ТУ́ДЖМАН (Tudjman, Tudman) Франьё (14.5.1922, Вяліка-Трговішча, Харватыя — 10.12.1999), харвацкі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Ген.-маёр (1960), д-ргіст.навук. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. партыз. руху.
Пасля 1945 служыў у югасл. Мін-ве абароны і Генштабе. З 1961 вучыўся ў Заграбскім ун-це, з 1963 выкладаў у ім, потым дырэктар Ін-та гісторыі харвацкага рабочага руху (г. Заграб), У 1967 за выступленні ў абарону самабытнасці харвацкай мовы звольнены з працы і выключаны з Саюза камуністаў Югаславіі. Да 1969 выбіраўся дэпутатам харвацкага Сабара (парламента). У 1971—73 зняволены югасл. ўладамі за «контррэв. дзейнасць», у 1981—84 — за «антыдзярж. прапаганду». У 1989 заснаваў Харвацкую дэмакр. садружнасць (з 1998 старшыня гэтай партыі). З мая 1990 старшыня Дзярж. прэзідыума, са жн. 1992 прэзідэнт Харватыі. Устанавіў у краіне аўтакратычны рэжым. Аўтар шэрагу кніг.