Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БУСО́ЛЬ

(франц. boussole),

геадэзічны інструмент для вымярэння гарызантальных вуглоў паміж магнітным мерыдыянам і напрамкам на які-н. прадмет. Асн. часткі бусоля — магнітная вярчальная стрэлка, кольца з градуснымі дзяленнямі, дыёптры або аптычная труба для навядзення на прадмет. Выкарыстоўваюць пры правядзенні тапаграфічных і геадэзічных работ, таксама ў артылерыі (артыл. бусоль) для кіравання агнём, цэлеўказання і інш., пры правядзенні маркшэйдэрскіх здымак, арыенціроўцы горных вырабатак.

т. 3, с. 357

БУСО́ЎНЯ,

гл. Сцернік.

т. 3, с. 357

БУСТАМА́НТЭ-І-СІРВЕ́Н

(Bustamante y Sirvén) Антоніо Санчэс дэ (13.4.1865, Гавана — 24.8.1951),

кубінскі юрыстміжнароднік, дыпламат. Праф. міжнар. права і ганаровы дэкан юрыд. ф-та Гаванскага ун-та. Прадстаўнік Кубы на 2-й Гаагскай канферэнцыі міру 1907, на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919 і на 6-й Панамерыканскай канферэнцыі 1928. Аўтар прац па міжнар. публічным і міжнар. прыватным праве, у т. л. Бустамантэ кодэкса.

т. 3, с. 357

БУСТАМА́НТЭ КО́ДЭКС,

адна з найбольш значных кадыфікацый міжнар. прыватнага права. Прыняты 20.2.1928 у Гаване на 6-й Панамерыканскай канферэнцыі. Названы па прозвішчы складальніка — А.Бустамантэ-і-Сірвена. Уключае 437 артыкулаў, у якіх разглядаюцца пытанні міжнар. цывільнага, гандлёвага, крымінальнага права і міжнар. працэсу. Б.к. ратыфікаваны шэрагам амер. краін, у інш. выкарыстоўваецца судамі пры «мэтазгоднасці».

т. 3, с. 357

БУ́СТЭР

(англ. booster),

дапаможнае прыстасаванне для павелічэння сілы і скорасці дзеяння асноўнага механізма або машыны ў моманты асабліва вял. нагрузак. Напр., гідраўлічнае, эл. або пнеўматычнае прыстасаванне ў сістэме кіравання рулямі скорасных самалётаў; стартавы паскаральнік, першая ступень многаступеньчатай ракеты; прамежкавы паскаральнік зараджаных часціц; дадатковая крыніца эл. току (у т. л. трансфарматар), што ўключаецца для стабілізацыі эл. напружання ў сетках.

т. 3, с. 358

БУСУЁК

(Busujok) Аўрэліу Аляксандравіч (н. 26.10.1928, с. Кадранка Страшанскага р-на, Малдова),

малдаўскі пісьменнік. Аўтар паэт. зб-каў «Камень спатыкнення» (1958), «Рэдкая кветка» (1961), «Туга», «Каханне» (абодва 1963), «У белым і чорным» (1977) і інш. У рамане «Адзін перад тварам кахання» (1966) — маральна-этычныя праблемы, сцвярджэнне сапраўдных духоўных каштоўнасцей, у рамане «Мой парыжскі дзядзя» (1973) — праблемы выхавання, пошуку месца ў жыцці. Драматург, перакладчык. Пераклаў на малд. мову асобныя творы Я.Купалы.

т. 3, с. 358

БУСЫ́РСКІ Аляксандр Сяргеевіч

(24.12.1806 — пасля 1845),

бел. архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1830). У 1833—37 магілёўскі губ. архітэктар. Па яго праектах у Магілёве пабудаваны флігелі ваен. шпіталя (1833) і да палаца ў сядзібе «Піпенберг» (1836), павятовае і прыходскае вучылішчы (1834; усе не зберагліся).

т. 3, с. 358

БУСЬКО́ Мікола

(Мікалай Іосіфавіч; н. 27.9.1940, в. Пагарэлка Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прам-сці (1962) і Маскоўскі нар. ун-т мастацтваў (1967). Друкуецца з 1970. У зб-ках вершаў «У Нёмна на плячах» (1986), «Сузор’е Шаляў» (1995) паэт. асэнсаванне гіст. вопыту, урокаў вайны і міру. Вершам уласцівы лірычная спавядальнасць, багатая вобразнасць, назіральнасць, трапнасць дэталяў. Піша таксама для дзяцей (зб-кі «Ад галінкі да сучка — тэлефон у павучка», 1993; «Шасцікрылец Хмарагон», 1996).

т. 3, с. 358

Бусько Віталь Мікалаевіч

т. 18, кн. 1, с. 356

БУ́СЯЖ,

вёска ў Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр Мілейкаўскага с/с і калгаса. За 22 км на ПнЗ ад г. Івацэвічы, 146 км ад Брэста, 18 км ад чыг. ст. Косава-Палескае. 220 ж., 77 двароў (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1779).

т. 3, с. 358