплаўкія гліны, Неметалічныя карысныя выкапні.

т. 16, с. 22

ТУГАПЛА́ЎКІЯ МЕТА́ЛЫ,

група каляровых металаў, т-ра плаўлення якіх вышэйшая за т-ру плаўлення жалеза (1535 °C). Да Т.м. адносяць вальфрам, ванадый, гафній, малібдэн, ніобій, рэній, тантал, тытан, хром, цырконій. Тугаплаўкімі з’яўляюцца металы плацінавай групы, аднесеныя (паводле тэхн. класіфікацыі) да высакародных металаў.

т. 16, с. 22

ТУ́ГЛАС (Tuglas) Фрыдэберт (2.3.1886, мяст. Ах’я, цяпер Пылваскі пав., Эстонія — 15.4.1971),

эстонскі пісьменнік, літаратуразнавец. Нар. пісьменнік Эстоніі (1946). Чл.-кар. АН Эстоніі (з 1946). Адзін з кіраўнікоў літ. групы «Маладая Эстонія» (1905—15). У 1906—17 у эміграцыі. Друкаваўся з 1901. Зазнаў уплыў сімвалістаў (зб. навел «Пясочны гадзіннік». 1913). Аўтар рамана «Фелікс Ормуссан» (1915), зб-каў фантастыкі «Лёс» (1917), «Меланхолія» (1920), «Вандраванне душ» (1925), мініяцюр «Маргіналіі» (1966). У рамане «Маленькі Іллімар» (1937) успаміны дзяцінства. Аўтар літ. даследаванняў, артыкулаў і эсэ пра эст. і замежных пісьменнікаў, кн. «Крытычны рэалізм» (1947) і інш. На бел. мову яго асобныя навелы пераклалі У.​Паўлаў, С.​Шупа.

Тв.:

Рус. пер. — Маленький Иллимар. М., 1959;

К своему солнцу. М., 1963;

Золотой обруч. М., 1968.

т. 16, с. 22

ТУ́ДЖМАН (Tudjman, Tudman) Франьё (14.5.1922, Вяліка-Трговішча, Харватыя — 10.12.1999), харвацкі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Ген.-маёр (1960), д-р гіст. навук. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. партыз. руху.

Пасля 1945 служыў у югасл. Мін-ве абароны і Генштабе. З 1961 вучыўся ў Заграбскім ун-це, з 1963 выкладаў у ім, потым дырэктар Ін-та гісторыі харвацкага рабочага руху (г. Заграб), У 1967 за выступленні ў абарону самабытнасці харвацкай мовы звольнены з працы і выключаны з Саюза камуністаў Югаславіі. Да 1969 выбіраўся дэпутатам харвацкага Сабара (парламента). У 1971—73 зняволены югасл. ўладамі за «контррэв. дзейнасць», у 1981—84 — за «антыдзярж. прапаганду». У 1989 заснаваў Харвацкую дэмакр. садружнасць (з 1998 старшыня гэтай партыі). З мая 1990 старшыня Дзярж. прэзідыума, са жн. 1992 прэзідэнт Харватыі. Устанавіў у краіне аўтакратычны рэжым. Аўтар шэрагу кніг.

М.​С.​Даўгяла.

Ф.Туджман.

т. 16, с. 22