БУШУ́К Барыс Анатолевіч
(н. 2.10.1946, Берлін),
бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па лазернай фізіцы і фатоніцы малекул. Распрацаваў метады даследавання механізмаў звышхуткіх міжмалекулярных працэсаў складаных арган. структур у кандэнсаваных асяроддзях. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
т. 3, с. 367
БУ́ШЧЫК Мікалай Уладзіміравіч
(н. 22.5.1948, в. Дзераўная Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). У 1975—81 выкладчык БПІ. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны («Які прыгожы гэты свет», 1976; «Узыходжанне» і «Трынаццаць», 1992), партрэта (Флора Дуднік, 1986, М.А.Каралькоў, 1995), пейзажа («Вечар у вёсцы», 1978, «Прастора», 1990, «Тумановы ранак», 1994) і інш. Дамінуючымі ў творчасці з’яўляюцца адвечныя пытанні філасофіі быцця, унутраны свет чалавека («Прысвячэнне Ефрасінні Полацкай», 1995, і ІНШ.).
Н.В.Федасеенка.
т. 3, с. 368
БУШЭ́
(Boucher) Франсуа (29.9.1703, Парыж — 30.5.1770),
французскі жывапісец. Прадстаўнік ракако. З 1765 дырэктар Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы і «першы жывапісец караля». Зазнаў уплыў К.Вато. Пісаў плафоны, пано, карціны з міфалагічнымі, пастаральнымі і жанравымі сцэнамі, партрэты, ідылічныя пейзажы («Від у ваколіцах Бавэ», «Геркулес і Амфала», «Купанне Дыяны», 1742), выконваў эскізы шпалераў, тэатр. дэкарацыі. У позніх творах узмацніліся дэкаратыўнасць, эротыка, «фарфоравасць» фігур.
Літ.:
Ф.Буше: Альбом. М., 1978.
т. 3, с. 368
БУШЭ́ ДЭ ПЕРТ
(Boucher de Perthes) Жак (10.9.1788, г. Рэтэль, Францыя — 5.8.1868),
французскі археолаг. Адкрыў самую стараж. эпоху ў гісторыі чалавецтва — палеаліт. Сабраў вял. калекцыю палеалітычных прылад працы, сцвярджаў, што імі карысталіся людзі — сучаснікі маманта і інш. вымерлых жывёл. Думкі Бушэ дэ Перта супярэчылі поглядам тагачасных палеантолагаў. Толькі ў 1860-я г. дарвіністы ацанілі яго адкрыццё.
Тв.:
Antiquités celtiques et antédiluviennes. Vol. 1—3. Paris, 1847—64;
De l’homme antédiluvien. Paris, 1860.
т. 3, с. 368